1 да Карынфянаў 11 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Насьлядуйце мяне́, як і я Хрыста.
 
Наследуйце мяне, як і я наследую Хрыста.

Хвалю вас, браты, што вы ўсе маё помніце і дзе́ржыце наказы, як я наказаў вам.
 
Хвалю вас, што вы памятаеце пра мяне і захоўваеце тое, што я пераказаў вам.

Хачу-ж, каб вы ве́далі, што ўсякаму мужу галава Хрыстос, жонцы галава — муж, а Хрысту галава — Бог.
 
Хачу, каб вы ведалі, што галава кожнага мужчыны — Хрыстус, галава жанчыны — мужчына, а Хрысту галава — Бог.

Усякі муж, што моліцца або прарочыць з пакрытаю галавою, сароміць сваю галаву;
 
Кожны мужчына, які моліцца або прарочыць з пакрытаю галавою, сароміць сябе.

і ўсякая жанчына, што моліцца або прарочыць з непакрытаю галавою, сароміць сваю галаву, бо гэта адно і тое-ж, як-бы яна аголена;
 
І кожная жанчына, што моліцца або прарочыць з непакрытаю галавою, сароміць сябе, бо выглядае, як аголеная.

бо, калі жанчына не пакрываецца, дык няхай і стрыжэцца; а калі жанчыне сорамна стрыгчыся ці галіцца, няхай пакрываецца.
 
Калі жанчына не пакрывае галавы, то няхай і абстрыжэцца. Калі стрыгчыся ці галіцца жанчыне сорам, няхай пакрывае сваю галаву.

Дык мужу ня трэба накрываць галаву, бо ён абраз і слава Божая; жонка-ж ёсьць слава мужава.
 
Мужчына не павінен пакрываць сабе галаву, бо ён вобраз і адлюстраванне хвалы Божай. Жанчына ж — адлюстраванне хвалы мужчыны.

Бо ня муж ад жаны, але жана́ ад мужа.
 
Бо не мужчына ад жанчыны, але жанчына ад мужчыны.

І ня муж створаны дзеля жаны, але жана́ дзеля мужа.
 
І не мужчына быў створаны дзеля жанчыны, але жанчына дзеля мужчыны.

Дзеля гэтага жана́ і павінна ме́ць на галаве́ знак улады над ёю, дзеля Ангелаў.
 
Таму жанчына павінна мець на галаве знак улады над ёю з увагі на анёлаў.

Дый ні муж бяз жонкі, ні жана́ бяз мужа, у Госпадзе.
 
Аднак у Пану няма ні жанчыны без мужчыны, ні мужчыны без жанчыны.

Бо, як жана́ ад мужа, так і муж праз жану; усе́-ж ад Бога.
 
Бо, як жанчына ад мужчыны, так і мужчына праз жанчыну, а ўсё ад Бога.

Судзіце самі ў сабе́: ці прыстойна жане́ маліцца Богу з непакрытаю галавою?
 
Мяркуйце самі: ці належыць, каб жанчына малілася Богу з непакрытаю галавою?

Або ці сама прырода ня вучыць вас, што, калі муж расьціць валасы, дык ганьба яму,
 
Або ці сама прырода не вучыць нас, што, калі мужчына адрошчвае валасы, то яму ганьба.

але, калі жанчына расьціць валасы, для яе́ гэта чэсьць, бо валасы дадзены ей заме́ст пакрыцьця.
 
Але, калі жанчына адрошчвае валасы, для яе гэта гонар, бо валасы дадзены ёй замест пакрыцця.

А калі-б хто захаце́ў спрачацца, то мы ня маем гэткага звычаю, ані цэрквы Божыя.
 
А калі б хто захацеў спрачацца, то ні мы не маем такога звычаю, ні Касцёлы Божыя.

Запаве́дываючы-ж гэтае, не хвалю вас, што зьбіраецеся не на ле́пшае, але на горшае.
 
Даючы гэтыя настаўленні, я не хвалю таго, што вы збіраецеся разам не на карысць, але на шкоду.

Бо, напе́рш, калі зьбіраецеся ў царкву, дык, чую, між вамі бывае падзе́л, дый я крыху ве́ру,
 
Бо, перш за ўсё, я чую, што, калі вы збіраецеся разам як Касцёл, сярод вас паўстае разлад. І ў гэта я часткова веру.

бо мусяць быць між вамі і гэрэзіі, каб ве́рныя выявіліся міжы вамі.
 
Бо павінны быць у вас падзелы, каб і выпрабаваныя маглі выявіцца сярод вас.

Дый, калі вы зьбіраецеся разам, гэта ня ёсьць спажываці вячэру Гасподнюю:
 
Таму, калі вы збіраецеся дзеля гэтага, то гэта не спажыванне Вячэры Пана,

бо кожны хапаецца перад другімі зье́сьці ўласную вячэру, дык адзін бывае галодны, а іншы ўпіваецца.
 
бо кожны бярэцца раней з’есці ўласны спажытак. Так адзін застаецца галодным, а другі п’янее.

Хіба-ж дамоў ня маеце, каб есьці й піць? Або ганьбіце царкву Божую і сароміце тых, што ня маюць? Што сказаць вам? Ці пахваліць вас за гэтае? Не́ пахвалю.
 
Хіба не маеце дамоў, каб есці і піць? Ці вы пагарджаеце Касцёлам Божым і прыніжаеце тых, хто не мае? Што сказаць вам? Ці пахваліць вас? За гэта не пахвалю!

Бо я ад Госпада прыняў, ды тое й вам перадаў, што Госпад Ісус у тую ноч, калі быў выданы, узяў хле́б
 
Я прыняў ад Пана тое, што і вам перадаў, што Пан Езус у тую ноч, калі быў выданы, узяў хлеб,

і, аддаўшы хвалу, паламаў ды сказаў: прыме́це, е́шце, гэта ёсьць Це́ла Мае́, за вас ламанае; рабе́це гэта на ўспамін аба Мне́.
 
узнёс падзяку, паламаў і сказаў: «Гэта Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць».

Таксама й чару пасьля вячэры, кажучы: гэта чара есьць новы запаве́т у Мае́й крыві; гэтае рабе́це, калі будзеце піць, на ўспамін аба Мне́.
 
Таксама ўзяў пасля вячэры келіх, кажучы: «Гэта ёсць келіх новага запавету ў Крыві Маёй. Кожны раз, калі Яго будзеце піць, чыніце гэта на Маю памяць».

Бо кожны раз, калі вы ясьцё хле́б гэты і п’ецё чару гэтую, сьме́рць Гасподнюю абвяшчаеце, дакуль (Ён) прыйдзе.
 
Кожны раз, калі будзеце есці гэты Хлеб і піць з гэтага келіха, абвяшчайце смерць Пана, пакуль Ён не прыйдзе.

Дзеля гэтага, хто будзе е́сьці хле́б гэты ці піць чару Гасподню няпрыстойна, вінны будзе Це́ла й Крыві Гасподняе.
 
Таму той, хто будзе есці гэты Хлеб ці піць з келіха Пана нягодным чынам, будзе вінаваты ў граху супраць Цела і Крыві Пана.

Няхай жа паўзіраецца на сябе́ чалаве́к ды гэтак няхай е́сьць з хле́ба гэтага і п’е́ з чары гэтае.
 
Няхай выпрабоўвае сябе чалавек, а потым няхай есць гэты Хлеб і п’е з гэтага келіха.

Бо хто е́сьць і п’е́ няпрыстойна, той е́сьць і п’е́ прысуд сабе́, не разважаючы аб Це́ле Гасподнім.
 
Бо хто есць і п’е, не зважаючы на Цела Пана, той есць і п’е на сваё асуджэнне.

Дзеля гэтага сярод вас многа слабых ды хворых, і даволі ўмірае.
 
Праз гэта сярод вас многа слабых ды хворых, і даволі памірае.

Бо, каб мы судзілі самых сябе́, дык ня былі-б засуджанымі.
 
Бо, калі б мы судзілі саміх сябе, то не былі б асуджанымі.

Суджаныя-ж, Госпадам караны бываем, каб ня быць разам з сьве́там засуджанымі.
 
Калі ж судзіць нас Пан, то дакарае нас, каб мы не былі асуджаныя разам са светам.

Гэтак, браты маі, зьбіраючыся на вячэру, адзін на аднаго чакайце;
 
Таму, браты мае, калі збіраецеся на пасілкі, чакайце адзін аднаго.

калі-ж хто галодны, няхай е́сьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. Рэшту ўладжу, калі прыду.
 
Калі хто галодны, няхай есць дома, каб вы не збіраліся на асуджэнне. Іншыя справы вырашу, калі прыйду.