1 Сымон Пётра, слуга і апостал Ісуса Хрыста, тым, што ў справядлівасці Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста атрымалі веру, роўную нашай:
2 ласка вам і супакой хай памножацца праз пазнанне Бога і Ісуса, Госпада нашага.
3 Паколькі ўсё нам — ад Боскае магутнасці Яго, падараванай для жыцця і пабожнасці праз пазнанне Таго, Хто паклікаў нас Сваёю хвалой і дасканаласцю,
4 праз якія падараваў Ён нам дарагія і вялікія абяцанні, каб праз іх сталіся мы ўдзельнікамі Божае прыроды, усцярогшыся нікчэмнасці, якая пашыраецца па свеце праз пажадлівасць,
5 то менавіта з-за гэтага старайцеся з усіх сіл, каб у сваёй веры паказаць дасканаласць сваю, а ў дасканаласці веданне,
6 а ў веданні паўстрыманасць, а ў паўстрыманасці цярплівасць, а ў цярплівасці пабожнасць,
7 а ў пабожнасці браталюбства, а ў браталюбстве любоў.
8 Калі гэта ў вас жыве і памнажаецца, то яно не пакіне вас пустымі і бясплоднымі ў пазнанні Госпада нашага Ісуса Хрыста.
9 А ў каго гэтага няма, той сляпы і блізарукі, які забыўся аб ачышчэнні ад даўнейшых сваіх грахоў.
10 Дык тым больш, браты, старайцеся ўгрунтаваць сваё пакліканне і выбранне. Гэтак бо робячы, ніколі не дапусціце аблуд.
11 Бо гэтак яшчэ шырэй адчыніцца вам уваход у вечнае Валадарства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста.
12 Таму я буду вам заўсёды прыгадваць гэта, хоць вы ведаеце і перакананыя ў цяперашняй праўдзе.
13 Я лічу за справядлівасць, пакуль знаходжуся ў гэтай палатцы, падбадзёрыць вас напамінам,
14 бо ведаю, што хутка пакіну гэтую палатку маю, як Госпад наш Ісус Хрыстос вызначыў мне.
15 Буду прыкладаць намаганні, каб вы часта і па маім адыходзе пра гэта ўспаміналі.
16 Бо мы вясцілі вам магутнасць і прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста, не ідучы следам за прыдуманымі казкамі, але як сведкі, што бачылі Яго веліч.
17 Бо атрымаў Ён ад Бога Айца гонар і хвалу, калі вось такім чынам прагучаў да Яго голас ад велічнай славы: «Гэта Сын Мой, улюбёнец Мой, у Якім Я маю ўпадабанне».
18 І мы чулі, як гэты голас даносіўся з неба, калі мы з Ім разам былі на святой гары.
19 Прытым мы маем найпэўнейшае прарочае слова, і вы добра робіце, трымаючыся яго, як светача, які свеціць у цёмным месцы аж пакуль развіднее, і зорка ранняя ўзыдзе ў сэрцах вашых.
20 Гэта перш за ўсе майце на ўвазе, што ніводнае прароцтва Пісання нельга вытлумачыць самавольна.
21 Бо не па волі людской было калісьці абвешчана прароцтва, але прамовілі яго людзі Божыя, кіраваныя Духам Святым.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другі ліст Пётры, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.