1 да Карынфянаў 7 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Адносна таго, што вы пісалі мне, дык добра чалавеку не дакранацца да жанчыны.
Што да напісанага вамі, то добра для мужчыны не кранацца жанчыны.
Але з увагі на распусту кожны хай мае сваю жонку, і жонка кожная хай мае свайго мужа.
Але, каб пазбегнуць распусты, кожны няхай мае сваю жонку, і кожная няхай мае свайго мужа.
Хай муж аддае належную любасць жонцы, падобна і жонка мужу.
Муж няхай выконвае свой абавязак адносна жонкі. Таксама і жонка адносна мужа.
Жонка не мае ўлады над сваім целам, але муж. Гэтак сама і муж не мае ўлады над сваім целам, але жонка.
Жонка не распараджаецца сваім целам, але муж. Таксама і муж не распараджаецца сваім целам, але жонка.
Не ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба толькі з узаемнай згоды, да часу, каб прысвяціць сябе посту і малітве, і потым зноў будзьце разам, каб шатан не спакушаў вас праз няўстрыманасць вашу.
Не ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба па згодзе, на нейкі час, каб вы мелі час на малітву, а потым ізноў будзьце разам, каб не спакушаў вас сатана праз вашую няўстрыманасць.
Кажу гэта як параду, а не як загад.
Кажу гэта як параду, а не як загад.
Бо жадаю, каб усе людзі былі, як я, але кожны мае свой уласны дар ад Бога: адзін так, адзін інакш.
Бо хачу, каб усе людзі былі, як і я, але кожны мае свой дар ад Бога, адзін так, другі гэтак.
Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра ім заставацца так, як я.
Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра, калі застануцца, як я,
Калі ж не змогуць устрымлівацца, хай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым распаляцца.
але, калі не вытрымліваюць, няхай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым палаць пажадлівасцю.
Тым жа, што жывуць у шлюбе, загадваю не я, але Госпад, каб жонка не разлучалася з мужам.
Тым жа, хто ажаніўся, не я наказваю, але Пан, каб жонка не адыходзіла ад мужа.
Калі ж, аднак, разлучыцца, хай застаецца незамужняй або хай пагодзіцца з мужам. Таксама і муж хай не пакідае жонкі.
Калі ж адыдзе, то няхай застаецца без мужа, ці паяднаецца са сваім мужам. Муж таксама няхай не пакідае жонкі.
Іншым жа кажу я, а не Госпад: калі хто з братоў мае жонку бязверную і яна згаджаецца жыць з ім, дык хай не пакідае яе.
Астатнім кажу я, не Пан: калі хто з братоў мае жонку няверуючую, і яна згаджаецца жыць з ім, то няхай не пакідае яе.
Таксама і жонка, якая мае бязвернага мужа і калі ён згаджаецца жыць з ёю, хай не пакідае яго.
Таксама жонка, якая мае няверуючага мужа, і той згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідае яго,
Бо бязверны муж асвячаецца ў жонцы, а бязверная жонка асвячаецца ў мужу. Інакш вашы дзеці былі б нячыстымі, а цяпер — святыя.
бо няверуючы муж асвячаецца праз жонку, і няверуючая жонка асвячаецца праз мужа; інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер яны святыя.
А калі бязверны хоча разлучыцца, хай разлучаецца. Брат або сястра ў гэткіх выпадках не прынявольваюцца. Да згоды паклікаў нас Госпад.
Калі ж няверуючы хоча адысці, няхай адыдзе; брат ці сястра ў такіх выпадках не зняволеныя, бо да згоды паклікаў нас Пан.
Адкуль, дарэчы, можаш ведаць, жонка, ці не збавіш свайго мужа? Або адкуль ведаеш, муж, ці не збавіш сваю жонку?
Адкуль жа ты ведаеш, жонка, што збавіш мужа? Або ты, муж, адкуль ведаеш, што збавіш жонку?
Няхай бы кожны жыў так, як Бог яму прызначыў ды да чаго паклікаў Госпад; і гэтак я загадваю ва ўсіх цэрквах.
Зрэшты, кожны няхай паступае так, як Бог яму вызначыў, да чаго кожнага паклікаў Пан. Так я загадваю па ўсіх Касцёлах.
Пакліканы хтосьці як абрэзаны? Хай не хавае абразання! Пакліканы хтосьці як неабрэзаны? Хай не абразаецца.
Калі пакліканы хтосьці абрэзаным, няхай не хаваецца. Пакліканы хтосьці неабрэзаным? Няхай не абрэзваецца!
Абразанне ёсць нішто, і неабразанне ёсць нішто, але важна выкананне прыказанняў Божых.
Абразанне — нішто, і неабразанне — нішто, але лічыцца выкананне Божых запаведзяў.
Дык хай кожны, у якім пакліканні быў пакліканы, у такім і застаецца.
Кожны няхай застаецца ў тым пакліканні, у якім быў пакліканы.
Быў ты пакліканы як нявольнік? Не турбуйся! Але калі можаш стацца вольным, лепш скарыстайся!
Быў пакліканы як нявольнік? Не турбуйся. Але, калі можаш стаць свабодным, скарыстай з гэтага!
Бо, хто пакліканы ў Госпадзе як нявольнік, ёсць вызваленцам Госпадавым. Падобна і той, хто пакліканы як вольны, той нявольнік Хрыстоў!
Бо нявольнік, пакліканы ў Пану, ёсць свабодным Пана. Гэтак сама і пакліканы як свабодны ёсць нявольнікам Хрыста.
Вялікаю цаною вы здабыты! Дык не будзьце нявольнікамі людзей.
Вы куплены дарагой цаною! Не станавіцеся нявольнікамі людзей.
Браты, хай кожны трывае перад Богам у тым, у чым быў пакліканы.
Браты, кожны, у якім пакліканні быў пакліканы, у тым няхай застаецца перад Богам.
Што да дзявоцтва, загаду Госпада не маю, але даю параду як той, хто атрымаў ласку ад Бога быць дастойным веры.
Адносна дзеваў я не маю наказу ад Пана, але выказваю сваё меркаванне як той, каго міласэрнасць Пана зрабіла вартым даверу.
Дзеля надыходзячых патрэб за лепшае лічу, што добра так застацца жыць чалавеку.
Таму з-за цяперашняга ўціску я лічу добрым, што чалавеку лепш заставацца такім.
Ты жанаты? Не шукай разводу! Ты без жонкі? Не шукай жонкі.
Ты маеш жонку? Не шукай вызвалення. Не маеш жонкі? Не шукай яе.
Калі ж ажэнішся, не зграшыш. Падобна і дзяўчына, калі ідзе замуж, не грашыць. Такія, аднак, будуць мець клопаты паводле цела, а я вас шкадую.
Калі ты і ажаніўся, то не зграшыў, і калі дзева выйшла замуж, не зграшыла. Але такія зведаюць пакуту ў целе, а я шкадую вас.
Кажу, браты, што час кароткі! Дык трэба, каб тыя, што маюць жонак, жылі, як быццам не маюць;
Я кажу вам, браты, што час кароткі.
і тыя, што плачуць, як быццам не плачуць, і тыя, што цешацца, як бы не цешацца, і тыя, што набываюць, быццам не набываюць,
Таму тыя, хто мае жонак, няхай будуць як тыя, хто не мае. І тыя, хто плача, як тыя, хто не плача. І тыя, хто радуецца, як тыя, хто не радуецца. І тыя, хто купляе, як тыя, хто не набывае.
і тыя, што карыстаюцца гэтым светам, як бы не карыстаюцца. Бо праходзіць вобраз гэтага свету.
І тыя, хто карыстаецца светам, няхай будуць як тыя, хто не карыстаецца, бо мінае вобраз гэтага свету.
Хачу, каб вы былі без клопату. Чалавек нежанаты рупіцца пра Госпада, як падабацца Госпаду.
Я хачу, каб вы былі бесклапотнымі. Нежанаты клапоціцца пра справы Пана, як спадабацца Пану.
А хто жанаты, рупіцца пра [справы] свету, як падабацца жонцы.
А жанаты клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца жонцы,
Ёсць розніца паміж жонкай і дзяўчынай: незамужняя рупіцца пра Госпада, каб быць святой і целам, і духам; а якая замужам, рупіцца аб свеце, як падабацца мужу.
і ён падзелены. Таксама незамужняя жанчына і дзева клапоціцца пра справы Пана, каб быць святою і целам, і духам, а замужняя клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца мужу.
Кажу гэта на вашу карысць, не каб паставіць вам пастку, але каб вы дастойна і бесперапынна былі пры Госпадзе, не азіраючыся.
Кажу гэта для вашай карысці, не для таго, каб накінуць на вас путы, але для таго, каб вы дастойна і вытрывала служылі Пану.
Калі хто, аднак, лічыць ганебным адносна дзяўчыны сваёй, што яна перацвіла, ды ён перакананы, што павінен так зрабіць, хай робіць, як хоча; гэтым не грашыць, хай выходзяць замуж.
Калі хто-небудзь лічыць, што паступае нягодна са сваёй дзевай, бо мінаюць ужо гады яе маладосці, і перакананы, што павінен так паступіць, то няхай паступае, як хоча, ён не грашыць. Няхай жэняцца.
А калі хто-небудзь, цвёрды ў сэрцы сваім, не маючы неабходнасці, мае, тым не менш, уладу над воляй сваёй, так пастановіць і вырашыць у сэрцы сваім захаваць дзяўчыну сваю, — добра робіць.
Але калі нехта без ніякага прымусу, пануючы над сваёй воляй, цвёрда вырашыў у сваім сэрцы захаваць дзявоцтва, той робіць добра.
Дык хто аддае замуж сваю дзяўчыну, добра робіць; а хто не аддае замуж, яшчэ лепш робіць.
Таксама і той, хто жэніцца са сваёй дзевай, але той, хто не жэніцца, робіць яшчэ лепш.
Жонка звязана законам, пакуль яе муж жыве, а як муж яе памрэ, можа выйсці за каго захоча, толькі ў Госпадзе.
Жонка звязаная столькі часу, колькі жыве яе муж. Аднак, калі памёр яе муж, яна можа выйсці замуж за каго пажадае, каб толькі ў Пану.
Шчаснейшая, аднак, будзе, калі застанецца так, паводле маёй парады. А думаю, што і я таксама маю Духа Божага.
Аднак больш шчаслівай была б, калі б засталася так, як я раю. Думаю, і я маю Божага Духа.