1 да Карынфянаў 6 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Ці важыцца хто з вас, правуючыся з другім, прававацца ў несправядлівых, а не ў сьвятых?
Як адважваецца нехта з вас, маючы справу супраць іншага, судзіцца перад несправядлівымі, а не перад святымі?
Ці ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? А калі сьвет вамі будзе суджаны, ці вы нягожыя найменшага суджэньня?
Хіба не ведаеце, што святыя будуць судзіць свет? А калі вы асуджаеце свет, то ці ж не вартыя вы судзіць у нязначных справах?
Ці вы ня ведаеце, што мы будзем судзіць ангілаў? Пагатове справы гэтага жыцьця.
Хіба не ведаеце, што мы будзем судзіць анёлаў, ужо не кажучы пра жыццёвыя справы?
А вы, як мелі справы гэтага жыцьця, пасадзілі судзіць пагрэбаваных у царкве.
Аднак вы, калі разбіраеце жыццёвыя справы, ці не прызначаеце суддзямі тых, хто ў Касцёле нічога не значыць?
На сорам вам кажу: нягож няма памеж вас ні воднага разумнага, што мог бы рассудзіць памеж братоў сваіх?
На сорам ваш кажу гэта! Няўжо сярод вас няма нікога мудрага, хто б мог рассудзіць паміж сваімі братамі?
Але брат із братам правуецца, ды перад нявернікамі.
Але брат судзіцца з братам, і гэта перад няверуючымі?
У такім прылучаю ўжо запраўды заганаю наагул у вас ё, што вы правуецеся мяжсобку. Чаму валей ня церпіце крыўды? чаму валей не застаіцеся ашуканымі?
Наогул ганебна для вас само тое, што вы судзіцеся паміж сабою! Ці не лепш вам цярпець несправядлівасць? Ці не лепш вам застацца ашуканымі?
Але вы крыўдзіце а шкодзіце, ды гэта братоў.
Але вы самі крыўдзіце і ашукваеце, і пры гэтым братоў!
Ці вы ня ведаеце, што несправядлівым не спадзець гаспадарства Божае? Не давайцеся зводзіць: ані бязулям, ані балвахвалам, ані чужаложнікам, ані вельма скунежаным, ані мужаложнікам,
Хіба не ведаеце, што несправядлівыя не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае? Не ўводзьце сябе ў зман: ні распуснікі, ні ідалапаклоннікі, ні чужаложнікі, ні блуднікі, ні мужаложнікі,
Ані злодзеям, ані гальлівым, ані п’яніцам, ані абмоўцам, ані дзяруном не спадзець гаспадарства Божае.
ні злодзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні паклёпнікі, ні рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае.
І гэткімі былі некатрыя з вас; але абмыты, але ўсьвячаны, але аправены імям Спадара нашага Ісуса Хрыста і Духам Бога нашага.
І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, але вы былі асвячаныя, але вы былі апраўданыя ў імя Пана Езуса Хрыста і ў Духу Бога нашага!
Усе імне дазволена, але ня ўсе карысна; усе імне дазволена, але ня буду я пад уладаю чаго-колечы.
Усё мне можна, але не ўсё карысна. Усё мне можна, але нічым не дам сябе зняволіць.
Ежа да жывата, і жывот да ежы; але Бог зьнішча адно й другое. Цела не да бязулства, але да Спадара, і Спадар да цела.
Ежа для чэрава, і чэрава для ежы, але Бог знішчыць тое і другое. Цела не для распусты, але для Пана, і Пан для цела.
Бог ускрысіў Спадара, ускрысіць і нас магутнасьцю Сваёй.
Бог уваскрасіў Пана і нас уваскрасіць сваёй моцаю.
Ці вы ня ведаеце, што целы вашы — гэта чаланы Хрыстовы? Дык ці адыйму чаланы ў Хрыста, каб зрабіць іх чаланамі бязулі? Няхай ня станецца так!
Хіба не ведаеце, што целы вашыя — гэта члены Хрыстовыя? Ці ж, узяўшы члены Хрыста, учыню іх членамі распусніцы? Канешне, не!
Альбо ня ведаеце, што тый, каторы лучыцца зь бязуляю, ёсьць адно цела зь ёю, бо кажацца: «Двое будуць адно цела».
Ці ж не ведаеце, што, хто злучаецца з распусніцай, з’яўляецца адным целам з ёю? Бо, як сказана, двое будуць адным целам.
Але тый, што адзіночыцца із Спадаром, ёсьць адзін Дух.
А той, хто злучаецца з Панам, становіцца з Ім адным духам.
Уцякайце ад бязулства: кажны грэх, які робе людзіна, ё вонках цела; а бязуля грэша супроці собскага цела свайго.
Уцякайце ад распусты. Усялякі грэх, які чыніць чалавек, ёсць па-за целам, а распуснік грашыць супраць уласнага цела.
Ці ня ведаеце, што целы вашы ё дом жывучага ў вас Сьвятога Духа, Каторага вы маеце ад Бога, і вы не свае?
Ці не ведаеце, што целы вашыя — гэта святыня Духа Святога, які ў вас, якога вы маеце ад Бога, і што вы не належыце самім сабе?
Бо вы купленыя цаною. Затым услаўляйце Бога ў целах сваіх.
Бо вы куплены за вялікую цану! Таму праслаўляйце Бога ў целе вашым.