Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

1 да Карынцянаў 16 1-е пасланне да Карынцянаў 16 разьдзел

ЗАКАНЧЭННЕ

Справа складак для ўбогіх

1 Што датычыць складкі для святых, то рабіце і вы так, як я ўстанавіў у Касцёлах Галатыі.
2 У першы дзень тыдня кожны з вас няхай адкладае штосьці, калі яму добра вядзецца, каб не збіраць складкі тады, як я прыйду.
3 Калі ж прыйду, то тых, каго вы выберыце, пашлю з лістамі, каб аднеслі ваш дар у Ерузалем.
4 А калі неабходна будзе і мне пайсці, то пойдуць са мною.
Планаванне падарожжа ў Карынт

5 Я ж прыйду да вас, калі прайду Македонію.
6 У вас, магчыма, затрымаюся, або нават і перазімую, каб вы мяне правялі, куды пайду.
7 Бо не хачу бачыцца з вамі цяпер мімаходам, але спадзяюся прабыць у вас трохі часу, калі Пан дазволіць.
8 У Эфесе затрымаюся аж да Пяцідзясятніцы,
9 бо для мяне адчынены вялікія і шырокія дзверы, і шмат ёсць праціўнікаў.
10 Калі прыйдзе да вас Цімафей, глядзіце, каб быў у вас бяспечны, бо ён працуе для справы Пана, як і я.
11 Таму няхай ніхто не пагарджае ім. Правядзіце яго ў спакоі, каб ён прыйшоў да мяне, бо я чакаю яго з братамі.
12 Што да брата Апалоса, то я вельмі прасіў яго, каб з братамі пайшоў да вас. Ды наогул ён не меў ахвоты ісці цяпер, але прыйдзе, калі яму будзе зручна.
Заключныя заахвочванні і прывітанні

13 Чувайце, трывайце ў веры, будзьце мужнымі і моцнымі.
14 Усё ў вас няхай робіцца ў любові.
15 Прашу вас, браты: вы ведаеце сям’ю Стэфана, што яна — першы плод Ахаі, і што яны аддалі сябе на служэнне святым.
16 Таму і вы будзьце паслухмянымі такім ды кожнаму, хто садзейнічае вам і цяжка працуе.
17 Я рады прыйсцю Стэфана, Фартуната і Ахаіка, бо яны запоўнілі для мяне вашую адсутнасць.
18 Яны падтрымалі мяне і вас на духу. Таму шануйце такіх.
19 Вітаюць вас усе Касцёлы Азіі. Вітаюць вас шчыра ў Пану Аквіла і Прысцыла разам з Касцёлам, які збіраецца ў іх доме.
20 Вітаюць вас усе браты. Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам.
21 Гэта ўласнаручнае маё, Паўла, прывітанне.
22 Калі хто не любіць Пана, няхай будзе выключаны з супольнасці. Марана-та!
23 Ласка Пана Езуса няхай будзе з вамі.
24 Любоў мая з усімі вамі ў Хрысце Езусе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першае пасланне да Карынцянаў, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019