1 На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
2 Яно было на пачатку ў Бога.
3 Усё праз Яго сталася, і без Яго не сталася нічога з таго, што сталася;
4 у Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей,
5 і святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго.
6 Быў чалавек, пасланы Богам, якому імя было Ян;
7 ён прыйшоў на сведчанне, каб прадставіць сведчанне аб Святле, каб усе паверылі праз яго.
8 Не быў ён святлом, але [прыйшоў], каб прадставіць сведчанне аб Святле.
9 Было праўдзівае Святло, Якое асвятляе кожнага чалавека, прыходзячы ў гэты свет.
10 Яно было ў свеце, і свет праз Яго стаўся, і свет Яго не пазнаў.
11 Прыйшло Яно да сваіх, і свае Яго не прынялі.
12 А тым, якія Яго прынялі, дало магутнасць стацца сынамі Божымі, тым, што вераць у імя Яго,
13 якія не з крыві, ані з жадання цела, ані з жадання мужа, але з Бога нарадзіліся.
14 І Слова сталася целам і пасялілася паміж намі, — і мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Айца, — поўнае ласкі і праўды.
15 Ян дае сведчанне аб Ім і паклікае, кажучы: «Гэта быў Той, пра Якога я сказаў: Які па мне мае прыйсці, перада мною стаўся, бо перш за мяне быў».
16 І з паўнаты Яго ўсе мы ўзялі, і ласку за ласку;
17 бо закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.
18 Бога ніхто ніколі не бачыў; адзінародны Бог, Які ва ўлонні Айца, Ён Сам растлумачыў.
19 І вось сведчанне Яна, калі Юдэі з Ерузаліма паслалі да яго святароў і левітаў, каб у яго спыталіся: «Хто ты?»
20 І прызнаўся, і не запярэчыў; і прызнаўся: «Я не Хрыстос».
21 Дык пыталіся ў яго: «Дык што? Ты мо Ілля?» І кажа: «Не». «Дык ты прарок?» І адказвае: «Не».
22 Дык сказалі яны яму: «Хто ж ты, каб мы маглі даць адказ тым, што нас паслалі. Што ты кажаш сам пра сябе?»
23 Ён гаворыць: «Я — голас лямантуючага ў пустыні: «Рыхтуйце дарогу Госпаду», як сказаў прарок Ісая».
24 А пасланцы былі з фарызеяў,
25 і спыталіся ў яго: «Чаму тады хрысціш, калі ты не Хрыстос, не Ілля, ані прарок?»
26 Адказаў ім Ян, кажучы: «Я хрышчу вадою; але пасярод вас паўстаў Той, Каго вы не ведаеце,
27 Які па мне прыйдзе, Якому я не варты развязаць рамень сандаляў Яго».
28 Гэта адбылося ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысціў.
29 Назаўтра ўбачыў Ян Ісуса, што ішоў да яго, і гаворыць: «Вось Ягня Божае, Той, Хто бярэ на Сябе грахі свету.
30 Гэта Той, пра Якога я сказаў: пасля мяне прыходзіць Чалавек, Які стаўся перада мной, бо быў раней за мяне.
31 І я не ведаў Яго, але дзеля таго прыйшоў я, хрысцячы вадой, каб мог Ён аб’явіцца Ізраэлю».
32 І прадставіў Ян сведчанне, кажучы: «Бачыў я Духа, што сыходзіў з неба, як галуб, і застаўся на Ім;
33 і я Яго не ведаў, але Той, Хто мяне паслаў хрысціць вадою, сказаў мне: «На Каго ўбачыш, што Дух сыходзіць і застаецца на Ім, гэта Той, Хто хрысціць Духам Святым».
34 І гэта я сам бачыў і сведчу, што Ён — Сын Божы».
35 На другі дзень зноў стаяў Ян і два вучні яго,
36 і, зірнуўшы на Ісуса, Які праходзіў міма, Ян кажа: «Вось Ягня Божае».
37 Дык пачулі два вучні, як ён гэта казаў, і пайшлі за Ісусам.
38 Ісус, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: «Што шукаеце?» Яны сказалі Яму: «Раббі, — што ў перакладзе значыць Настаўнік, — дзе жывеш?»
39 Кажа ім: «Ідзіце і ўбачыце». Дык пайшлі і ўбачылі, дзе жыў, і засталіся той дзень з Ім, а было блізу гадзіны дзесятай.
40 А адным з двух, што пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сімона Пётры.
41 Ён знаходзіць перш брата свайго Сімона і кажа яму: «Знайшлі мы Месію», што значыць — Хрыста,
42 і прывёў яго да Ісуса. А Ісус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты Сімон, сын Ёны; будзеш называцца Цэфа, што значыць Пётра».
43 Назаўтра Ісус маніўся ісці ў Галілею ды напаткаў Піліпа. І кажа яму Ісус: «Ідзі за Мною».
44 А Піліп быў з Бэтсайды, горада Андрэя і Пётры.
45 Піліп жа напаткаў Натанаэля і кажа яму: «Мы знайшлі Таго, аб Кім пісаў Майсей у законе і прарокі: Ісуса, Сына Язэпа з Назарэта».
46 І сказаў яму Натанаэль: «Ці можа быць што добрага з Назарэта?» Кажа яму Піліп: «Ідзі і паглядзі».
47 Убачыў Ісус, што Натанаэль ідзе да Яго, і кажа пра яго: «Вось праўдзівы Ізраэлец, у якім няма хітрасці».
48 Натанаэль спытаўся ў Ісуса: «А скуль жа мяне ведаеш?» Адказваючы, сказаў яму Ісус: «Я бачыў цябе перш, чым пазваў цябе Піліп, калі ты быў пад фігавым дрэвам».
49 Адказаў яму Натанаэль: «Раббі, Ты — Сын Божы, Ты — Цар Ізраэля!»
50 Адказаў яму Ісус і сказаў: «Таму, што Я табе сказаў: «Я цябе бачыў пад фігавым дрэвам», паверыў ты? Болей за гэта ўбачыш».
51 І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба адкрытае і анёлаў Божых, што ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Яна, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.