Яна 20 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Пятроўскага
У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы.
Рана на золаку першага дня тыдня Марыя Магдалена прыходзіць да гробу, калі яшчэ было цёмна, і бачыць, што камень ад гробу адвалены,
Тады пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!»
Яна бяжыць і прыходзіць да Сымона Пётры і другога вучня, каторага любіў Ісус, і кажа ім: узялі Госпада з магілы і ня ведаем, дзе палажылі Яго.
Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы.
Зараз-жа выйшаў Пётра і другі вучань і пайшлі ў напрамку магілы.
Пабеглі абодва разам. Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы.
І абодва беглі разам, але другі вучань бег хутчэй, чымся Пётра, і прыйшоў да магілы першы.
Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў.
І, нахіліўшыся, убачыў лёжачыя палотны, але не ўвайшоў.
Тады прыйшоў услед за ім Сымон Пётр, увайшоў у магілу і ўбачыў палотны, якія там ляжалі,
Зараз за ім прыходзіць Сымон Пётра і ўваходзіць у магілу і бачыць палотны лежачыя.
і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы.
І хустку, што была не галаве Ягонай, не разам з палотнамі, але складзеную асобна.
Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, убачыў і паверыў.
Тады ўвайшоу і другі вучань, што раней прыйшоў да магілы, і убачыў і паверыў,
Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.
Бо яны яшчы ня ведалі Пісаньня, што Яму належала ўуваскрэснуць зь мертвых.
Так вучні зноў вярнуліся да сябе.
Тады вучні зноў вярнуліся дамоў.
Марыя стаяла каля магілы і плакала. Калі ж плакала, зазірнула ў магілу
Але Марыя стаяла ля магілы і плакала; і калі плакала, нагнулася да магілы,
і ўбачыла двух анёлаў у белым адзенні, якія сядзелі адзін каля галавы, а другі каля ног, дзе ляжала цела Езуса.
І бачыць двух анялаў у белым адзеньні седзячых, адзін ля ўзгалоўя, а другі ля ног, дзе лежала цела Ісусава.
Яны сказалі ёй: «Жанчына, чаго ты плачаш?» Яна адказала ім: «Забралі майго Пана, і не ведаю, дзе паклалі Яго».
І яны кажуць ёй: жанчына, чаго ты плачаш? Яна кажа ім: забралі Госпада майго, і ня ведаю, дзе палажылі Яго.
Калі гэта сказала, азірнулася і ўбачыла Езуса, які стаяў, але не ведала, што гэта Езус.
Сказаўшы гэта, яна абярнулася назад і ўбачыла, што Ісус стаіць, але не пазнала, што гэта Ісус.
Сказаў ёй Езус: «Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?» Яна, думаючы, што гэта садоўнік, сказала Яму: «Пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго».
Ісус кажа ёй: жанчына, чаго ты плачаш? каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: гаспадару, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты палажыў Яго, і я вазьму Яго.
Езус сказаў ёй: «Марыя!» А яна азірнулася і сказала Яму па-габрэйску: «Раббуні!» (што азначае «Настаўнік»).
Ісус кажа ёй: Марыя! Яна абярнуўшыся кажа Яму па-гэбрэйску: Раббуні што значыць: Вучыцелю!
Сказаў ёй Езус: «Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага».
Ісус кажа ёй: не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца Майго, але ідзі да братоу Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і Бога Майго і Бога вашага.
Пайшла Марыя Магдалена абвясціць вучням, што бачыла Пана і тое, што Ён сказаў ёй.
Марыя Магдалена ідзе і апавяшчае вучням, што бачыла Госпада і, што Ён гэта сказаў Ён.
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!»
Увечары таго дня, што быў першым днём тыдня, калі дзьверы дому, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі запертыя з прычыны страху перад Юдэямь, прыйшоў Ісус і стануў пасярэдзіне, і кажа: супакой вам!
Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана.
І сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі і бок Свой. Угледзіўшы Госпада, вучні ўсьцешыліся.
Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас».
Тады зноў сказаў ім Ісус: супакой вам! Як паслаў Мяне Ацец, гэтак і Я пасылаю вас.
Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога.
Сказаўшы, гэта, Ён дыхнуў на іх, і кажа ім: Прыймеце Духа Сьвятога.
Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».
Каму даруеце грахі, таму будуць дараваныя; на кім пакінеце, на тым астануцца.
Тамаш, адзін з Дванаццаці, якога звалі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус.
Але Хама, адзін зь дванаццацёх, званы Блізьнюк, ня быў тут зь імі, калі прыходзіў Ісус.
Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана!» Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу».
Іншыя вучні казалі яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбачу на руках Ягоных знакаў ад гваздоў, і не ўкладу пальца свайго ў раны ад гваздоў, і не ўкладу рукі свае ў бок Ягоны, не паверу.
Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, Езус прыйшоў, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!»
Пасьля васьмі дзён ізноў былі ў доме вучні Ягоныя і Хама зь імі. Прыходзіць Ісус пры запертых дзьвярох, стануў пасярэдзіне і сказаў: супакой вам!
Потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!»
Тады кажа да Хамы: дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўлажы ў бок Мой; і ня будзь няверуючым, але веруючым.
У адказ Тамаш сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!»
Хама адказаў Яму і сказаў: Госпадзе мой і Божа мой!
Езус сказаў яму: «Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!»
Ісус сказаў яму: ты, Хама, паверыў, бо бачыу Мяне; добраслаўленыя тыя, што ня бачылі і паверылі.
Шмат іншых знакаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі.
І шмат зрабіў перад вучнямі Сваімі іншых цудаў, якія ня ўпісаны ў гэтую кнігу.
Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус — гэта Хрыстус, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.
Але гэтыя напісаны, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы і, веруючы, мелі жыцьцё ў імя Ягонае.