Да Рымлянаў 14 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Слабога ў веры прымайце не дзеля спрэчак аб поглядах.
 

Бо хтосьці верыць, што можна есці ўсё, а слабы есць гародніну.
 

Хто есць, няхай не дакарае таго, хто не есць. І хто не есць, няхай не асуджае таго, хто есць, бо яго прыняў Бог.
 

Хто ты, што судзіш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром ён стаіць або падае. І будзе стаяць, бо мае Бог моц паставіць яго.
 

Хтосьці адрознівае дзень ад дня, а для кагосьці кожны дзень аднолькавы. Няхай кожны застанецца пры сваім меркаванні.
 

Хто адрознівае дні, робіць гэта для Пана. І хто есць, для Пана есць, бо дзякуе Богу. І хто не есць, для Пана не есць ды дзякуе Богу.
 

Ніхто з нас не жыве для сябе, і ніхто не памірае для сябе.
 

Бо калі жывём, то жывём для Пана, калі ж паміраем — для Пана паміраем. Таму ці жывём, ці паміраем, мы належым Пану.
 

Бо дзеля гэтага Хрыстус і памёр, і ажыў, каб панаваць і над памерлымі, і над жывымі.
 

А ты чаму асуджаеш свайго брата? І чаму пагарджаеш сваім братам? Усе мы станем перад судовым пасадам Бога.
 

Бо напісана: «Паколькі Я жыву, — кажа Пан, — перада Мною схіліцца кожнае калена, і кожны язык будзе вызнаваць Бога».
 

Так кожны з нас адкажа за сябе перад Богам.
 

Не будзем жа больш судзіць адзін аднаго, але глядзіце лепш, каб не даваць брату прычыны для спатыкнення ці спакусы.
 

Я ведаю і перакананы ў Пану Езусе, што нішто само па сабе не з’яўляецца нячыстым, але становіцца нячыстым для таго, хто лічыць што-небудзь нячыстым.
 

Калі ж твой брат сумуе праз страву, то ты ўжо жывеш не паводле любові. Не губі сваёй страваю таго, за каго памёр Хрыстус!
 

Таму няхай не зневажаецца вашае дабро!
 

Бо Валадарства Божае — гэта не ежа і піццё, але справядлівасць, спакой і радасць у Духу Святым.
 

Хто ў гэтым служыць Хрысту, той падабаецца Богу і ў пашане ў людзей.
 

Таму будзем шукаць таго, што служыць спакою і ўзаемнаму збудаванню.
 

Дзеля ежы не знішчай справы Божай! Усё чыстае, але становіцца кепскім, калі чалавек, які есць, прычыняецца да чыйгосьці спатыкнення.
 

Добра не есці мяса, не піць віна і не рабіць таго, што прычыняецца да спатыкнення твайго брата.
 

Веру, якую маеш, май для сябе перад Богам. Шчаслівы, хто не асуджае сябе ў тым, што прымае.
 

Хто ж, спажываючы, сумняваецца, асуджае сябе, бо паступае нязгодна з верай, а ўсё, што не паводле веры, — грэх.