1 Паўла, і Сіліван, і Цімафей Тэсалонскай царкве ў Богу, Айцу нашым, і Госпадзе Ісусе Хрысце:
2 ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.
3 Дзякаваць павінны мы заўсёды Богу за вас, браты, як і належыцца, бо вера вашая вельмі ўзрастае ды ўзаемная любоў між вамі ўзмацняецца,
4 так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых дзеля вашай цярплівасці і веры ва ўсіх пераследаваннях вашых і прыгнётах, якія пераносіце,
5 на доказ справядлівага суда Божага, каб аказаліся вартымі Валадарства Божага, дзеля якога і церпіце.
6 Бо справядліва ёсць у Бога адгадзіць прыгнётам тым, якія вас прыгнятаюць,
7 і вам, якія прыгнёт пераносіце, даць супачынак з намі ў час аб’яўлення з неба Госпада нашага Ісуса з анёламі магутнасці Яго,
8 у полымі агню, несучы адплату тым, што не ведаюць Бога і не слухаюць Евангелля Госпада нашага Ісуса.
9 Яны атрымаюць пакаранне вечнай пагібеллю ад аблічча Госпада і славы магутнасці Яго,
10 калі Ён прыйдзе праславіцца ў Сваіх святых ды ў той дзень здзівіць усіх, якія паверылі, бо вы паверылі нашаму сведчанню ў гэты дзень.
11 Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас годнымі Свайго паклікання і напоўніў вас магутнасцю ва ўсякім жаданні добрага і ўчынках веры,
12 каб праславілася ў вас імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, і вы — у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другі ліст да Тэсалонцаў, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.