2 Пятра 1 разьдзел

Другое пасланьне Пятра
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Сымон Пётр, слуга і апостал Езуса Хрыста — тым, хто прыняў аднолькава дарагую нам веру праз справядлівасць Бога нашага і Збаўцу Езуса Хрыста.
 
Сымон Пётра, слуга і апостал Ісуса Хрыста, тым, што ў справядлівасці Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста атрымалі веру, роўную нашай:

Няхай памножацца ў вас ласка і спакой праз пазнанне Бога і Езуса, нашага Пана.
 
ласка вам і супакой хай памножацца праз пазнанне Бога і Ісуса, Госпада нашага.

Ад Боскай сілы Ягонай нам даравана ўсё для жыцця і пабожнасці дзякуючы пазнанню таго, хто паклікаў нас для ўласнай славы і хвалы,
 
Паколькі ўсё нам — ад Боскае магутнасці Яго, падараванай для жыцця і пабожнасці праз пазнанне Таго, Хто паклікаў нас Сваёю хвалой і дасканаласцю,

праз што даў нам вялікія і каштоўныя абяцанні, каб праз іх вы сталі саўдзельнікамі Божай натуры, пазбегнуўшы згубы пажадлівага свету.
 
праз якія падараваў Ён нам дарагія і вялікія абяцанні, каб праз іх сталіся мы ўдзельнікамі Божае прыроды, усцярогшыся нікчэмнасці, якая пашыраецца па свеце праз пажадлівасць,

З гэтай самай прычыны прыкладайце ўсе намаганні, каб дапоўніць вашую веру цнотай, цноту — пазнаннем,
 
то менавіта з-за гэтага старайцеся з усіх сіл, каб у сваёй веры паказаць дасканаласць сваю, а ў дасканаласці  веданне,

пазнанне — стрыманасцю, стрыманасць — цярплівасцю, цярлівасць — пабожнасцю,
 
а ў веданні паўстрыманасць, а ў паўстрыманасці цярплівасць, а ў цярплівасці пабожнасць,

пабожнасць — братняю любоўю, а братнюю любоў — любоўю.
 
а ў пабожнасці браталюбства, а ў браталюбстве любоў.

Калі ўсё гэта ў вас ёсць і памнажаецца, то вы не будзеце бяздзейнымі ды бясплённымі ў пазнанні Пана нашага Езуса Хрыста.
 
Калі гэта ў вас жыве і памнажаецца, то яно не пакіне вас пустымі і бясплоднымі ў пазнанні Госпада нашага Ісуса Хрыста.

У каго ж няма гэтага, той сляпы, закрыўшы вочы, забыўся пра ачышчэнне ад сваіх даўніх грахоў.
 
А ў каго гэтага няма, той сляпы і блізарукі, які забыўся аб ачышчэнні ад даўнейшых сваіх грахоў.

Таму, браты, старайцеся яшчэ больш умацаваць вашае пакліканне і выбар. Так паступаючы, ніколі не спаткніцёся.
 
Дык тым больш, браты, старайцеся ўгрунтаваць сваё пакліканне і выбранне. Гэтак бо робячы, ніколі не дапусціце аблуд.

Тады шырока адкрыецца перад вамі ўваход у вечнае Валадарства нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста.
 
Бо гэтак яшчэ шырэй адчыніцца вам уваход у вечнае Валадарства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста.

Таму я заўсёды буду напамінаць вам пра гэта, хоць вы і ведаеце ды ўмацаваны ў гэтай праўдзе.
 
Таму я буду вам заўсёды прыгадваць гэта, хоць вы ведаеце і перакананыя ў цяперашняй праўдзе.

Лічу справядлівым, пакуль знаходжуся ў гэтым намёце, заахвочваць вас напамінам,
 
Я лічу за справядлівасць, пакуль знаходжуся ў гэтай палатцы, падбадзёрыць вас напамінам,

ведаючы, што хутка пакіну гэты мой намёт, як і адкрыў мне наш Пан, Езус Хрыстус.
 
бо ведаю, што хутка пакіну гэтую палатку маю, як Госпад наш Ісус Хрыстос вызначыў мне.

Буду ж старацца, каб вы і пасля майго адыходу заўсёды ўспаміналі пра гэтыя рэчы.
 
Буду прыкладаць намаганні, каб вы часта і па маім адыходзе пра гэта ўспаміналі.

Мы далі вам спазнаць моц і прыйсце нашага Пана Езуса Хрыста, не ідучы за мудра складзенымі байкамі, але будучы відавочцамі Ягонай велічы.
 
Бо мы вясцілі вам магутнасць і прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста, не ідучы следам за прыдуманымі казкамі, але як сведкі, што бачылі Яго веліч.

Ён атрымаў ад Бога Айца пашану і славу, калі ад велічнай славы да Яго сышоў такі голас: «Гэта Мой Сын умілаваны, якога Я ўпадабаў».
 
Бо атрымаў Ён ад Бога Айца гонар і хвалу, калі вось такім чынам прагучаў да Яго голас ад велічнай славы: «Гэта Сын Мой, улюбёнец Мой, у Якім Я маю ўпадабанне».

І мы чулі, як гэты голас даносіўся з неба, калі былі з Ім на святой гары.
 
І мы чулі, як гэты голас даносіўся з неба, калі мы з Ім разам былі на святой гары.

Да таго ж у нас ёсць мацнейшае, прароцкае слова. І вы добра зробіце, калі будзеце трываць пры ім, як пры лямпе, што свеціць у цёмным месцы, пакуль не пачне світаць дзень і зараніца не ўзыдзе ў сэрцах вашых.
 
Прытым мы маем найпэўнейшае прарочае слова, і вы добра робіце, трымаючыся яго, як светача, які свеціць у цёмным месцы аж пакуль развіднее, і зорка ранняя ўзыдзе ў сэрцах вашых.

Толькі памятайце перш за ўсё, што ніякае прароцтва ў Пісанні не належыць да прыватнага тлумачэння.
 
Гэта перш за ўсе майце на ўвазе, што ніводнае прароцтва Пісання нельга вытлумачыць самавольна.

Бо прароцтва ніколі не паходзіла з волі чалавека, але ад імя Бога абвяшчалі яго людзі, натхнёныя Святым Духам.
 
Бо не па волі людской было калісьці абвешчана прароцтва, але прамовілі яго людзі Божыя, кіраваныя Духам Святым.