1 да Карынфянаў 6 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Як адважваецца хто з вас, маючы справу з другім, судзіцца перад няправеднымі, а не перад сьвятымі?
 
Як сме́е хто з вас, маючы цяжбу з іншым бра́там, судзíцца ў няпра́ведных, а не ў святых?

Ці вы ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? А калі вамі будзе суджаны сьвет, няўжо вы ня вартыя судзіць рэчы малыя?
 
Хіба́ не ведаеце, што святыя будуць судзíць свет? Дык калі вы будзе судзíць свет, то няўжо вы не варты судзíць значна ме́ншае?

Ці вы ня ведаеце, што мы будзем судзіць анёлаў, ня толькі [справы] жыцьцёвыя?
 
Хіба́ не ведаеце, што мы будзем судзíць ангелаў, то ці не тым больш нешта жыццёвае?

А вы, калі маеце судзіцца адносна [справаў] жыцьцёвых, стаўляеце [судзьдзямі] тых, хто пагарджаны ў царкве.
 
А вы, калі маеце суды жыццёвыя цяжбы, дык аддаяце́ іх на суд тым, якія нічога не значаць у царкве.

На сорам вам кажу: няўжо няма між вамі ніводнага мудрага, які можа рассудзіць між братамі сваімі?
 
На сорам вам кажу: няўжо няма сярод вас ніводнага мудрага, які мог бы рассудзíць братоў сваіх?

Але брат з братам судзіцца, і гэта перад бязьвернымі.
 
А то брат з братам су́дзіцца, ды яшчэ ў няве́рных.

Дык тое ўжо вялікі ўпадак для вас, што вы маеце суды між сабою. Чаму вам ня лепш быць пакрыўджанымі? Чаму вам ня лепш мець шкоду?
 
Ужо тое ўвогуле га́ньба для вас, што вы су́дзіцеся адзін з адным. Ці не лепш было б вам пацярпець крыўду́ ці не лепш было б пане́сці страту?

Але вы самі крыўдзіце і абдзіраеце, і гэта братоў!
 
А вы самі крыўдзіце і адбіраеце, прычым у братоў.

Або вы ня ведаеце, што няправедныя Валадарства Божага ня возьмуць у спадчыну? Не падманвайце сябе: ані распусьнікі, ані ідалапаклоньнікі, ані чужаложнікі, ані збачэнцы, ані мужаложнікі,
 
Хіба́ не ведаеце, што няправедныя Царства Божага не ўнасле́дуюць? Не ашуквайце саміх сябе: ні блуднікí, ні ідалапаклоннікі, ні пралюбадзеі, ні рукаблу́днікі, ні мужаложнікі,

ані злодзеі, ані хціўцы, ані п’яніцы, ані лаяльнікі, ані рабаўнікі ня возьмуць у спадчыну Валадарства Божага.
 
ні зладзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні ліхасловы, ні рабаўнікі не ўнасле́дуюць Царства Божага.

І гэткімі былі некаторыя, але вы абмытыя, але вы асьвячоныя, але вы апраўданыя ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і ў Духу Бога нашага.
 
І такімі былі некаторыя з вас; але амыліся, але асвяціліся, але апраўдаліся імем Госпада нашага Іісуса Хрыста і Духам Бога нашага.

Усё мне можна, але ня ўсё карысна; усё мне можна, але нішто ня будзе валодаць мною.
 
Усё мне дазволена, але не ўсё карысна; усё мне дазволена, але нішто не павінна валодаць мною.

Ежа для жывата, і жывот для ежы; але Бог зьнішчыць і тое, і другое. Цела ж не для распусты, але для Госпада, і Госпад — для цела.
 
Ежа для чэрава, і чэрава для ежы; але Бог знішчыць і адно, і другое. Цела ж не для блуду, а для Госпада, і Гасподзь для цела.

А Бог і Госпада ўваскрасіў, і нас уваскрасіць сілаю Сваёю.
 
Бог уваскрасіў Госпада, уваскрасіць і нас сілаю Сваёю.

Хіба вы ня ведаеце, што целы вашыя ёсьць члены Хрыстовыя? Дык ці ж, узяўшы члены Хрыста, зраблю іх членамі распусьніцы? Няхай ня станецца!
 
Хіба́ вы не ведаеце, што целы вашы — гэта члены Хрыстовы? Дык што, забяру я члены ў Хрыста, каб зрабіць іх членамі блудніцы? Ні ў якім разе.

Або вы ня ведаеце, што той, хто злучаецца з распусьніцаю, ёсьць адно цела [з ёю]? Бо сказана: “Будуць двое адным целам”.
 
Хіба́ не ведаеце, што той, хто злучаецца з блудніцай, становіцца адным це́лам з ёю́ бо ска́зана: «двое будуць адной плоццю».

А хто злучаецца з Госпадам, ёсьць адзін дух [з Ім].
 
А хто злучаецца з Госпадам, той — адзін дух з Госпадам.

Уцякайце ад распусты. Усякі грэх, які робіць чалавек, ёсьць звонку цела, а распусьнік грашыць супраць уласнага цела.
 
Пазбягайце блуду; усякі грэх, які робіць чалавек, ёсць па-за целам, а блуднік грашыць супраць уласнага цела.

Або вы ня ведаеце, што цела вашае ёсьць бажніца Духа Сьвятога, Які ў вас, Якога вы маеце ад Бога, і што вы не свае?
 
Хіба́ не ведаеце, што целы вашы — гэта храм Духа Святога, Які жыве ў вас, Якога маеце ад Бога, і вы не свае́

Бо вы купленыя дарагою цаною. Таму слаўце Бога ў целе вашым і ў духу вашым, якія ёсьць Божыя.
 
бо вы куплены дарагою цаною. Таму праслаўляйце Бога і ў це́лах вашых, і ў ду́шах вашых, якія належаць Богу.