1 Нарэшце, браты, маліцеся за нас, каб слова Госпада пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас,
2 і каб мы ўсцерагліся ад людзей крывадушных і ліхіх, бо вера ёсць не ва ўсіх.
3 Але верны Госпад і ўмацуе вас і ўсцеражэ ад ліхога.
4 Мы маем упэўненасць наконт вас у Госпадзе, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы загадваем вам.
5 Хай жа Госпад пакіруе сэрцы вашыя да любові Божай і цярплівасці Хрыстовай.
6 Загадваем жа вам, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб высцерагаліся вы ўсякага брата, які жыве нягодна і не паводле традыцыі, якую вы атрымалі ад нас.
7 Бо самі ведаеце, як належыць пераймаць нас, бо мы не жылі паміж вас нягодна,
8 ды дарма чужога хлеба не елі, але ў працы ўночы і днём, нікому з вас не былі цяжарам.
9 Не дзеля таго, што не мелі мы ўлады, але каб з сябе даць вам прыклад для наследавання нам.
10 Дык, калі мы былі ў вас, гэта вам загадвалі: хто не хоча працаваць, хай і не есць.
11 Бо чуем мы, што ёсць некаторыя паміж вамі, што нягодна жывуць, нічога не робяць, а толькі мітусяцца.
12 Такім вось, што так жывуць, загадваем і запрысягаем у Госпадзе Ісусе Хрысце, каб, спакойна працуючы, свой уласны хлеб елі.
13 Вы ж, браты, не спыняйцеся рабіць дабро.
14 Калі хто часам не паслухае слоў ліста нашага, такога прыкмецце ды не сябруйце з такім, каб быў асаромлены.
15 Але не ўважайце яго за ворага, а ўшчувайце, як брата.
16 Хай жа Сам Госпад супакою дасць вам супакой заўсёды ўсякім спосабам. Госпад з усімі вамі.
17 Прывітанне маёю рукою, Паўлаваю, што ёсць знак у кожным лісце; так я пішу.
18 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другі ліст да Тэсалонцаў, 3 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
