1 да Карынфянаў 7 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Адносна таго, пра што вы пісалі да мяне, дык добра чалавеку не дакранацца да жанчыны.
 
Што да напісанага вамі, то добра для мужчыны не кранацца жанчыны.

Але, з увагі на распусту, кожны няхай мае сваю жонку, і кожная няхай мае свайго мужа.
 
Але, каб пазбегнуць распусты, кожны няхай мае сваю жонку, і кожная няхай мае свайго мужа.

Муж няхай аддае жонцы належную зычлівасьць; падобна і жонка мужу.
 
Муж няхай выконвае свой абавязак адносна жонкі. Таксама і жонка адносна мужа.

Жонка не валодае сваім целам, але муж; падобна і муж не валодае сваім целам, але жонка.
 
Жонка не распараджаецца сваім целам, але муж. Таксама і муж не распараджаецца сваім целам, але жонка.

Не ўхіляйцеся адзін ад аднаго, хіба па згодзе, на час, каб быць свабоднымі для посту і малітвы, і зноў у гэтым будзьце разам, каб не спакушаў вас шатан праз няўстрыманасьць вашую.
 
Не ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба па згодзе, на нейкі час, каб вы мелі час на малітву, а потым ізноў будзьце разам, каб не спакушаў вас сатана праз вашую няўстрыманасць.

А кажу гэтае як дазвол, а не як загад.
 
Кажу гэта як параду, а не як загад.

Бо хачу, каб усе людзі былі, як і я, але кожны мае свой дар ад Бога, адзін так, другі гэтак.
 
Бо хачу, каб усе людзі былі, як і я, але кожны мае свой дар ад Бога, адзін так, другі гэтак.

А нежанатым і ўдовам кажу: добра ім, калі застануцца, як я;
 
Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра, калі застануцца, як я,

а калі не ўстрымаюцца, няхай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым распаляцца.
 
але, калі не вытрымліваюць, няхай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым палаць пажадлівасцю.

Тым жа, што пажаніліся, ня я загадваю, але Госпад: жонцы — не разлучацца з мужам,
 
Тым жа, хто ажаніўся, не я наказваю, але Пан, каб жонка не адыходзіла ад мужа.

а калі разлучыцца, няхай застаецца бяз мужа ці няхай пагодзіцца з мужам; і мужу — не пакідаць жонкі.
 
Калі ж адыдзе, то няхай застаецца без мужа, ці паяднаецца са сваім мужам. Муж таксама няхай не пакідае жонкі.

А іншым кажу я, ня Госпад: калі нейкі брат мае жонку бязьверную, і яна згаджаецца жыць з ім, няхай ён не пакідае яе;
 
Астатнім кажу я, не Пан: калі хто з братоў мае жонку няверуючую, і яна згаджаецца жыць з ім, то няхай не пакідае яе.

і жонка, якая мае мужа бязьвернага, і ён згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідае яго.
 
Таксама жонка, якая мае няверуючага мужа, і той згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідае яго,

Бо муж бязьверны асьвячаецца ў жонцы, і жонка бязьверная асьвячаецца ў мужу; бо інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер яны — сьвятыя.
 
бо няверуючы муж асвячаецца праз жонку, і няверуючая жонка асвячаецца праз мужа; інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер яны святыя.

А калі бязьверны разлучаецца, няхай разлучаецца; брат ці сястра ў гэтакіх [выпадках] не прыняволеныя, бо да супакою паклікаў нас Бог.
 
Калі ж няверуючы хоча адысці, няхай адыдзе; брат ці сястра ў такіх выпадках не зняволеныя, бо да згоды паклікаў нас Пан.

Бо з чаго ты ведаеш, жонка, ці ня збавіш мужа? Або ты, муж, з чаго ведаеш, ці ня збавіш жонку?
 
Адкуль жа ты ведаеш, жонка, што збавіш мужа? Або ты, муж, адкуль ведаеш, што збавіш жонку?

Толькі кожны няхай ходзіць так, як Бог яму надзяліў, і кожны, як Госпад паклікаў. І гэтак я загадваю ў-ва ўсіх цэрквах.
 
Зрэшты, кожны няхай паступае так, як Бог яму вызначыў, да чаго кожнага паклікаў Пан. Так я загадваю па ўсіх Касцёлах.

Пакліканы хто абрэзаным? Няхай не хаваецца. Пакліканы хто ў неабразаньні? Няхай не абрэзваецца.
 
Калі пакліканы хтосьці абрэзаным, няхай не хаваецца. Пакліканы хтосьці неабрэзаным? Няхай не абрэзваецца!

Абразаньне ёсьць нішто, і неабразаньне ёсьць нішто, але [важнае] захоўваньне прыказаньняў Божых.
 
Абразанне — нішто, і неабразанне — нішто, але лічыцца выкананне Божых запаведзяў.

Кожны няхай застаецца ў тым пакліканьні, у якім пакліканы.
 
Кожны няхай застаецца ў тым пакліканні, у якім быў пакліканы.

Слугою ты пакліканы? Не табе клапаціцца, але, калі можаш стацца вольным, лепш скарыстайся.
 
Быў пакліканы як нявольнік? Не турбуйся. Але, калі можаш стаць свабодным, скарыстай з гэтага!

Бо слуга, пакліканы ў Госпадзе, ёсьць вызваленец Госпадавы; падобна і той, хто пакліканы вольным, ёсьць слуга Хрыстовы.
 
Бо нявольнік, пакліканы ў Пану, ёсць свабодным Пана. Гэтак сама і пакліканы як свабодны ёсць нявольнікам Хрыста.

Вы куплены дарагою цаною; не рабіцеся слугамі людзей.
 
Вы куплены дарагой цаною! Не станавіцеся нявольнікамі людзей.

Кожны ў якім [стане] пакліканы, браты, у такім няхай застаецца перад Богам.
 
Браты, кожны, у якім пакліканні быў пакліканы, у тым няхай застаецца перад Богам.

Адносна дзявоцтва я ня маю загаду ад Госпада, але даю параду, як той, над кім зьлітаваўся Госпад, каб быць яму верным.
 
Адносна дзеваў я не маю наказу ад Пана, але выказваю сваё меркаванне як той, каго міласэрнасць Пана зрабіла вартым даверу.

Дык лічу за добрае дзеля цяперашняе патрэбы, што добра чалавеку гэтак быць.
 
Таму з-за цяперашняга ўціску я лічу добрым, што чалавеку лепш заставацца такім.

Ты злучаны з жонкаю? Не шукай разводу. Ты вольны ад жонкі? Не шукай жонкі.
 
Ты маеш жонку? Не шукай вызвалення. Не маеш жонкі? Не шукай яе.

А калі і ажэнішся, не зграшыш; і калі дзяўчына пойдзе замуж, не зграшыць. Гэткія будуць мець прыгнёт у целе, а я вас шкадую.
 
Калі ты і ажаніўся, то не зграшыў, і калі дзева выйшла замуж, не зграшыла. Але такія зведаюць пакуту ў целе, а я шкадую вас.

Але кажу вам, браты: час ужо наблізіўся; таму тыя, што маюць жонак, павінны быць як ня маюць;
 
Я кажу вам, браты, што час кароткі.

і тыя, што плачуць, як ня плачуць; і тыя, што радуюцца, як ня радуюцца; і тыя, што купляюць, як не набываюць;
 
Таму тыя, хто мае жонак, няхай будуць як тыя, хто не мае. І тыя, хто плача, як тыя, хто не плача. І тыя, хто радуецца, як тыя, хто не радуецца. І тыя, хто купляе, як тыя, хто не набывае.

і тыя, што карыстаюцца гэтым сьветам, як не карыстаюцца; бо праходзіць выгляд гэтага сьвету.
 
І тыя, хто карыстаецца светам, няхай будуць як тыя, хто не карыстаецца, бо мінае вобраз гэтага свету.

А я хачу, каб вы былі бяз клопату. Нежанаты клапоціцца пра тое, што Госпада, як дагадзіць Госпаду,
 
Я хачу, каб вы былі бесклапотнымі. Нежанаты клапоціцца пра справы Пана, як спадабацца Пану.

а жанаты клапоціцца пра тое, што сьвету, як дагадзіць жонцы.
 
А жанаты клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца жонцы,

Ёсьць розьніца між жонкай і дзяўчынай: незамужняя клапоціцца пра тое, што Госпада, як дагадзіць Госпаду, каб быць сьвятою і целам, і духам; а замужняя клапоціцца пра тое, што сьвету, як дагадзіць мужу.
 
і ён падзелены. Таксама незамужняя жанчына і дзева клапоціцца пра справы Пана, каб быць святою і целам, і духам, а замужняя клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца мужу.

А гэта кажу дзеля вашай жа карысьці, не каб накінуць на вас пятлю, але каб вы паважна і адпаведна [стаялі пры] Госпадзе без перашкодаў.
 
Кажу гэта для вашай карысці, не для таго, каб накінуць на вас путы, але для таго, каб вы дастойна і вытрывала служылі Пану.

А калі нехта лічыць за непрыстойнае для свае дзяўчыны, каб яна, перацьвіўшы, так і засталася, няхай робіць, як хоча; [гэтым] не зграшыць, няхай жэняцца.
 
Калі хто-небудзь лічыць, што паступае нягодна са сваёй дзевай, бо мінаюць ужо гады яе маладосці, і перакананы, што павінен так паступіць, то няхай паступае, як хоча, ён не грашыць. Няхай жэняцца.

А хто стаў у сэрцы непарушна і, ня маючы патрэбы, але ўладу маючы над воляй сваёй, судзіў гэтак у сэрцы сваім, каб захаваць сваё дзявоцтва, той добра робіць.
 
Але калі нехта без ніякага прымусу, пануючы над сваёй воляй, цвёрда вырашыў у сваім сэрцы захаваць дзявоцтва, той робіць добра.

Так што хто аддае замуж, добра робіць; а хто не аддае, лепш робіць.
 
Таксама і той, хто жэніцца са сваёй дзевай, але той, хто не жэніцца, робіць яшчэ лепш.

Жонка зьвязана законам да таго часу, пакуль жыве ейны муж; а калі муж ейны памрэ, яна вольная выйсьці замуж за каго хоча, толькі ў Госпадзе.
 
Жонка звязаная столькі часу, колькі жыве яе муж. Аднак, калі памёр яе муж, яна можа выйсці замуж за каго пажадае, каб толькі ў Пану.

Але яна шчасьлівейшая, калі застанецца так, паводле маёй парады; а я думаю, што і я маю Духа Божага.
 
Аднак больш шчаслівай была б, калі б засталася так, як я раю. Думаю, і я маю Божага Духа.