1 да Карынфянаў 6 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Як адважваецца нехта з вас, маючы справу супраць іншага, судзіцца перад несправядлівымі, а не перад святымі?
 

Хіба не ведаеце, што святыя будуць судзіць свет? А калі вы асуджаеце свет, то ці ж не вартыя вы судзіць у нязначных справах?
 

Хіба не ведаеце, што мы будзем судзіць анёлаў, ужо не кажучы пра жыццёвыя справы?
 

Аднак вы, калі разбіраеце жыццёвыя справы, ці не прызначаеце суддзямі тых, хто ў Касцёле нічога не значыць?
 

На сорам ваш кажу гэта! Няўжо сярод вас няма нікога мудрага, хто б мог рассудзіць паміж сваімі братамі?
 

Але брат судзіцца з братам, і гэта перад няверуючымі?
 

Наогул ганебна для вас само тое, што вы судзіцеся паміж сабою! Ці не лепш вам цярпець несправядлівасць? Ці не лепш вам застацца ашуканымі?
 

Але вы самі крыўдзіце і ашукваеце, і пры гэтым братоў!
 

Хіба не ведаеце, што несправядлівыя не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае? Не ўводзьце сябе ў зман: ні распуснікі, ні ідалапаклоннікі, ні чужаложнікі, ні блуднікі, ні мужаложнікі,
 

ні злодзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні паклёпнікі, ні рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае.
 

І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, але вы былі асвячаныя, але вы былі апраўданыя ў імя Пана Езуса Хрыста і ў Духу Бога нашага!
 

Усё мне можна, але не ўсё карысна. Усё мне можна, але нічым не дам сябе зняволіць.
 

Ежа для чэрава, і чэрава для ежы, але Бог знішчыць тое і другое. Цела не для распусты, але для Пана, і Пан для цела.
 

Бог уваскрасіў Пана і нас уваскрасіць сваёй моцаю.
 

Хіба не ведаеце, што целы вашыя — гэта члены Хрыстовыя? Ці ж, узяўшы члены Хрыста, учыню іх членамі распусніцы? Канешне, не!
 

Ці ж не ведаеце, што, хто злучаецца з распусніцай, з’яўляецца адным целам з ёю? Бо, як сказана, двое будуць адным целам.
 

А той, хто злучаецца з Панам, становіцца з Ім адным духам.
 

Уцякайце ад распусты. Усялякі грэх, які чыніць чалавек, ёсць па-за целам, а распуснік грашыць супраць уласнага цела.
 

Ці не ведаеце, што целы вашыя — гэта святыня Духа Святога, які ў вас, якога вы маеце ад Бога, і што вы не належыце самім сабе?
 

Бо вы куплены за вялікую цану! Таму праслаўляйце Бога ў целе вашым.