1 да Карынфянаў 16 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Пры складцы-ж, што для сьвятых, рабе́це і вы так, як я ўстанавіў у цэрквах Галяцкіх:
Што датычыць складкі для святых, то рабіце і вы так, як я ўстанавіў у Касцёлах Галатыі.
у пе́ршы дзе́нь тыдня кожны з вас няхай складае ў сябе́ і захоўвае, як яму вядзе́цца, каб не рабіць збораў тады, як я прыду.
У першы дзень тыдня кожны з вас няхай адкладае штосьці, калі яму добра вядзецца, каб не збіраць складкі тады, як я прыйду.
Калі-ж прыду, дык, якіх вы́бераце, тых пашлю з пісьмамі зане́сьці ваш дар у Ерузалім.
Калі ж прыйду, то тых, каго вы выберыце, пашлю з лістамі, каб аднеслі ваш дар у Ерузалем.
А калі прыстойна будзе і мне́ пайсьці, дык са мною по́йдуць.
А калі неабходна будзе і мне пайсці, то пойдуць са мною.
Я-ж прыду да вас, калі прайду Македонію (бо праз Македонію праходжу).
Я ж прыйду да вас, калі прайду Македонію.
У вас жа можа забаўлюся, або й перазімую, каб вы мяне́ праводзілі, куды пайду.
У вас, магчыма, затрымаюся, або нават і перазімую, каб вы мяне правялі, куды пайду.
Бо не хачу бачыцца з вамі цяпе́р мімаходам, але спадзяюся прабыць у вас трохі часу, калі Госпад дазволіць.
Бо не хачу бачыцца з вамі цяпер мімаходам, але спадзяюся прабыць у вас трохі часу, калі Пан дазволіць.
У Эфэсе-ж прабуду да пяцідзесятніцы,
У Эфесе затрымаюся аж да Пяцідзясятніцы,
бо для мяне́ адчынены вялікія і шырокія дзьве́ры, і многа праціўнікаў.
бо для мяне адчынены вялікія і шырокія дзверы, і шмат ёсць праціўнікаў.
Калі-ж прыдзе да вас Цімахве́й, глядзе́це, каб быў у вас бясьпе́чны; бо дзе́ла Госпада робіць, як і я;
Калі прыйдзе да вас Цімафей, глядзіце, каб быў у вас бяспечны, бо ён працуе для справы Пана, як і я.
дык няхай ніхто не пагарджае ім, але правядзе́це яго ў супакоі, каб ён прышоў да мяне́; бо жду яго з братамі.
Таму няхай ніхто не пагарджае ім. Правядзіце яго ў спакоі, каб ён прыйшоў да мяне, бо я чакаю яго з братамі.
Што да брата Апалёса, дык я ве́льмі прасіў яго, каб з братамі пайшоў да вас; ды ён зусім ня ме́ў ахвоты ісьці цяпе́р, але прыдзе, калі яму будзе зручна.
Што да брата Апалоса, то я вельмі прасіў яго, каб з братамі пайшоў да вас. Ды наогул ён не меў ахвоты ісці цяпер, але прыйдзе, калі яму будзе зручна.
Чувайце, стойце ў ве́ры, будзьце мужнымі і цьвёрдымі!
Чувайце, трывайце ў веры, будзьце мужнымі і моцнымі.
Усё ў вас няхай у любві робіцца.
Усё ў вас няхай робіцца ў любові.
Малю-ж вас, браты: вы ве́даеце сям’ю Сьцяпанаву, што яна ёсьць пачатак Ахайі, і што яны аддалі сябе́ на служэньне сьвятым;
Прашу вас, браты: вы ведаеце сям’ю Стэфана, што яна — першы плод Ахаі, і што яны аддалі сябе на служэнне святым.
дык каб і вы былі пакорлівымі гэтакім дый кожнаму, хто памагае нам і працуе.
Таму і вы будзьце паслухмянымі такім ды кожнаму, хто садзейнічае вам і цяжка працуе.
Я рады з прыходу Сьцяпана, Фартуната і Ахаіка; яны папоўнілі для мяне́ вашую нястачу.
Я рады прыйсцю Стэфана, Фартуната і Ахаіка, бо яны запоўнілі для мяне вашую адсутнасць.
Бо яны мой дух супакоілі дый ваш. Дык паважайце гэтакіх.
Яны падтрымалі мяне і вас на духу. Таму шануйце такіх.
Вітаюць вас усе́ цэрквы Азійскія; вітаюць вас шчыра ў Госпадзе Акіла і Прыскілла з іх дамовай царквой.
Вітаюць вас усе Касцёлы Азіі. Вітаюць вас шчыра ў Пану Аквіла і Прысцыла разам з Касцёлам, які збіраецца ў іх доме.
Вітаюць вас усе́ браты. Прывітайце адзін аднаго сьвятым пацалункам.
Вітаюць вас усе браты. Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам.
Прывітаньне мае́й рукой, Паўлавай.
Гэта ўласнаручнае маё, Паўла, прывітанне.
Хто ня любіць Госпада Ісуса Хрыста, анафема! Няхай пры́дзе наш Госпад!
Калі хто не любіць Пана, няхай будзе выключаны з супольнасці. Марана-та!
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі;
Ласка Пана Езуса няхай будзе з вамі.
любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце́ Ісусе. Амін.
Любоў мая з усімі вамі ў Хрысце Езусе.