1 да Карынфянаў 7 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Адносна таго, пра што вы пісалі да мяне, дык добра чалавеку не дакранацца да жанчыны.
Наконт таго, пра што вы пісалі мне: добра, каб чалавек не дакрана́ўся да жанчыны.
Але, з увагі на распусту, кожны няхай мае сваю жонку, і кожная няхай мае свайго мужа.
Але, каб пазбегнуць блуду, няхай кожны ма́е сваю жонку, і няхай кожная ма́е свайго мужа.
Муж няхай аддае жонцы належную зычлівасьць; падобна і жонка мужу.
Муж няхай праяўля́е да жонкі нале́жную лю́басць; гэтаксама і жонка да мужа.
Жонка не валодае сваім целам, але муж; падобна і муж не валодае сваім целам, але жонка.
Жонка не ма́е ўлады над сваім целам, але муж; гэтаксама і муж не ма́е ўлады над сваім целам, але жонка.
Не ўхіляйцеся адзін ад аднаго, хіба па згодзе, на час, каб быць свабоднымі для посту і малітвы, і зноў у гэтым будзьце разам, каб не спакушаў вас шатан праз няўстрыманасьць вашую.
Не ўхіляйцеся адзін ад аднаго, хіба́ што па згодзе, на час, каб аддацца посту і малітве, і зноў будзьце разам, каб не спакуша́ў вас сатана праз няўстры́манасць вашу.
А кажу гэтае як дазвол, а не як загад.
Але кажу гэта, саступа́ючы, а не зага́дваючы.
Бо хачу, каб усе людзі былі, як і я, але кожны мае свой дар ад Бога, адзін так, другі гэтак.
Бо жадаю, каб усе людзі былí, як і я; але кожны ма́е свой дар ад Бога, адзін — так, другі — інакш.
А нежанатым і ўдовам кажу: добра ім, калі застануцца, як я;
Нежанатым і ўдовам кажу: добра, каб яны засталíся так, як і я;
а калі не ўстрымаюцца, няхай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым распаляцца.
але калі не могуць устрыма́цца, няхай уступа́юць у шлюб, бо лепш уступíць у шлюб, чым распаля́цца.
Тым жа, што пажаніліся, ня я загадваю, але Госпад: жонцы — не разлучацца з мужам,
А тым, хто ў шлюбе, не я зага́дваю, а Гасподзь: жонцы не разво́дзіцца з мужам, —
а калі разлучыцца, няхай застаецца бяз мужа ці няхай пагодзіцца з мужам; і мужу — не пакідаць жонкі.
калі ж развядзе́цца, няхай застае́цца незаму́жняю альбо няхай прымíрыцца з мужам, — і мужу не пакіда́ць жонкі.
А іншым кажу я, ня Госпад: калі нейкі брат мае жонку бязьверную, і яна згаджаецца жыць з ім, няхай ён не пакідае яе;
Астатнім жа я кажу, а не Гасподзь: калі які брат ма́е жонку няверуючую і яна згодна жыць з ім, то няхай не пакіда́е яе;
і жонка, якая мае мужа бязьвернага, і ён згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідае яго.
і жонка, якая ма́е мужа няверуючага, і ён згодны жыць з ёю, няхай не пакіда́е яго;
Бо муж бязьверны асьвячаецца ў жонцы, і жонка бязьверная асьвячаецца ў мужу; бо інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер яны — сьвятыя.
бо няверуючы муж асвяча́ецца жонкаю веруючаю, і жонка няверуючая асвяча́ецца мужам веруючым; бо інакш дзеці вашы былí б нячыстыя, а цяпер яны святыя.
А калі бязьверны разлучаецца, няхай разлучаецца; брат ці сястра ў гэтакіх [выпадках] не прыняволеныя, бо да супакою паклікаў нас Бог.
Калі ж няверуючы хоча разве́сціся, няхай разводзіцца; брат ці сястра ў такіх вы́падках не прыняво́лены; да міру заклíкаў нас Гасподзь.
Бо з чаго ты ведаеш, жонка, ці ня збавіш мужа? Або ты, муж, з чаго ведаеш, ці ня збавіш жонку?
Адкуль ты ведаеш, жонка, ці не спасеш мужа́ Альбо ты, муж, адкуль ведаеш, ці не спасеш жонку?
Толькі кожны няхай ходзіць так, як Бог яму надзяліў, і кожны, як Госпад паклікаў. І гэтак я загадваю ў-ва ўсіх цэрквах.
Толькі кожны, як вызначыў яму Бог, кожны, як паклікаў яго Гасподзь, — няхай так і жыве; і такі наказ я даю па ўсіх цэрквах.
Пакліканы хто абрэзаным? Няхай не хаваецца. Пакліканы хто ў неабразаньні? Няхай не абрэзваецца.
Калі хто паклíканы, будучы абрэ́заным, няхай не хавае гэтага; калі хто паклíканы, будучы неабрэ́заным, няхай не абрэ́зваецца.
Абразаньне ёсьць нішто, і неабразаньне ёсьць нішто, але [важнае] захоўваньне прыказаньняў Божых.
Абрэ́занне — нішто, і неабрэ́занне — нішто, а ўсё ў выкананні запаведзяў Божых.
Кожны няхай застаецца ў тым пакліканьні, у якім пакліканы.
Кожны няхай застае́цца ў тым званні, у якім быў паклíканы.
Слугою ты пакліканы? Не табе клапаціцца, але, калі можаш стацца вольным, лепш скарыстайся.
Ты паклíканы, будучы рабом? Не турбуйся. Але калі і можаш стаць вольным, то выберы лепшае.
Бо слуга, пакліканы ў Госпадзе, ёсьць вызваленец Госпадавы; падобна і той, хто пакліканы вольным, ёсьць слуга Хрыстовы.
Таму што раб, паклíканы ў Госпадзе, з’яўляецца вольным у Госпада; таксама і пакліканы вольны з’яўляецца рабом Хрыстовым.
Вы куплены дарагою цаною; не рабіцеся слугамі людзей.
Вы куплены дарагою цаною; не станавіцеся раба́мі людзей.
Кожны ў якім [стане] пакліканы, браты, у такім няхай застаецца перад Богам.
Кожны, у якім званні быў паклíканы, браты, у тым няхай і застае́цца перад Богам.
Адносна дзявоцтва я ня маю загаду ад Госпада, але даю параду, як той, над кім зьлітаваўся Госпад, каб быць яму верным.
Наконт дзявоцтва я наказу Госпада не ма́ю, а даю пара́ду як той, хто па міласці Госпада варты даверу.
Дык лічу за добрае дзеля цяперашняе патрэбы, што добра чалавеку гэтак быць.
Дык вось, лічу, што з-за цяперашніх цяжкасцей добра заставацца так, што добра для чалавека жыць так.
Ты злучаны з жонкаю? Не шукай разводу. Ты вольны ад жонкі? Не шукай жонкі.
Ты звязаны з жонкаю́ не шукай разводу. Ты застаўся без жонкí не шукай жонкі.
А калі і ажэнішся, не зграшыш; і калі дзяўчына пойдзе замуж, не зграшыць. Гэткія будуць мець прыгнёт у целе, а я вас шкадую.
Аднак калі і ажэнішся, то не саграшы́ш; і калі дзяўчына выйдзе замуж, то не саграшы́ць. Але яны будуць цярпець нягоды цялесныя; а я шкадую вас.
Але кажу вам, браты: час ужо наблізіўся; таму тыя, што маюць жонак, павінны быць як ня маюць;
Вось што кажу вам, браты: час ужо кароткі, так што і тыя, хто ма́е жонку, павінны жыць, як тыя, хто не ма́е;
і тыя, што плачуць, як ня плачуць; і тыя, што радуюцца, як ня радуюцца; і тыя, што купляюць, як не набываюць;
і хто плача — як тыя, хто не плача; і хто радуецца — як тыя, хто не радуецца; і хто купляе — як тыя, хто не набыва́е;
і тыя, што карыстаюцца гэтым сьветам, як не карыстаюцца; бо праходзіць выгляд гэтага сьвету.
і хто карыстаецца светам гэтым — як тыя, хто не карыстаецца; бо міна́е аблічча свету гэтага.
А я хачу, каб вы былі бяз клопату. Нежанаты клапоціцца пра тое, што Госпада, як дагадзіць Госпаду,
А я хачу, каб вы не мелі клопату. Нежанаты клапоціцца пра Гасподняе: як дагадзíць Госпаду;
а жанаты клапоціцца пра тое, што сьвету, як дагадзіць жонцы.
а жанаты клапо́ціцца пра свецкае: як дагадзíць жонцы. Ёсць розніца паміж замужняю жанчынаю і дзяўчынаю;
Ёсьць розьніца між жонкай і дзяўчынай: незамужняя клапоціцца пра тое, што Госпада, як дагадзіць Госпаду, каб быць сьвятою і целам, і духам; а замужняя клапоціцца пра тое, што сьвету, як дагадзіць мужу.
незамужняя клапо́ціцца пра Гасподняе: як дагадзíць Госпаду, каб быць святою і целам, і духам; а замужняя клапо́ціцца пра свецкае: як дагадзíць мужу.
А гэта кажу дзеля вашай жа карысьці, не каб накінуць на вас пятлю, але каб вы паважна і адпаведна [стаялі пры] Госпадзе без перашкодаў.
Кажу гэта для вашай жа карысці: не для таго, каб накінуць на вас путы, а каб вы былі добрапрыстойнымі і заставаліся з Госпадам няўхільна.
А калі нехта лічыць за непрыстойнае для свае дзяўчыны, каб яна, перацьвіўшы, так і засталася, няхай робіць, як хоча; [гэтым] не зграшыць, няхай жэняцца.
Калі ж хто лíчыць непрыстойным для сваёй дзяўчыны, што яна, пераспе́ўшы, застане́цца так, той няхай робіць як хоча — ён не саграшыць; няхай такія выходзяць замуж.
А хто стаў у сэрцы непарушна і, ня маючы патрэбы, але ўладу маючы над воляй сваёй, судзіў гэтак у сэрцы сваім, каб захаваць сваё дзявоцтва, той добра робіць.
Але хто непарушна цвёрды ў сэрцы сваім і не зму́шаны неабходнасцю, а ма́е ўладу рабіць па волі сваёй і ў сэрцы сваім вырашыў захаваць яе дзяўчынаю, той добра робіць.
Так што хто аддае замуж, добра робіць; а хто не аддае, лепш робіць.
Таму той, хто выдае́ замуж сваю дзяўчыну, робіць добра, а хто не выдае́, робіць лепш.
Жонка зьвязана законам да таго часу, пакуль жыве ейны муж; а калі муж ейны памрэ, яна вольная выйсьці замуж за каго хоча, толькі ў Госпадзе.
Жонка звя́зана законам, пакуль жывы муж яе; калі ж муж яе памрэ, яна вольная выйсці замуж за каго хоча, толькі ў Госпадзе.
Але яна шчасьлівейшая, калі застанецца так, паводле маёй парады; а я думаю, што і я маю Духа Божага.
Але блажэннейшая яна, калі застане́цца так, паводле майго меркавання; а думаю, што і я ма́ю Духа Божага.