1 да Карынфянаў 6 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Як адважаецца хто з вас, маючы справу з другім, судзіцца перад няправеднымі, а не перад сьвятымі?
 
Як адважваецца нехта з вас, маючы справу супраць іншага, судзіцца перад несправядлівымі, а не перад святымі?

Хіба ня ве́даеце, што сьвятыя будуць судзіць сьве́т? Калі-ж вамі будзе суджаны сьве́т, дык няўжо-ж вы ня вартыя судзіць найме́ншае?
 
Хіба не ведаеце, што святыя будуць судзіць свет? А калі вы асуджаеце свет, то ці ж не вартыя вы судзіць у нязначных справах?

Ці-ж ня ве́даеце, што мы судзіць будзем ангелаў, ня толькі справы жыцьцевыя?
 
Хіба не ведаеце, што мы будзем судзіць анёлаў, ужо не кажучы пра жыццёвыя справы?

Дык вы, калі маеце судзіцца аб жыцьцёвыя справы, стаўляйце сваімі судзьдзямі нікчэмных у царкве́.
 
Аднак вы, калі разбіраеце жыццёвыя справы, ці не прызначаеце суддзямі тых, хто ў Касцёле нічога не значыць?

На сорам вам кажу: няўжо-ж няма між вамі ніводнага разумнага, што мог-бы рассудзіць сярод братоў сваіх?
 
На сорам ваш кажу гэта! Няўжо сярод вас няма нікога мудрага, хто б мог рассудзіць паміж сваімі братамі?

А то брат з братам судзіцца, і гэта перад няве́руючымі!
 
Але брат судзіцца з братам, і гэта перад няверуючымі?

І тое ўжо ве́льмі сорамна для вас, што вы маеце суды між сабою. Чаму-б вам ня ле́пей быць пакрыўджанымі? Чаму-б вам ня лепей ме́ць шкоду?
 
Наогул ганебна для вас само тое, што вы судзіцеся паміж сабою! Ці не лепш вам цярпець несправядлівасць? Ці не лепш вам застацца ашуканымі?

Але вы самі крыўдзіце, абдзіраеце, дый гэта братоў!
 
Але вы самі крыўдзіце і ашукваеце, і пры гэтым братоў!

Ці ня ве́даеце, што няправедныя царства Божага не ўнасьле́дуюць? Не ашуківайце сябе́: ані блуднікі, ані ідалапаклоньнікі, ані распусьнікі, ані пястуны, ані мужаложнікі,
 
Хіба не ведаеце, што несправядлівыя не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае? Не ўводзьце сябе ў зман: ні распуснікі, ні ідалапаклоннікі, ні чужаложнікі, ні блуднікі, ні мужаложнікі,

ані зладзе́і, ані падкупныя, ані п’яніцы, ані зламоўныя, ані драпе́жнікі — ня возьмуць у спадчыну Царства Божага.
 
ні злодзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні паклёпнікі, ні рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае.

І гэткімі былі некаторыя з вас; але вы абмыліся, але асьвяньціліся, але апраўдаліся іменем Госпада нашага Ісуса Хрыста і Духам Бога нашага.
 
І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, але вы былі асвячаныя, але вы былі апраўданыя ў імя Пана Езуса Хрыста і ў Духу Бога нашага!

Усё мне́ можна, але ня ўсё карысна; ўсё мне́ можна, але нічому ня дам валадаць мною.
 
Усё мне можна, але не ўсё карысна. Усё мне можна, але нічым не дам сябе зняволіць.

Ежа для чэрава, і чэрава для е́жы; але Бог зьніштожыць тое і другое. Це́ла-ж не для распусты, але для Госпада, і Госпад для це́ла.
 
Ежа для чэрава, і чэрава для ежы, але Бог знішчыць тое і другое. Цела не для распусты, але для Пана, і Пан для цела.

Бог падняў Госпада, падыме й нас сілаю Свае́ю.
 
Бог уваскрасіў Пана і нас уваскрасіць сваёй моцаю.

Хіба ня ве́даеце, што це́лы вашыя есьць чле́ны Хрыстовыя? Дык ці-ж, узяўшы чле́ны Хрыста, зро́блю іх чле́намі блудніцы? Хай жа ня будзе!
 
Хіба не ведаеце, што целы вашыя — гэта члены Хрыстовыя? Ці ж, узяўшы члены Хрыста, учыню іх членамі распусніцы? Канешне, не!

Ці-ж ня ве́даеце, што, хто злучаецца з блудніцаю, есьць адно це́ла (з ёю)? Бо сказана: двое будуць адно це́ла (Быцьцё 2:24).
 
Ці ж не ведаеце, што, хто злучаецца з распусніцай, з’яўляецца адным целам з ёю? Бо, як сказана, двое будуць адным целам.

А хто злучаецца з Госпадам, ёсьць адзін дух (з Госпадам).
 
А той, хто злучаецца з Панам, становіцца з Ім адным духам.

Уцякайце ад блуду; усякі грэх, які робіць чалаве́к, ёсьць вонках це́ла, а блуднік грашыць супраць уласнага це́ла.
 
Уцякайце ад распусты. Усялякі грэх, які чыніць чалавек, ёсць па-за целам, а распуснік грашыць супраць уласнага цела.

Ці ня ве́даеце, што це́лы вашыя ёсьць храм Духа Сьвятога, Які ў вас, Якога вы маеце ад Бога, і вы не свае́?
 
Ці не ведаеце, што целы вашыя — гэта святыня Духа Святога, які ў вас, якога вы маеце ад Бога, і што вы не належыце самім сабе?

Бо вы куплены дарагою цаною. Дзеля гэтага выслаўляйце Бога у це́ле вашым і ў духу вашым, якія ёсьць Божымі.
 
Бо вы куплены за вялікую цану! Таму праслаўляйце Бога ў целе вашым.