Адкрыцьцё 3 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Анёлу Касцёла ў Сардах напішы: Так кажа той, хто мае сем духаў Божых і сем зорак. Ведаю твае справы. Ты носіш імя, быццам жывы, але ты мёртвы.
 
І Анёлу царквы ў Сардах напішы: Вось што кажа Той, Хто мае сем Божых духаў і сем зорак: Ведаю твае ўчынкі, што ты маеш імя, нібы жывы, а ты мёртвы.

Чувай і ўмацоўвай рэшту, блізкую да смерці, бо Я не палічыў твае ўчынкі дасканалымі перад Маім Богам.
 
Будзь чуйным і ўмацуй рэшту, блізкую да смерці, бо Я не знайшоў завершанымі твае справы перад Маім Богам.

Згадай, што ты прыняў і пачуў, захоўвай і пакайся. Калі ж не будзеш чуваць, то Я прыйду, як злодзей, і не будзеш ведаць, у якую гадзіну прыйду да цябе.
 
Дык памятай, як ты атрымаў і пачуў, і захоўвай, і пакайся. Калі ж ты не будзеш чуйны, то Я прыйду, як злодзей, і ты ні ў якім разе не ўведаеш, у якую гадзіну Я прыйду на цябе.

Але ты маеш у Сардах некалькі чалавек, якія не заплямілі шатаў сваіх і будуць хадзіць са Мною ў белі, бо яны годныя.
 
Але ў цябе ёсць некалькі імёнаў у Сардах, якія не заплямілі сваёй вопраткі і будуць хадзіць са Мною ў белым, бо яны годныя.

Так апранецца ў белыя шаты пераможца, і Я не сатру імені ягонага з кнігі жыцця, і вызнаю імя яго перад Маім Айцом і перад Яго анёламі.
 
Пераможац будзе апрануты гэтак, у белую вопратку, і Я ні ў якім разе не сатру яго імя з кнігі жыцця і вызнаю яго імя перад Маім Бацькам і перад Яго Анёламі.

Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам.
 
Хто мае вуха, няхай пачуе, што Дух кажа цэрквам.

Анёлу Касцёла ў Філадэльфіі напішы: Так кажа Святы, Праўдзівы, які мае ключ Давіда, які адмыкае — і ніхто не замкне, замыкае — і ніхто не адамкне.
 
І Анёлу царквы ў Філадэльфіі напішы: Вось што кажа Святы, Праўдзівы, Які мае ключ Давідаў, Які адмыкае — і ніхто не замкне, і Які замыкае — і ніхто не адамкне.

Ведаю Твае справы, вось Я паставіў цябе перад адчыненымі дзвярыма, якіх ніхто не можа зачыніць, бо ў цябе мала сілы, але ты захаваў Маё слова і не адмовіўся ад Майго імя.
 
Ведаю твае ўчынкі; вось, Я даў перад табою адамкнёныя дзверы, якіх ніхто не можа замкнуць, бо хоць ты мала маеш сілы, ды захаваў Маё слова, і не адрокся ад Майго імя.

Вось даю тых з сінагогі сатаны, якія кажуць, што яны юдэі, хоць імі не з’яўляюцца, і хлусяць. Я ўчыню, што яны прыйдуць і паклоняцца ў ногі табе, і пазнаюць, што Я палюбіў цябе.
 
Вось даю са зборышча сатаны, якія кажуць, што яны іудзеі, але яны не такія, а лгуць, — вось, Я зраблю, што яны прыйдуць і ўпадуць ніцма перад тваімі нагамі і ўведаюць, што Я палюбіў цябе.

Паколькі ты захаваў Мой наказ цярплівасці, Я таксама захаваю цябе ад гадзіны выпрабавання, якая павінна прыйсці ў цэлы свет, каб выпрабаваць жыхароў зямлі.
 
Бо ты захаваў слова Маёй вытрываласці, і Я цябе захаваю ад гадзіны выпрабавання, якая павінна прыйсці на ўвесь населены абшар, каб выпрабаваць жыхароў зямлі.

Я хутка прыйду. Трымай тое, што маеш, каб ніхто не забраў твайго вянка.
 
[Вось] Я і хутка прыйду; трымай, што маеш, каб ніхто не забраў твайго вянка.

А пераможцу зраблю калонай у святыні Майго Бога, і ўжо не выйдзе вонкі, і напішу на ім імя Майго Бога, а таксама імя горада Майго Бога, новага Ерузалема, які спускаецца з неба ад Бога Майго, і Маё новае імя.
 
Пераможца Я зраблю калонаю ў храме Майго Бога, і ён ніколі ўжо не выйдзе адтуль і напішу на ёй імя Майго Бога і імя горада Майго Бога, Новага Іерусаліма, які сходзіць з неба ад Майго Бога, і Маё новае імя.

Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам.
 
Хто мае вуха, няхай пачуе, што Дух кажа цэрквам.

Анёлу Касцёла ў Лаадыкеі напішы: Так кажа Амэн, сведка верны і праўдзівы, пачатак стварэння Божага.
 
І Анёлу царквы ў Лаадыкіі напішы: Вось, што кажа Амін, Сведка верны і праўдзівы, пачатак Божага тварэння:

Ведаю твае справы: ты ні халодны, ні гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы!
 
Ведаю твае ўчынкі, што ты і не халодны і не гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы!

Але таму, што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, выплюну цябе з Маіх вуснаў.
 
Але як ты цеплаваты, не гарачы і не халодны, то збіраюся выплюнуць цябе з Маіх вуснаў.

Бо ты кажаш: “Я багаты і разбагацеў, і ні ў чым не маю патрэбы”, а не ведаеш, што ты няшчасны і варты жалю, убогі, сляпы і голы.
 
Бо ты кажаш: «Я багаты і разбагацеў, і ні ў чым не маю патрэбы» — і не ведаеш, што ты няшчасны, і варты жалю, і ўбогі, і сляпы, і голы.

Раю табе купіць у Мяне золата, ачышчанае агнём, каб ты разбагацеў, і белую шату, каб ты апрануўся і каб не быў бачны сорам тваёй галечы. Бальзамам памаж свае вочы, каб бачыць.
 
Раю табе купіць у Мяне золата, ачышчанае агнём, каб разбагацеў ты, і белае адзенне, каб апрануўся і каб не адкрыўся сорам тваёй галізны; і вочнай мазі — памазаць твае вочы, каб ты бачыў.

Каго Я люблю, тых дакараю і выхоўваю. Таму будзь руплівы і пакайся.
 
Я ўсіх, каго люблю, выкрываю і караю; дык будзь руплівы і пакайся.

Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною.
 
Вось, Я стаю каля дзвярэй і стукаю; калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, Я ўвайду да яго і буду вячэраць з ім, і ён са Мною.

Пераможцу дам сесці са Мною на Маім троне, як і Я перамог і сеў з Маім Айцом на Яго троне.
 
Пераможцу Я дам сесці са Мною на Маім троне, як і Я перамог і сеў з Маім Бацькам на Яго троне.

Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам».
 
Хто мае вуха, няхай пачуе, што Дух кажа цэрквам.