1 да Карынфянаў 6 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Як адважваецца нехта з вас, маючы справу супраць іншага, судзіцца перад несправядлівымі, а не перад святымі?
Як сме́е хто з вас, маючы цяжбу з іншым бра́там, судзíцца ў няпра́ведных, а не ў святых?
Хіба не ведаеце, што святыя будуць судзіць свет? А калі вы асуджаеце свет, то ці ж не вартыя вы судзіць у нязначных справах?
Хіба́ не ведаеце, што святыя будуць судзíць свет? Дык калі вы будзе судзíць свет, то няўжо вы не варты судзíць значна ме́ншае?
Хіба не ведаеце, што мы будзем судзіць анёлаў, ужо не кажучы пра жыццёвыя справы?
Хіба́ не ведаеце, што мы будзем судзíць ангелаў, то ці не тым больш нешта жыццёвае?
Аднак вы, калі разбіраеце жыццёвыя справы, ці не прызначаеце суддзямі тых, хто ў Касцёле нічога не значыць?
А вы, калі маеце суды жыццёвыя цяжбы, дык аддаяце́ іх на суд тым, якія нічога не значаць у царкве.
На сорам ваш кажу гэта! Няўжо сярод вас няма нікога мудрага, хто б мог рассудзіць паміж сваімі братамі?
На сорам вам кажу: няўжо няма сярод вас ніводнага мудрага, які мог бы рассудзíць братоў сваіх?
Але брат судзіцца з братам, і гэта перад няверуючымі?
А то брат з братам су́дзіцца, ды яшчэ ў няве́рных.
Наогул ганебна для вас само тое, што вы судзіцеся паміж сабою! Ці не лепш вам цярпець несправядлівасць? Ці не лепш вам застацца ашуканымі?
Ужо тое ўвогуле га́ньба для вас, што вы су́дзіцеся адзін з адным. Ці не лепш было б вам пацярпець крыўду́ ці не лепш было б пане́сці страту?
Але вы самі крыўдзіце і ашукваеце, і пры гэтым братоў!
А вы самі крыўдзіце і адбіраеце, прычым у братоў.
Хіба не ведаеце, што несправядлівыя не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае? Не ўводзьце сябе ў зман: ні распуснікі, ні ідалапаклоннікі, ні чужаложнікі, ні блуднікі, ні мужаложнікі,
Хіба́ не ведаеце, што няправедныя Царства Божага не ўнасле́дуюць? Не ашуквайце саміх сябе: ні блуднікí, ні ідалапаклоннікі, ні пралюбадзеі, ні рукаблу́днікі, ні мужаложнікі,
ні злодзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні паклёпнікі, ні рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае.
ні зладзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні ліхасловы, ні рабаўнікі не ўнасле́дуюць Царства Божага.
І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, але вы былі асвячаныя, але вы былі апраўданыя ў імя Пана Езуса Хрыста і ў Духу Бога нашага!
І такімі былі некаторыя з вас; але амыліся, але асвяціліся, але апраўдаліся імем Госпада нашага Іісуса Хрыста і Духам Бога нашага.
Усё мне можна, але не ўсё карысна. Усё мне можна, але нічым не дам сябе зняволіць.
Усё мне дазволена, але не ўсё карысна; усё мне дазволена, але нішто не павінна валодаць мною.
Ежа для чэрава, і чэрава для ежы, але Бог знішчыць тое і другое. Цела не для распусты, але для Пана, і Пан для цела.
Ежа для чэрава, і чэрава для ежы; але Бог знішчыць і адно, і другое. Цела ж не для блуду, а для Госпада, і Гасподзь для цела.
Бог уваскрасіў Пана і нас уваскрасіць сваёй моцаю.
Бог уваскрасіў Госпада, уваскрасіць і нас сілаю Сваёю.
Хіба не ведаеце, што целы вашыя — гэта члены Хрыстовыя? Ці ж, узяўшы члены Хрыста, учыню іх членамі распусніцы? Канешне, не!
Хіба́ вы не ведаеце, што целы вашы — гэта члены Хрыстовы? Дык што, забяру я члены ў Хрыста, каб зрабіць іх членамі блудніцы? Ні ў якім разе.
Ці ж не ведаеце, што, хто злучаецца з распусніцай, з’яўляецца адным целам з ёю? Бо, як сказана, двое будуць адным целам.
Хіба́ не ведаеце, што той, хто злучаецца з блудніцай, становіцца адным це́лам з ёю́ бо ска́зана: «двое будуць адной плоццю».
А той, хто злучаецца з Панам, становіцца з Ім адным духам.
А хто злучаецца з Госпадам, той — адзін дух з Госпадам.
Уцякайце ад распусты. Усялякі грэх, які чыніць чалавек, ёсць па-за целам, а распуснік грашыць супраць уласнага цела.
Пазбягайце блуду; усякі грэх, які робіць чалавек, ёсць па-за целам, а блуднік грашыць супраць уласнага цела.
Ці не ведаеце, што целы вашыя — гэта святыня Духа Святога, які ў вас, якога вы маеце ад Бога, і што вы не належыце самім сабе?
Хіба́ не ведаеце, што целы вашы — гэта храм Духа Святога, Які жыве ў вас, Якога маеце ад Бога, і вы не свае́
Бо вы куплены за вялікую цану! Таму праслаўляйце Бога ў целе вашым.
бо вы куплены дарагою цаною. Таму праслаўляйце Бога і ў це́лах вашых, і ў ду́шах вашых, якія належаць Богу.