Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2003

Да Калосцаў 3 Ліст да Калосцаў 3 разьдзел

1 Дык калі вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ўгары ёсць, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога,
2 пра ўзгорнае думайце, а не пра зямное.
3 Бо вы — памёршыя, і жыццё ваша пахавана з Хрыстом у Богу!
4 Калі аб’явіцца Хрыстос, жыццё вашае, тады і вы аб’явіцеся з Ім у хвале.
5 Дык мярцвіце члены вашыя, што на зямлі: распусту, нячыстасць, чужаложства, ліхія пажаданні і сквапнасць, якая ёсць балванапаклонства,
6 праз якія надыходзіць гнеў Божы на дзяцей недаверства,
7 сярод якіх і вы калісьці жылі, калі былі між імі.
8 Але цяпер адкіньце і вы ўсё: гнеў, мсцівасць, злосць, блюзнерствы і брыдкія словы з вуснаў вашых.
9 Не хлусіце адзін аднаму вы, што скінулі з сябе старога чалавека з яго ўчынкамі
10 і прыадзеліся ў новага, які несупынна аднаўляецца ў пазнанні па ўзору Таго, Які яго стварыў,
11 дзе ўжо няма Грэка і Юдэя, абрэзанага ці неабрэзанага, іншаземца, Скіта, нявольніка і вольнага, але ўсё і ва ўсім Хрыстос.
12 Дык адзеньцеся як выбраннікі Божыя, святыя і ўлюбёныя, у сэрца спагаднае, ласкавасць, пакорлівасць, сціпласць, цярплівасць,
13 церпячы адны адных і прабачаючы самім сабе, калі хто да каго мае спачуванне; як Госпад дараваў вам, так і вы.
14 А над усім адзеньцеся ў тую любоў, якая ёсць вузел дасканаласці.
15 А супакой Хрыстовы, да якога вы і пакліканыя ў адным целе, хай пануе ў сэрцах вашых. І будзьце ўдзячныя.
16 Хай шчодра прабывае ў вас слова Хрыста, каб з усёю мудрасцю адны адных навучалі і настаўлялі ды каб з удзячнасцю Богу ў сэрцах вашых спявалі вы псалмы, гімны і песні духоўныя.
17 І ўсё, што робіце словам ці дзеяннем, усё ў імя Госпада Ісуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу.
18 Жонкі, будзьце паслухмянымі мужам, як належыцца ў Госпадзе.
19 Мужы, любіце жонак і не будзьце для іх прыкрымі.
20 Дзеці, слухайце бацькоў ва ўсім, бо гэта падабаецца Госпаду.
21 Бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, каб яны не слабелі духам.
22 Нявольнікі, слухайцеся ва ўсім гаспадароў цялесных, не на вачах служачы, каб людзям падабацца, але ў прастаце сэрца, баючыся Бога.
23 Усё, што ні робіце, ад душы рабіце, як Богу, а не людзям,
24 ведаючы, што ў Госпада атрымаеце ва ўзнагароду спадчыну, бо вы служыце Госпаду Хрысту.
25 Хто чыніць несправядлівасць, атрымае тое, што зрабіў нягодна, бо ў Бога няма зважання на асобы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Калосцаў, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.