1 да Карынфянаў 14 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Рупцеся аб любоў; старайцеся аб духоўнае, асабліва-ж аб тое, каб прарочыць.
 
Імкніцеся да любові, клапаціцеся аб духоўным, асабліва аб дары прароцтва.

Бо, хто гаворыць (незнаёмаю) моваю, той гаворыць ня людзям, а Богу; бо ніхто ня чуе, і ён таёмнае духам гаворыць.
 
Хто гаворыць мовамі, той гаворыць не людзям, а Богу. Ніхто не разумее яго, бо ён пра таямнічае гаворыць.

А хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаваньне і напамінаньне, і пацяшэньне.
 
А хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаванне, напамін і суцяшэнне.

Хто гаворыць (незнаёмаю) моваю, збудоўвае сябе́; а хто прарочыць, царкву будуе.
 
Хто гаворыць мовамі, будуе сябе, а хто прарочыць, будуе Касцёл.

Хачу, каб вы ўсе́ гаварылі мовамі, але ле́пей, каб вы прарочылі, бо, хто прарочыць, той дасканальшы за таго, хто гаво́рыць мовамі, хіба ён пры тым будзе і тлумачыць, каб царква ўзяла збудаваньне.
 
Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але лепш, каб вы прарочылі, бо большы той, хто прарочыць, чым той, хто гаворыць мовамі, хіба што ён будзе тлумачыць дзеля будавання Касцёла.

Цяпе́р, калі я прыду да вас, браты, гаворачы мовамі, якую прынясу вам карысьць, калі ня буду прамаўляць да вас ці адкрыцьцем, ці ве́даю, ці прароцтвам, ці навукаю?
 
Цяпер, калі я прыйду да вас, браты, гаворачы мовамі, якую прынясу вам карысць, калі не буду прамаўляць да вас праз аб’яўленне, пазнанне, прароцтва і навучанне?

Бо і бяздушныя, што голас даюць, ці то жале́йка, ці гусьлі, калі не даюць разьдзе́льнасьці гукаў, дык як распазнаць, што́ йграюць на жале́йцы, ці на гусьлях?
 
Бо і бяздушныя інструменты, ці то жалейка, ці гуслі, калі не даюць адметных гукаў, то як распазнаць, што іграюць на жалейцы ці на гуслях?

І, калі труба будзе выдаваць нявыразны гук, хто пачне́ рыхтавацца да бітвы?
 
І калі труба будзе выдаваць невыразны гук, хто пачне рыхтавацца да бою?

Гэтак і вы, калі языком даецё незразуме́лыя словы, дык як пазна́юць, што́ вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на ве́цер.
 
Так і вы, калі языком вымаўляеце незразумелыя словы, як зразумеюць, што вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на вецер.

Колькі, прыкладам, розных слоў на сьве́це, і ніводнага з іх няма бяз голасу;
 
Несумненна, ёсць шмат разнастайных моў на свеце, і няма ніводнай без значэння.

але, калі я не разуме́ю значэньня голасу, дык буду чужаком таму, хто гаворыць, і для мяне́ чужак, хто гаворыць.
 
Калі я не разумею сэнсу мовы, то буду чужынцам таму, хто гаворыць, і для мяне той, хто гаворыць, чужынец.

Гэтак і вы, калі рупіцеся аб дары духоўныя, старайцеся збагаце́ць імі дзеля збудаваньня царквы.
 
Так і вы, калі рупіцеся аб духоўных дарах, старайцеся ўзрастаць у іх дзеля будавання Касцёла.

А дзеля гэтага, хто гаворыць (незнаёмаю) моваю, няхай моліцца аб дар тлумачэньня.
 
Таму той, хто гаворыць мовамі, няхай моліцца, каб умеў тлумачыць.

Бо, калі я малюся ў незнаёмай мове, дык дух мой моліцца, але розум мой астае́цца бясплодным.
 
Бо калі я малюся на мовах, то дух мой моліцца, але розум мой застаецца бясплодным.

Дык што-ж? Буду маліцца духам, буду маліцца розумам; буду пяяць духам, буду пяяць і розумам.
 
Што ж рабіць? Буду маліцца духам і буду маліцца розумам, буду спяваць духам і буду спяваць розумам.

Бо, калі ты будзеш багаславіць духам, дык як той, хто стаіць на ме́сцы няўчонага, скажа амін на тваё дзякаваньне? Бо ён не разуме́е, што́ ты гаворыш.
 
Бо калі ты будзеш благаслаўляць у духу, то як неўтаямнічаны скажа «амэн» на тваё дзякаванне, калі не ведае, што кажаш?

Ты хораша дзякуеш, але другі ня збудоўваецца.
 
Ты хораша дзякуеш, але не будуеш другога.

Дзякую майму Богу, што бале́й за ўсіх вас гавару мовамі;
 
Дзякую Богу, што больш за ўсіх вас гавару мовамі,

але ў царкве́ хачу ле́пей сказаць пяць слоў маім розумам, каб і другіх навучыць, чым мірыяды слоў у (незнаёмай) мове.
 
але ў Касцёле хачу сказаць лепш пяць слоў маім розумам, каб і другіх навучыць, чым дзесяць тысяч слоў на мовах.

Браты! ня будзьце дзяцьмі разуме́ньнем: на благое будзьце дзяцьмі, а розумам будзьце дасьпе́лымі.
 
Браты, не будзьце дзецьмі ў думках, але будзьце дзецьмі для зла, а ў думках будзьце сталымі.

У законе напісана: іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць да народу гэтага, але й тагды не паслухаюць Мяне́, кажа Госпад (Ісая 28:11−12).
 
У Законе напісана: «Іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць да народу гэтага, але і тады не паслухаюць Мяне», — кажа Пан.

Гэтак мовы ёсьць на знак не для ве́руючых, але для няве́руючых; прароцтва-ж не для няве́руючых, але для ве́руючых.
 
Так што мовы з’яўляюцца знакам не для веруючых, але для няверуючых; прароцтва ж не для няверуючых, але для веруючых.

Дык, калі ўся царква́ зыдзецца разам, і ўсе́ пачнуць гаварыць (незнаёмымі) мовамі, уво́йдуць-жа да вас няве́даючыя ці няверуючыя, — дык ці ня скажуць, што вы шалёныя?
 
Калі б увесь Касцёл сабраўся разам, і ўсе пачалі гаварыць мовамі, то калі ўвойдуць неўтаямнічаныя ці няверуючыя, ці не скажуць яны, што вы вар’яты?

Калі-ж усе́ прарочаць, і ўвойдзе хто няве́руючы ці няве́даючы, дык усімі ён дакараны, усімі суджаны,
 
Калі б усе прарочылі, і ўвайшоў бы няверуючы ці неўтаямнічаны, то ўсімі ён будзе дакараны, усімі асуджаны,

і гэтак тайны сэрца яго выяўляюцца, і гэтак ён, упаўшы тварам, паклоніцца Богу, кажучы: Запраўды, з вамі Бог!
 
і выявяцца тайны яго сэрца, і ён, упаўшы на твар, паклоніцца Богу, кажучы: «Сапраўды, з вамі Бог!»

Дык што-ж, браты? Калі вы сходзіцеся, дык кожны з вас мае псальм, мае навуку, мае мову, мае адкрыцьце, мае тлумачэньне; усе гэтае няхай будзе на збудаваньне.
 
Што ж рабіць, браты? Калі вы збіраецеся разам, то кожны ці спявае, ці навучае, ці мае аб’яўленне, ці мову, ці тлумачэнне — усё гэтае няхай будзе на будаванне.

Калі-ж хто гаворыць (незнаёмай) мовай, гаварыце падвое, ці найбольш патрое, ды пачародзе; адзін жа тлума́ч.
 
Калі хто гаворыць мовамі, гаварыце па двое, ці найбольш па трое, ды па чарзе, а тлумачыць няхай адзін.

Калі-ж няма тлумача́, няхай маўчыць у царкве́, а гаворыць сабе́ і Богу.
 
Калі ж няма таго, хто тлумачыць, няхай у Касцёле маўчаць. Няхай гавораць сабе і Богу.

І прарокі няхай гавораць двое ці трое, рэшта-ж няхай разважаюць;
 
І прарокі няхай гавораць па двое ці па трое, іншыя няхай разважаюць.

калі-ж другому з се́дзячых будзе адкрыцьце, дык пе́ршы няхай маўчыць.
 
Калі ж другому з седзячых будзе дадзена аб’яўленне, то першы няхай маўчыць.

Бо ўсе́ адзін за адным можаце прарочыць, каб усе́ павучаліся і ўсе́ пацяша́ны былі.
 
Бо ўсе паасобку можаце прарочыць, каб усе вучыліся і ўсе заахвочаныя былі суцешаныя.

І духі прарочыя паслухмяныя прарокам,
 
Нават духі прарочыя падпарадкаваныя прарокам,

бо Бог ня есьць (Бог) бязладзьдзя, але супакою, як па ўсіх цэрквах у сьвятых.
 
таму што Бог не з’яўляецца Богам бязладдзя, але спакою. Як ёсць ва ўсіх Касцёлах паміж святымі,

Жанчыны вашыя ў цэрквах няхай маўчаць; бо не дазволена ім гаварыць, але каб карыліся, як і закон кажа (Быцьцё 3:16).
 
жанчыны ў Касцёлах няхай маўчаць, бо не дазволена ім гаварыць, але няхай будуць падпарадкаваныя, як і кажа Закон.

Калі-ж хочуць чаго навучыцца, няхай пытаюцца дома ў мужоў сваіх; бо сорамна жанчыне гаварыць у царкве́.
 
Калі хочуць чаму навучыцца, няхай пытаюцца дома ў сваіх мужоў, бо сорамна жанчыне гаварыць у Касцёле.

Ці-ж ад вас выйшла слова Божае? або ці да вас адных дасягла?
 
Ці ад вас выйшла слова Божае, або ці да вас адных дайшло?

Калі хто лічыць, што ён прарок ці духоўны, той няхай разуме́е, што тое, што я пішу вам, ёсьць за́паведзі Госпада;
 
Калі хто лічыць, што ён прарок ці мае іншы духоўны дар, няхай прызнае, што тое, пра што я пішу вам, — гэта запаведзь Пана.

а хто не разуме́е, няхай не́ разумее.
 
Хто гэтага не прызнае, сам будзе непрызнаны.

Гэтак, браты, старайцеся прарочыць, дый не забараняйце гаварыць мовамі.
 
Таму, браты мае, старайцеся прарочыць і не забараняйце гаварыць мовамі.

Няхай усё прыстойна і ў парадку робіцца.
 
Няхай усё адбываецца прыстойна і згодна з парадкам.