Яна 20 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

Першага ж дня тыдня Марыя Магдалена прыходзе да гробу рана нараніцы, як яшчэ было цемна, і бача — камень адкочаны ад гробу.
 
Рана на золаку першага дня тыдня Марыя Магдалена прыходзіць да гробу, калі яшчэ было цёмна, і бачыць, што камень ад гробу адвалены,

Дык бяжыць і прыходзе да Сымона Пётры а да другога вучаніка, каторага любіў Ісус, і кажа ім: «Узялі Спадара з гробу, і ня ведаем, ідзе паклалі».
 
Яна бяжыць і прыходзіць да Сымона Пётры і другога вучня, каторага любіў Ісус, і кажа ім: узялі Госпада з магілы і ня ведаем, дзе палажылі Яго.

Тады вышаў Пётра а другі вучанік і прышлі да гробу.
 
Зараз-жа выйшаў Пётра і другі вучань і пайшлі ў напрамку магілы.

І абодва беглі разам, але другі вучанік бег баржджэй за Пётру, і прышоў да гробу першы.
 
І абодва беглі разам, але другі вучань бег хутчэй, чымся Пётра, і прыйшоў да магілы першы.

І, нахінуўшыся, абачыў палотны лежачыя; але ня ўвыйшоў.
 
І, нахіліўшыся, убачыў лёжачыя палотны, але не ўвайшоў.

Тады прыходзе Сымон Пётра, ідучы за ім, і ўвыйшоў у гроб, і бача палотны лежачыя.
 
Зараз за ім прыходзіць Сымон Пётра і ўваходзіць у магілу і бачыць палотны лежачыя.

А хустку, што была на галаве Ягонай, не з палотнамі лежачую, але складзеную асобна.
 
І хустку, што была не галаве Ягонай, не разам з палотнамі, але складзеную асобна.

Тады ўвыйшоў і другі, што ўперад прышоў да гробу, і абачыў, і ўверыў.
 
Тады ўвайшоу і другі вучань, што раней прыйшоў да магілы, і убачыў і паверыў,

Бо яны яшчэ ня зналі Пісьма, што Яму належыла ўскрэсьці зь мертвых.
 
Бо яны яшчы ня ведалі Пісаньня, што Яму належала ўуваскрэснуць зь мертвых.

Дык вучанікі пайшлі ізноў двору.
 
Тады вучні зноў вярнуліся дамоў.

Але Марыя стаяла знадворку ля гробу, плачучы. І як плакала, нахінулася да гробу.
 
Але Марыя стаяла ля магілы і плакала; і калі плакала, нагнулася да магілы,

І бача двух ангілаў, у белі седзячых, адзін ля ўзгалоўя, а другі ля ног, ідзе ляжала цела Ісусава.
 
І бачыць двух анялаў у белым адзеньні седзячых, адзін ля ўзгалоўя, а другі ля ног, дзе лежала цела Ісусава.

І яны кажуць ёй: «Жонка, чаго ты плачаш?» Кажа ім: «Бо ўзялі Спадара майго, і ня ведаю, ідзе паклалі Яго».
 
І яны кажуць ёй: жанчына, чаго ты плачаш? Яна кажа ім: забралі Госпада майго, і ня ведаю, дзе палажылі Яго.

Сказаўшы гэта, яна абярнулася назад і бача, што стаіць Ісус, але ня ведала, што гэта быў Ісус.
 
Сказаўшы гэта, яна абярнулася назад і ўбачыла, што Ісус стаіць, але не пазнала, што гэта Ісус.

Ісус кажа ёй: «Жонка, чаго ты плачаш? каго шукаеш?» Думаючы, што гэта гараднічы, кажа Яму: «Спадару, калі ты вынес Яго адгэтуль, скажы імне, ідзе паклаў Яго, і я вазьму Яго».
 
Ісус кажа ёй: жанчына, чаго ты плачаш? каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: гаспадару, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты палажыў Яго, і я вазьму Яго.

Кажа ёй Ісус: «Марыя!» Абярнуўшыся, яна кажа пагэбрэйску: «Рабуні!», што знача: «Вучыцелю!
 
Ісус кажа ёй: Марыя! Яна абярнуўшыся кажа Яму па-гэбрэйску: Раббуні што значыць: Вучыцелю!

Ісус кажа ёй: «Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ ня ўзьнёсься да Айца Свайго; але йдзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Свайго і да Айца вашага, і да Бога Свайго і да Бога вашага».
 
Ісус кажа ёй: не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца Майго, але ідзі да братоу Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і Бога Майго і Бога вашага.

Прыходзе Марыя Магдалена, наказуючы вучанікам, што бачыла Спадара, і Ён гэта сказаў ёй.
 
Марыя Магдалена ідзе і апавяшчае вучням, што бачыла Госпада і, што Ён гэта сказаў Ён.

Увечары таго дня, што быў першым днём тыдня, із страху перад Юдэямі, дзьверы былі замкнёныя, ідзе былі вучанікі, прышоў Ісус, і стаў пасярэдзіне, і кажа ім: «Супакой вам!»
 
Увечары таго дня, што быў першым днём тыдня, калі дзьверы дому, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі запертыя з прычыны страху перад Юдэямь, прыйшоў Ісус і стануў пасярэдзіне, і кажа: супакой вам!

І, сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі а бок. І ўсьцешыліся вучанікі, абачыўшы Спадара.
 
І сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі і бок Свой. Угледзіўшы Госпада, вучні ўсьцешыліся.

Тады сказаў ім узноў: «Супакой вам! як Мяне паслаў Айцец, і Я пасылаю вас».
 
Тады зноў сказаў ім Ісус: супакой вам! Як паслаў Мяне Ацец, гэтак і Я пасылаю вас.

І сказаўшы гэта, дыхнуў на іх, і кажа ім: «Прыйміце Духа Сьвятога.
 
Сказаўшы, гэта, Ён дыхнуў на іх, і кажа ім: Прыймеце Духа Сьвятога.

Каму даруеце грахі, дараваныя ім; каму задзяржыце, задзяржаныя».
 
Каму даруеце грахі, таму будуць дараваныя; на кім пакінеце, на тым астануцца.

Хама ж, адзін із двананцацёх, званы Блізьнюк, ня быў зь імі, як прыходзіў Ісус.
 
Але Хама, адзін зь дванаццацёх, званы Блізьнюк, ня быў тут зь імі, калі прыходзіў Ісус.

Казалі яму іншыя вучанікі: «Мы бачылі Спадара». Ён жа сказаў ім: «Калі не абачу на руках Ягоных знаку ад гваздоў, і не ўкладу палца свайго ў раны ад гваздоў, і не ўкладу рукі свае ў бок Ягоны, не паверу».
 
Іншыя вучні казалі яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбачу на руках Ягоных знакаў ад гваздоў, і не ўкладу пальца свайго ў раны ад гваздоў, і не ўкладу рукі свае ў бок Ягоны, не паверу.

І за восьмі дзён ізноў былі вучанікі ў доме, і Хама зь імі. Прыходзе Ісус, як дзьверы былі замкнёныя; і стаў пасярэдзіне, і сказаў: «Супакой вам!»
 
Пасьля васьмі дзён ізноў былі ў доме вучні Ягоныя і Хама зь імі. Прыходзіць Ісус пры запертых дзьвярох, стануў пасярэдзіне і сказаў: супакой вам!

Адлі кажа Хаме: «Выцягні палец свой сюды, і глянь на рукі Мае, і выцягні руку сваю, і ўкладзі ў бок Мой; і ня будзь нявернікам, але вернікам».
 
Тады кажа да Хамы: дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўлажы ў бок Мой; і ня будзь няверуючым, але веруючым.

Адказаў Хама і сказаў Яму: «Спадар мой і Бог мой!»
 
Хама адказаў Яму і сказаў: Госпадзе мой і Божа мой!

Кажа яму Ісус: «Ты ўверыў, бо абачыў Мяне; дабраславёныя, што ня бачылі і ўверылі».
 
Ісус сказаў яму: ты, Хама, паверыў, бо бачыу Мяне; добраслаўленыя тыя, што ня бачылі і паверылі.

Шмат іншых знакоў учыніў таксама Ісус перад вучанікамі Сваімі, каторыя не запісаныя ў кнізе гэтай.
 
І шмат зрабіў перад вучнямі Сваімі іншых цудаў, якія ня ўпісаны ў гэтую кнігу.

Але гэтыя запісаныя, каб вы верылі, што Ісус ё Хрыстос, сын Божы, і каб, верачы, мелі жыцьцё ў імя Ягонае.
 
Але гэтыя напісаны, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы і, веруючы, мелі жыцьцё ў імя Ягонае.