1 да Карынфянаў 13 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, то я — медзь, што звініць, або цымбалы, што гудзяць.
Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, я — як медзь звонкая або гулкія цымбалы.
І калі я маю дар праракавання ды зведаў усе таямніцы і ўсякія веды, і маю ўсю веру, што і горы пераносіць, але любові не маю, — я нішто.
Калі маю дар прароцтва і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я — нішто.
І калі б раздаў на бедных усю сваю маёмасць і цела сваё аддаў на спаленне, але любові не меў бы — ніякай мне з гэтага карысці.
Калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці.
Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, не бывае ганарыстай, не надзімаецца,
Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца,
не амбітная, не шукае таго, што сваё, не злуецца, не думае благога,
не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла,
не цешыцца з несправядлівасці, але радуецца праўдзе,
не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай.
усё пераносіць, ва ўсё верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць.
Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць.
Любоў ніколі не знікае. А вось, прароцтвы знікнуць, і мовы змоўкнуць, і веды занепадуць.
Любоў ніколі не мінае. Не так як прароцтвы, якія спыняцца, ці мовы, якія змоўкнуць, ці веды, якія скончацца.
Бо мы часткова пазнаём і часткова праракуем.
Бо мы часткова пазнаем і часткова прарочым,
Калі ж надыдзе дасканалае, тады знікне тое, што частковае.
а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, знікне.
Калі я быў дзіцём, гаварыў па-дзіцячаму, разумеў па-дзіцячаму, думаў па-дзіцячаму, а як стаў мужам, пазбыўся таго, што дзіцячае.
Калі я быў дзіцём, то як дзіця гаварыў, як дзіця думаў, як дзіця разважаў; а калі стаў мужчынам, то пакінуў дзіцячае.
Цяпер мы бачым быццам праз мутнае шкло, не выразна, а тады тварам у твар. Цяпер пазнаю часткова, а тады пазнаю так, як я сам пазнаны.
Бо цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна, а тады — тварам у твар. Цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны.
Дык цяпер трываюць гэтыя тры: вера, надзея і любоў; але большая з іх — любоў.
А цяпер трываюць вера, надзея і любоў — гэтыя тры, але найбольшая з іх любоў.