Прыклад з гісторыі Ізраэля
1 Не хачу, браты, каб вы не ведалі, што айцы нашыя ўсе былі пад воблакам і ўсе прайшлі праз мора,
1 Не хачу, браты, каб вы не ведалі, што айцы нашыя ўсе былі пад воблакам і ўсе прайшлі праз мора,
2 і ўсе акунуліся за Майсеем у воблаку і ў моры,
3 і ўсе елі тую самую духоўную ежу,
4 і ўсе пілі той самы духоўны напой, бо пілі з духоўнай скалы, што спадарожнічала ім, а скалою быў Хрыстус.
5 Аднак большасць з іх не ўпадабаў Бог, таму яны былі загублены ў пустыні.
6 Гэта адбылося як прыклад для нас, каб мы не пажадалі дрэннага, як жадалі яны.
7 Не будзьце ідалапаклоннікамі, як некаторыя з іх, як напісана: «Народ сеў, каб есці і піць, ды ўстаў забаўляцца».
8 Не будзем распуснічаць, як некаторыя з іх распуснічалі, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы.
9 І не выпрабоўвайце Хрыста, як некаторыя з іх выпрабоўвалі і загінулі ад змеяў.
10 Не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і загінулі ад згубніка.
11 Гэта здарылася з імі як прыклад, бо напісана дзеля павучэння нам, якім выпала жыць у канцы вякоў.
12 Таму, калі некаму здаецца, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці.
13 Вы не былі выпрабаваныя па-над людскія сілы. Бог, які ёсць верным, не дазволіць выпрабоўваць вас больш, чым маеце сілы, але разам з выпрабаваннем дасць і выйсце, каб вы маглі вытрываць.
Хрыстус — адзіны Пан
14 Мае ўмілаваныя, уцякайце ад ідалапаклонства.
14 Мае ўмілаваныя, уцякайце ад ідалапаклонства.
15 Я гавару вам як разумным, а вы разважце самі, што кажу.
16 Келіх благаслаўлення, які благаслаўляем, ці не з’яўляецца ўдзелам у Крыві Хрыста? Хлеб, які ламаем, ці ж не з’яўляецца ўдзелам у Целе Хрыста?
17 Адзін ёсць хлеб, адно цела — мы многія. Бо мы ўсе саўдзельнікі аднаго Хлеба.
18 Глядзіце на Ізраэль паводле цела: ці тыя, хто спажывае ахвяры, не з’яўлюцца супольнікамі алтара?
19 Што ж кажу я? Ці ахвяра ідалам мае значэнне? Або ідал мае значэнне?
20 Не, бо тое, што ахвяруюць, яны ахвяруюць дэманам, а не Богу. Я ж не хачу, каб вы сталі супольнікамі дэманаў.
21 Вы не можаце піць келіха Пана і келіха дэманаў. Не можаце сядзець за сталом Пана і за сталом дэманаў.
22 Няўжо мы будзем абуджаць зайздрасць Пана? Хіба мы мацнейшыя за Яго?
Усё павінна служыць Божай хвале
23 Усё можна, але не ўсё карысна. Усё можна, але не ўсё будуе.
23 Усё можна, але не ўсё карысна. Усё можна, але не ўсё будуе.
24 Няхай ніхто не шукае свайго, але таго, што карысна для іншага.
25 Усё, што прадаецца на рынку, ешце без дакораў сумлення,
26 бо Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй.
27 Калі хто з няверуючых запрашае вас, і вы хочаце пайсці, ешце ўсё, што дадуць, без дакораў сумлення.
28 Аднак, калі хто скажа вам: «Гэта ахвяра са святыні», не ешце з увагі на таго, хто гэта вам сказаў, і дзеля сумлення.
29 Кажу не пра вашае сумленне, а таго чалавека. Бо дзеля чаго маю свабоду будзе асуджаць чыёсьці сумленне?
30 Калі я з удзячнасцю прымаю ежу, то чаму асуджаюць мяне за тое, што я дзякую?
31 Ці ясце, ці п’яце, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую.
32 Не будзьце прычынай упадку ні для юдэяў, ні для грэкаў, ні для Касцёла Божага,
33 як і я стараюся дагадзіць усім ва ўсім, шукаючы не сваёй карысці, але карысці многіх, каб яны былі збаўленыя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першае пасланне да Карынцянаў, 10 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019