1 да Карынфянаў 13 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Калі я гавару мовамі чалаве́чымі і ангельскімі, а любві ня маю, то я ме́дзь зьвінячая ці кімвал гудзячы.
Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, я — як медзь звонкая або гулкія цымбалы.
Калі я маю прароцтва, і ве́даю ўсе́ тайны і ўсякае ве́даньне, і калі маю ўсю ве́ру, каб і горы перастаўляць, а ня маю любві, дык я нішто.
Калі маю дар прароцтва і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я — нішто.
І калі я раздам усю маемасьць маю і аддам це́ла маё на спале́ньне, а любві ня маю, дык няма мне́ ніякае карысьці.
Калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці.
Любоў це́рціць доўга, міласэрная яна; любоў не завідуе; любоў не вывышшаецца, не надзімаецца,
Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца,
ня буяніць, ня шукае свайго, не гняўліва, ня думае благога,
не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла,
ня радуецца з крыўды, але це́шыцца з праўды.
не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай.
Усё пакрывае, усяму ве́рыць, усяго спадзяе́цца, усё це́рпіць.
Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць.
Любоў ніколі ня чэзьне, а вось прароцтвы — і тыя чэзнуць, і мовы змоўкнуць, і ве́да зьніштожыцца.
Любоў ніколі не мінае. Не так як прароцтвы, якія спыняцца, ці мовы, якія змоўкнуць, ці веды, якія скончацца.
Бо мы часткова ве́даем і часткова прарочым;
Бо мы часткова пазнаем і часткова прарочым,
калі-ж прыдзе дасканалае, тады тое, што часткова, счэзьне.
а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, знікне.
Калі я быў дзіцяткам, дык па-дзіцячаму гаварыў, па-дзіцячаму разважаў; я як стаўся мужам, дык пакінуў дзіцячае.
Калі я быў дзіцём, то як дзіця гаварыў, як дзіця думаў, як дзіця разважаў; а калі стаў мужчынам, то пакінуў дзіцячае.
Цяпе́р мы бачым як-бы праз мутнае шкло, дагадваючыся; тады-ж абліччам да аблічча; цяпе́р я пазнаю́ часткова, а тагды пазна́ю гэтак сама, як сам я пазна́ны.
Бо цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна, а тады — тварам у твар. Цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны.
А цяпе́р трываюць ве́ра, надзе́я, любоў — гэтыя тры; але большая з іх любоў.
А цяпер трываюць вера, надзея і любоў — гэтыя тры, але найбольшая з іх любоў.