Да Эфэсянаў 1 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, святым, што ў Эфесе, і верным у Хрысце Езусе:
 

ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.
 

Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах
 

і выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові.
 

Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі,
 

дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным.
 

У Ім мы маем адкупленне Ягонаю крывёю, дараванне правінаў паводле багацця ласкі Ягонай,
 

якою шчодра адарыў нас ва ўсялякай мудрасці і разуменні,
 

дазволіўшы нам пазнаць таямніцу сваёй волі, паводле свайго ўпадабання, якое раней паклаў у Ім
 

для спаўнення паўнаты часу, каб аднавіць усё ў Хрысце: тое, што на нябёсах і на зямлі.
 

У Ім мы былі выбраны і прадвызначаны згодна з намерам таго, хто ўсё здзяйсняе паводле пастанаўлення сваёй волі,
 

каб мы, якія раней спадзяваліся на Хрыста, былі для хвалы Ягонай славы.
 

У Ім і вы, калі пачулі слова праўды, Евангелле пра збаўленне вашае, і паверылі, былі пазначаныя пячаццю абяцанага Духа Святога,
 

які ёсць задаткам нашай спадчыны дзеля адкуплення Ягонага набытку, для хвалы Ягонай велічы.
 

Пачуўшы пра вашую веру ў Езуса Хрыста і пра любоў да ўсіх святых,
 

не перастаю дзякаваць за вас, успамінаючы вас у сваіх малітвах,
 

каб Бог Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і адкрыцця ў пазнанні Яго
 

і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Ягонага, якое багацце слаўнай спадчыны Ягонай для святых
 

і якая нязмерная веліч моцы Ягонай у нас, веруючых праз дзеянне магутнай сілы Ягонай,
 

якую Ён выявіў у Хрысце, калі ўваскрасіў Яго і пасадзіў праваруч сябе на нябёсах,
 

вышэй за ўсялякае княжанне, і ўладу, і сілу, і панаванне, і за ўсялякае імя, якое называецца не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым.
 

Усё паклаў пад ногі Ягоныя і паставіў Яго па-над усім галавою Касцёла,
 

які ёсць целам Ягоным, паўнатою таго, хто напаўняе ўсё ва ўсім.