Яна 21 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

Просьле гэтага зьявіўся Ісус ізноў вучанікам ля мора Тыверадзкага. Зьявіўся ж гэтак:
 
Пасьля гэтага ізноў зьявіўся Ісус вучням ля мора Тыбэрыядзкага. Зьявіўся вось як:

Былі там разам Сымон Пётра а Хама, званы Блізьнюк, а Нафанайла з Каны Ґалілейскае а Зэведэенкі а двух іншых із вучанікаў Ягоных.
 
Былі разам Сымон Пётра і Хама, званы Блізьнюк, і Натанаіл з Каны Галілейскае, і сыны Зэбядзеявы, і двух іншых з вучняў Ягоных.

Сымон Пётра кажа ім: «Іду лавіць рыбу». Кажуць яму: «Ідзем і мы з табою». І вышлі, і селі да стругу, і тае ночы нічога не злавілі.
 
Сымон Пётра кажа ім: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: дзем і мы з табою. Пайшлі і зараз-жа увайшлі ў лодку, і не злавілі ў тую ноч нічога.

А рана нараніцы, яшчэ золкам, стаў Ісус на беразе; вучанікі, адылі, ня ведалі, што гэта быў Ісус.
 
Калі-ж ужо настала раніца, Ісус стаяў на беразе: але вучні не пазналі, што гэта Ісус.

Дык Ісус кажа ім: «Дзеці, ці маеце якую ежу?» Яны адказалі Яму: «Не».
 
Ісус кажа ім: дзеці, ці маеце вы якую-небудзь ежу? Яны адказалі Яму: не.

Ён жа сказаў ім: «Закіньце сець із правага боку струга, і знойдзеце». Яны закінулі, і ўжо не маглі выцягнуць яе з прычыны множасьці рыбы.
 
Ён-жа сказаў ім: закіньце сець з правага боку лодкі і зловіце. Яны закінул, ды ўжо не маглі выцягнуць сеці з прычыны вялікае колькасьці рыбы.

Кажа тады Пётру вучанік тый, каторага мілаваў Ісус: «Гэта Спадар». А Сымон Пётра, пачуўшы, што гэта Спадар, паперазаўся адзецьцям, — бо быў голы, — і кінуўся ў мора.
 
Тады вучань, каторага любіў Ісус, кажа Пётру: гэта Госпад. Сымон-жа Пётра, пачуўшы, што гэта Госпад, ахінуўся плашчам, бо быў голы, і кінуўся ў мора;

А іншыя вучанікі прыплылі ў лодцы, бо недалёка былі ад зямлі, локцяў каля дзьвесьце, цягнучы сець із рыбаю.
 
А іншыя вучні прыберазіліся ў лодцы, бо недалёка былі ад зямлі, локцяў каля дзьвесьце, цягнучы сець з рыбаю.

Як жа выселі на зямлю, бачаць цяпло з вугальля, і рыбу, на ім лежачую, і хлеб.
 
Калі-ж выйшлі на зямлю ўгледзелі раскладзены агонь і ўзложаную на ім рыбу і хлеб.

Кажа ім Ісус: «Прынясіце з тае рыбы, што вы злавілі цяпер».
 
Ісус кажа ім: Прынясеце з тае рыбы, што вы злавіллі цяперака.

Пайшоў Сымон Пётра й выцягнуў сець на зямлю, поўную вялікае рыбы, каторае было сто пяцьдзясят тры; і ач было толькі, сець не парвалася.
 
Сымон Пётра пайшоў і выцягнуў на бераг сець, поўную вялікае рыбы, лікам сто пяцьдзесят тры, і пры гэткім множстве сець не парвалася.

Кажа ім Ісус: «Ідзіце, сьнедайце». Ніхто, адылі, зь іх ня сьмеў папытацца ў Яго: «Хто Ты?» ведаючы, што гэта Спадар.
 
Ісус кажа ім: хадзеце і ешце. І ніхто з вучняў не адважыўся папытацца ў Яго: хто Ты? бо ўсе ведалі, што гэта Госпад.

Прыходзе Ісус, і бярэць хлеб, і даець ім, і рыбу таксама.
 
Тады прыходзіць Ісус, бярэ хлеб і дае ім; гэтаксама і рыбу.

Гэта ўжо трэйці раз зьявіўся Ісус вучанікам, ускрэсшы зь мертвых.
 
Гэта ўжо трэйці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрасеньня Свайго зь мертвых.

А як яны пасьнедалі, кажа Сымону Пётру Ісус: «Сымоне Ёнёнку, ці мілуеш ты Мяне балей, чымся гэтыя?» Кажа Яму: «Але, Спадару, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму: «Пасі ягняты Мае».
 
Пасьля таго, як яны кончылі есьць, Ісус кажа Сымону Пётру: Сымон, сын Ёнін! ці любіш ты Мяне болей, чымся яны? Пётра кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасі ягняты Мае.

Кажа яму другім наваратам: «Сымоне Ёнёнку, ці мілуеш ты Мяне?» Кажа Яму: «Але, Спадару, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму: «Будзь пастухом авец Маіх».
 
Яшчэ кажа другі раз: Сымон, сын Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётра кажа Яму: так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасі авечкі Мае.

Кажа яму трэйцім наваратам: «Сымоне Ёнёнку, ці любіш ты Мяне?» Засмуціўся Пётра, што Ён сказаў яму трэйці раз: «Ці любіш ты Мяне?» і сказаў Яму: «Спадару, Ты ўсе ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Ісус кажа яму: «Пасі авечкі Мае».
 
І кажа яму трэйці раз: Сымон, сын Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётра засмуціўся, што трэйці раз спытаўся у яго: ці любіш ты Мяне? і сказаў Яму: Госпадзе! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю Цябе! Ісус кажа яму: пасі авечкі Мае!

«Запраўды, запраўды кажу табе: як ты быў малодшы, ты папяразаваўся сам і йшоў, куды зычыў; але як застарэеш, выцягнеш рукі свае, і іншы папяража цябе й павядзець, куды ня зычыш».
 
Запраўды, запраўды кажу табе: калі ты быў малады, дык падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў, але калі састарэешся, выцягнеш рукі свае, і іншы цябе падперажэ і павядзе, куды ня будзеш хацець.

А гэта Ён сказаў, зазначаючы, якой сьмерцю ўславе ён Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: «Ідзі за Імною».
 
Гэта сказаў Ён, даючы зразумець, якою сьмерцяю Пётра праславіць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: ідзі за Мною.

Пётра, абярнуўшыся, бача йдучага за імі вучаніка, каторага мілаваў Ісус, і каторы на вячэры, нахінуўшыся да грудзёў Ягоных, сказаў: «Спадару, хто ізрадзе Цябе?»
 
Пётра-ж, аглянуўшыся, бачыць ідучага за ім вучня, каторага любіў Ісус, ды што на вячэры, прыпаўшы да грудзей Ягоных, сказаў: Госпадзе, хто прадасьць Цябе?

Абачыўшы яго, Пётра кажа Ісусу: «Спадару, а ён што?»
 
Убачыўшы яго, Пётра кажа Ісусу: а ён што?

Ісус кажа яму: «Калі Я зычу, каб ён застаўся, пакуль Я прыйду, што табе? ты за Імною йдзі».
 
Ісус кажа яму: калі Я хачу каб ён ператрываў, пакуль Я прыйду, дык што табе да гэтага: Ты ідзе за Мною.

Дык разышлося гэнае слова памеж братоў, што вучанік гэны не памрэць. Але не сказаў яму Ісус, што ён не памрэць, але: «Калі Я зычу, каб ён застаўся, пакуль Я прыйду, што табе?»
 
І разышлося гэтае слова між братоў, што вучань гэты не памрэ. Але Ісус не сказаў, што не памрэ, але: калі Я хачу, каб ён ператрываў, пакуль Я прыйду, дык што табе да гэтага?

Гэта тый вучанік, што сьветча праз усе гэта, і каторы напісаў гэта, і мы ведаем, што праўдзівае сьветчаньне ягонае.
 
Гэты вучань і сьведчыць аб гэтым і напісау гэта: і мы ведаем, што праўдзівае сьвядоцтва ягонае,

І шмат іншага таксама ё, што ўчыніў Ісус, каторае, калі б было напісана, думаю, што нават сам сьвет не зьмясьціў бы тых напісаных кнігаў.
 
І ёсьць шмат іншага, што учыніў Ісус, але, каб напісаць пра ўсё гэта асобна, дык думаю, што ўвесь сьвет не зьмясьціў-бы напісаных кнігаў.