1 да Карынфянаў 14 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Анатоля Клышкi
Рупцеся аб любоў; старайцеся аб духоўнае, асабліва-ж аб тое, каб прарочыць.
Імкніцеся да любові, рупцеся пра дары духоўныя, але асабліва — каб вы прарочылі.
Бо, хто гаворыць (незнаёмаю) моваю, той гаворыць ня людзям, а Богу; бо ніхто ня чуе, і ён таёмнае духам гаворыць.
Бо хто гаворыць іншаю моваю, не людзям гаворыць, а Богу; бо ніхто не разумее13, але ў сваім духу ён кажа таямніцы.
А хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаваньне і напамінаньне, і пацяшэньне.
Той жа, хто прарочыць, людзям кажа на стварэнне, заахвочванне і суцяшэнне.
Хто гаворыць (незнаёмаю) моваю, збудоўвае сябе́; а хто прарочыць, царкву будуе.
Той, хто гаворыць іншаю моваю, самога сябе будуе; а той, хто прарочыць, царкву будуе.
Хачу, каб вы ўсе́ гаварылі мовамі, але ле́пей, каб вы прарочылі, бо, хто прарочыць, той дасканальшы за таго, хто гаво́рыць мовамі, хіба ён пры тым будзе і тлумачыць, каб царква ўзяла збудаваньне.
Я хачу, каб усе вы гаварылі мовамі, але лепей, каб вы прарочылі; бо той, хто прарочыць, большы за таго, хто гаворыць мовамі, хіба толькі ён будзе тлумачыць, каб царква атрымала збудаванне.
Цяпе́р, калі я прыду да вас, браты, гаворачы мовамі, якую прынясу вам карысьць, калі ня буду прамаўляць да вас ці адкрыцьцем, ці ве́даю, ці прароцтвам, ці навукаю?
Але цяпер, браты, калі я прыйду да вас, гаворачы іншымі мовамі, якую прынясу вам карысць, калі не буду гаварыць да вас ці адкрыццём, ці веданнем, ці прароцтвам, ці навукаю?
Бо і бяздушныя, што голас даюць, ці то жале́йка, ці гусьлі, калі не даюць разьдзе́льнасьці гукаў, дык як распазнаць, што́ йграюць на жале́йцы, ці на гусьлях?
Нават бяздушныя прадметы, якія выдаюць гукі, ці то флейта, ці то арфа, калі не дадуць адрознення ў танах, як распазнаць тое, што іграецца на флейце ці на арфе?
І, калі труба будзе выдаваць нявыразны гук, хто пачне́ рыхтавацца да бітвы?
Бо і труба — калі выдасць невыразны гук, хто будзе рыхтавацца да бою?
Гэтак і вы, калі языком даецё незразуме́лыя словы, дык як пазна́юць, што́ вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на ве́цер.
Гэтак і вы, калі не выдадзіце языком выразнага слова, як зразумець тое, што гаворыцца? Бо вы будзеце гаварыць на вецер.
Колькі, прыкладам, розных слоў на сьве́це, і ніводнага з іх няма бяз голасу;
Ёсць, магчыма, шмат рознага роду галасоў на свеце, і няма ніводнага [з іх] без сэнсу.
але, калі я не разуме́ю значэньня голасу, дык буду чужаком таму, хто гаворыць, і для мяне́ чужак, хто гаворыць.
Дык калі я не ведаю значэння слоў, то я буду чужаземцам для таго, хто гаворыць, а хто гаворыць, будзе чужаземцам для мяне.
Гэтак і вы, калі рупіцеся аб дары духоўныя, старайцеся збагаце́ць імі дзеля збудаваньня царквы.
Так і вы, калі рупцеся аб духоўным, старайцеся ўзбагацець ім для збудавання царквы.
А дзеля гэтага, хто гаворыць (незнаёмаю) моваю, няхай моліцца аб дар тлумачэньня.
Таму, хто гаворыць іншаю моваю, няхай моліцца, каб патлумачыць.
Бо, калі я малюся ў незнаёмай мове, дык дух мой моліцца, але розум мой астае́цца бясплодным.
Бо калі я малюся на іншай мове, то дух мой моліцца, але мой розум бясплодны.
Дык што-ж? Буду маліцца духам, буду маліцца розумам; буду пяяць духам, буду пяяць і розумам.
Дык што ж? Буду маліцца духам, але буду маліцца і розумам; буду спяваць духам, але спяваць і розумам.
Бо, калі ты будзеш багаславіць духам, дык як той, хто стаіць на ме́сцы няўчонага, скажа амін на тваё дзякаваньне? Бо ён не разуме́е, што́ ты гаворыш.
Таму што, калі ты будзеш добраслаўляць у духу, то як жа той, хто займае месца недасведчанага ў мовах, скажа «амін» на тваё дзякаванне? Бо ён не разумее, што ты кажаш:
Ты хораша дзякуеш, але другі ня збудоўваецца.
бо ты добра дзякуеш, але другі не навучаецца.
Дзякую майму Богу, што бале́й за ўсіх вас гавару мовамі;
Дзякую [майму] Богу: я больш за ўсіх вас гавару мовамі;
але ў царкве́ хачу ле́пей сказаць пяць слоў маім розумам, каб і другіх навучыць, чым мірыяды слоў у (незнаёмай) мове.
але ў царкве хачу пяць слоў сказаць сваім розумам, каб і іншых навучыць, чым дзесяць тысяч слоў на іншай мове.
Браты! ня будзьце дзяцьмі разуме́ньнем: на благое будзьце дзяцьмі, а розумам будзьце дасьпе́лымі.
Браты, не будзьце дзецьмі розумам; але на ліхое будзьце немаўлятамі, а розумам будзьце сталымі.
У законе напісана: іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць да народу гэтага, але й тагды не паслухаюць Мяне́, кажа Госпад (Ісая 28:11−12).
У законе напісана: «Іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць гэтаму народу, і нават так не паслухаюць Мяне, — кажа Госпад».
Гэтак мовы ёсьць на знак не для ве́руючых, але для няве́руючых; прароцтва-ж не для няве́руючых, але для ве́руючых.
Так што мовы ёсць знак не для вернікаў, а для бязверных, прароцтва ж не для бязверных, а для вернікаў.
Дык, калі ўся царква́ зыдзецца разам, і ўсе́ пачнуць гаварыць (незнаёмымі) мовамі, уво́йдуць-жа да вас няве́даючыя ці няверуючыя, — дык ці ня скажуць, што вы шалёныя?
Дык, калі ўся царква збярэцца разам, і ўсе будуць гаварыць на іншых мовах, і ўвойдуць недасведчаныя ў мовах ці бязверныя, то ці не скажуць яны, што вы звар’яцелі?
Калі-ж усе́ прарочаць, і ўвойдзе хто няве́руючы ці няве́даючы, дык усімі ён дакараны, усімі суджаны,
Калі ж усе будуць прарочыць і ўвойдзе бязверны ці недасведчаны, то ён выкрываецца ўсімі, судзіцца ўсімі;
і гэтак тайны сэрца яго выяўляюцца, і гэтак ён, упаўшы тварам, паклоніцца Богу, кажучы: Запраўды, з вамі Бог!
патаемнае яго сэрца выяўляецца; і тады, упаўшы ніцма, ён паклоніцца Богу, абвяшчаючы, што сапраўды Бог — між вас.
Дык што-ж, браты? Калі вы сходзіцеся, дык кожны з вас мае псальм, мае навуку, мае мову, мае адкрыцьце, мае тлумачэньне; усе гэтае няхай будзе на збудаваньне.
Дык што ж, браты? Калі вы збіраецеся, у кожнага ёсць псалом, ёсць вучэнне, ёсць адкрыццё, ёсць мова, ёсць тлумачэнне; няхай будзе ўсё для збудавання.
Калі-ж хто гаворыць (незнаёмай) мовай, гаварыце падвое, ці найбольш патрое, ды пачародзе; адзін жа тлума́ч.
Калі хто гаворыць на іншай мове — няхай гавораць па двое ці, самае большае, па трое, і па чарзе, а адзін няхай тлумачыць.
Калі-ж няма тлумача́, няхай маўчыць у царкве́, а гаворыць сабе́ і Богу.
Калі ж не будзе тлумачальніка, няхай маўчыць у царкве і кажа сабе і Богу.
І прарокі няхай гавораць двое ці трое, рэшта-ж няхай разважаюць;
А прарокі няхай гавораць два ці тры, а астатнія няхай разважаюць.
калі-ж другому з се́дзячых будзе адкрыцьце, дык пе́ршы няхай маўчыць.
А калі будзе адкрыццё другому, што сядзіць, першы няхай маўчыць.
Бо ўсе́ адзін за адным можаце прарочыць, каб усе́ павучаліся і ўсе́ пацяша́ны былі.
Бо вы ўсе адзін за адным можаце прарочыць, каб усе навучаліся і ўсе падбадзёрваліся.
І духі прарочыя паслухмяныя прарокам,
І духі прарокаў паслухмяныя прарокам;
бо Бог ня есьць (Бог) бязладзьдзя, але супакою, як па ўсіх цэрквах у сьвятых.
бо Бог ёсць Бог не бязладдзя, а міру. Як ва ўсіх цэрквах у святых,
Жанчыны вашыя ў цэрквах няхай маўчаць; бо не дазволена ім гаварыць, але каб карыліся, як і закон кажа (Быцьцё 3:16).
[вашы] жонкі ў царквах няхай маўчаць, бо ім не дазваляецца гаварыць, а няхай падпарадкоўваюцца, як і закон кажа.
Калі-ж хочуць чаго навучыцца, няхай пытаюцца дома ў мужоў сваіх; бо сорамна жанчыне гаварыць у царкве́.
Калі ж яны хочуць што-небудзь даведацца, няхай дома пытаюцца ў сваіх мужоў; бо сорамна жонцы гаварыць у царкве.
Ці-ж ад вас выйшла слова Божае? або ці да вас адных дасягла?
Ці ад вас выйшла слова Божае? Ці да вас адных яно дайшло?
Калі хто лічыць, што ён прарок ці духоўны, той няхай разуме́е, што тое, што я пішу вам, ёсьць за́паведзі Госпада;
Калі каму-небудзь здаецца, што ён прарок ці духоўны, той няхай ведае тое, што я пішу вам, — гэта запаведзь14 Госпада;
а хто не разуме́е, няхай не́ разумее.
калі ж хто-небудзь не разумее, няхай і не разумее.
Гэтак, браты, старайцеся прарочыць, дый не забараняйце гаварыць мовамі.
Так што, браты [мае], рупцеся пра тое, каб прарочыць, але не перашкаджайце гаварыць мовамі;
Няхай усё прыстойна і ў парадку робіцца.
і няхай усё прыстойна і ў парадку робіцца.