1 да Карынфянаў 12 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Аб духоўных-жа, браты, не хачу, каб вы няве́далі.
 
Аб духоўных справах, браты, не хачу пакінуць вас у няведанні.

Ве́даеце, што, як былі вы паганамі, дык да ідалаў безгалосных хадзілі, быццам вялі вас.
 
Ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, то вялі вас да нямых ідалаў, быццам зняволеных.

Дзеля гэтага кажу вам, што ніхто, гаворачы Духам Божым, ня скажа праклёну на Ісуса; і ніхто ня можа назваць Ісуса Госпадам, як толькі Духам Сьвятым.
 
Дзеля гэтага кажу вам, што ніхто пад уплывам Духа Божага не можа сказаць: «Праклён на Езуса!» І ніхто не можа сказаць: «Панам ёсць Езус», калі не будзе ў Духу Святым.

Ёсьць розьніцы ў дараваньнях, але Дух той самы;
 
Розныя ёсць дары, але той самы Дух.

і розьніцы ў служэньні, а Госпад той самы;
 
Розныя ёсць служэнні, але той самы Пан.

і розьніцы ў дзе́яньні, а Бог той самы, што ўсё і ў-ва ўсіх робіць.
 
Розныя ёсць дзеянні, але той самы Бог, які робіць усё ва ўсіх.

Але кожнаму дае́цца выяўле́ньне духа на карысьць:
 
Аднак кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць.

аднаму дае́цца Духам слова мудрасьці, другому слова ве́ды тым-жа Духам;
 
Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому — слова пазнання паводле таго самага Духа;

іншаму ве́ра тым жа духам; іншаму дар азрадаўляньня тым-жа Духам;
 
іншаму — вера ў тым самым Духу; іншаму — дар аздараўлення ў тым жа Духу;

іншаму рабіць цуды, іншаму прароцтва, іншаму распазнаваньне духаў, іншаму розныя мовы, іншаму тлумачэньне моваў.
 
іншаму — моц чыніць цуды, іншаму — прароцтва, іншаму — распазнаванне духаў, іншаму — розныя мовы, іншаму — тлумачэнне моваў.

Усё-ж гэтае робіць адзін і той-жа Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Яму хочацца.
 
А ўсё гэта здзяйсняе адзін і той жа Дух, які ўдзяляе кожнаму паасобку, як жадае.

Бо, як це́ла адно, але ма́е многа чле́наў, і ўсе чле́ны аднаго це́ла, хаця іх і многа, ёсьць адно це́ла, — гэтак і Хрыстос.
 
Як цела адно, але мае многа членаў, якія, хоць іх шмат, складаюць адно цела, так і Хрыстус.

Бо ўсе́ адным Духам ахрышчаны ў адно це́ла, Юдэі ці Грэкі, рабы ці вольныя, і ўсе́ напоены адным Духам.
 
Бо ўсе мы ў адным Духу ахрышчаныя ў адно цела: ці то юдэі, ці то грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоўненыя адным Духам.

Це́ла-ж не адзін чле́н, але многа.
 
Цела — гэта не адзін член, але шмат.

Калі скажа нага́: я — ня рука, я не ад це́ла, дык ці-ж яна і не ад це́ла?
 
Калі скажа нага: «Я не рука, таму не належу да цела», то ці ж яна не належыць да цела?

І калі скажа вуха: я ня — вока, я не ад це́ла, дык няўжо-ж яно і не ад це́ла?
 
І калі скажа вуха: «Я не вока, таму не належу да цела», то ці ж яно не належыць да цела?

Калі ўсе це́ла — вока, дык гдзе́ слых? Калі ўсе слых, дык гдзе́ нюх?
 
Калі ўсё цела — гэта вока, то дзе ж слых? Калі ўсё слых, то дзе нюх?

Але-ж Бог разлажыў чле́ны, кожны з іх па адным, у це́ле, як Сам хаце́ў.
 
Цяпер жа Бог змясціў члены, кожны паасобку ў целе, як захацеў.

А калі-б усе́ былі адзін чле́н, дык гдзе́ це́ла?
 
А калі б усе былі адным членам, то дзе цела?

Але цяпе́р чле́наў многа, а це́ла адно.
 
Цяпер жа членаў шмат, але цела адно.

Ня можа-ж вока сказаць руцэ: ты мне́ непатрэбна; ці таксама галава нага́м: вы мне́ непатрэбныя.
 
Таму не можа вока сказаць руцэ: «Ты мне не патрэбна!», ці таксама галава — нагам: «Вы мне не патрэбныя!»

Але-ж чле́ны це́ла, якія здаюцца слабе́йшымі, шмат патрабне́йшыя,
 
Але ж члены цела, якія здаюцца найслабейшымі, нашмат больш патрэбныя.

і, якія нам здаюцца больш непачэснымі ў целе, тых бале́й у чэсьці ма́ем, і нашыя няпрыстойныя больш прыстойны выгляд маюць,
 
І тыя, якія лічам менш пачэснымі ў целе, мы больш ушаноўваем, і нашым непрыстойным мы надаём больш прыстойнасці,

а нашыя прыстойныя ня маюць патрэбы. Але Бог склаў це́ла, даўшы ме́нш дасканалым большую чэсьць,
 
бо нашым прыстойным гэтага не трэба. Але Бог сфармаваў цела, даючы слабейшым большую пашану,

каб ня было падзе́лу ў це́ле, а ўсе́ чле́ны аднолькава адзін аб адным каб рупіліся.
 
каб не было падзелу ў целе, але каб усе члены рупіліся адзін аб адным.

Дзеля гэтага, калі це́рпіць адзін член, церпяць з ім усе́ чле́ны; калі славіцца адзін чле́н, з ім радуюцца ўсе́ чле́ны.
 
Таму, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены; калі праслаўляецца адзін член, з ім радуюцца ўсе члены.

Вы-ж — це́ла Хрыстовае, а паасобна — чле́ны.
 
Вы ж — цела Хрыстовае, а паасобку — члены.

І адных Бог паставіў у Царкве́ напе́рш Апосталамі, потым прарокамі, трэціх вучыцялямі; дале́й (цудоўныя) сілы, затым дары аздараўляньня, дапамаганьня, гаспадараваньня, розныя мовы.
 
Адных Бог паставіў у Касцёле найперш апосталамі, другіх — прарокамі, трэціх — настаўнікамі, потым даў моц, потым — дары аздараўлення, дапамогі, кіравання, розныя мовы.

Ці ўсе́ Апосталы? ці ўсе́ прарокі? ці ўсе́ вучыцялі? Ці ўсе́ (цудоўныя) сілы?
 
Ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе цудатворцы?

Ці ўсе́ маюць дар аздараўляньня? ці ўсе́ гавораць мовамі? ці ўсе́ тлумачы?
 
Ці ўсе маюць дар аздараўлення? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?

Рупцеся аб дарох большых, і я пакажу вам шлях яшчэ ле́пшы.
 
Дбайце пра большыя дары, і я пакажу вам яшчэ лепшы шлях.