1 Паўла, з волі Божай апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат,
2 тым святым і веруючым братам у Хрысце, што ў Калосах: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага.
3 Дзякуем Богу Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, заўсёды молячыся за вас
4 і чуючы пра веру вашу ў Хрыста Ісуса і пра любоў, якую маеце да ўсіх святых,
5 дзеля надзеі, якая прыгатавана для вас на небе, аб якой чулі вы раней у слове праўды Евангелля,
6 якая дайшла да вас, як і па ўсім свеце разышлася, і дае плады, і расце, як і ў вас ад таго дня, у якім вы пачулі ды пазналі ласку Божую ў праўдзе,
7 як вы навучыліся ад Эпафраса, супрацоўніка нашага найдаражэйшага, вернага для вас слугі Ісуса Хрыста,
8 які таксама паведаміў нам пра вашую любоў у Духу.
9 Таму і мы ад таго дня, у якім гэта пачулі, не перастаём за вас маліцца і прасіць Бога, каб вы напоўніліся пазнаннем волі Яго ва ўсякай мудрасці і духоўным разуменні,
10 і каб жылі дастойна Бога, ва ўсім падабаючыся [Яму], прыносячы плод у кожным добрым дзеянні і ўзрастаючы ў пазнанні Бога,
11 дужэючы ўсякай сілаю паводле магутнасці славы Яго ва ўсякай цярплівасці і велікадушнасці, з радасцю
12 дзякуючы Айцу, Які ўчыніў вас дастойнымі ўдзельнічаць у лёсе святых у свеце,
13 Які вырваў нас з улады цемры і перанёс у Валадарства Сына ўлюбёнага Свайго,
14 у Якім атрымалі мы адкупленне, адпушчэнне грахоў.
15 Які ёсць вобраз нябачнага Бога, Першынец усяго стварэння,
16 бо ў Ім заснавана ўсё, што ёсць у небе і на зямлі, бачнае і нябачнае, ці то троны, ці то валадаранні, ці начальствы, ці ўлады. Усё праз Яго і для Яго створана,
17 і Ён ёсць перад усім, і ўсё ў Ім заключаецца.
18 І Ён — Галава цела Царквы; Ён — Пачатак, Першынец з мёртвых, каб ва ўсім Ён трымаў першынства,
19 бо спадабалася [Богу], каб у Ім прабывала ўсякая поўня,
20 каб праз Яго ўсё пагадзіць з Сабою, ці што на зямлі, ці што ў небе ёсць, робячы супакой крывёю крыжа Яго.
21 І вас, што былі калісьці чужымі і ворагамі праз схільнасць да ліхіх учынкаў,
22 цяпер пагадзіў у целе смерцю цела Свайго, каб паставіць вас перад Сабою святымі, беззаганнымі і бездакорнымі,
23 калі толькі застанецеся моцнымі верай, стойкімі і непарушнымі ў надзеі Евангелля, якое вы чулі, якое абвяшчаецца ўсяму стварэнню, якое пад небам, якога я, Паўла, стаўся слугою.
24 Цяпер радуюся я з цярпенняў за вас і дапаўняю тое, чаго нестае з пакут Хрыстовых, у сваім целе за Цела Яго, якім ёсць Царква,
25 якой я стаўся слугою за пастановай Божай, дадзенай мне адносна вас, каб я споўніў слова Божае,
26 тайну, схаваную ад вякоў і пакаленняў, а цяпер выяўленую Яго святым,
27 якім захацеў Бог выявіць багацці хвалы гэтае тайны сярод паганаў. Гэта ёсць Хрыстос між вамі, надзея хвалы.
28 Яго абвяшчаем мы, навучаючы кожнага чалавека ва ўсякай мудрасці, каб прадставіць кожнага чалавека дасканалым у Хрысце.
29 Дзеля гэтага я і працую, ваюючы пры Яго садзеянні, якім Ён ува мне дзейнічае магутна.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Ліст да Калосцаў, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.