1 да Карынфянаў 8 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
А што да абраканага балваном, мы ведаем, бо мы ўсі маем веданьне; веданьне надымае, але любосьць будуе.
Вядома, пра ахвяры ідалам мы ўсе маем пазнанне. Але пазнанне робіць ганарыстым, а любоў будуе.
Калі хто думае, што ён знае што-колечы, тый нічога яшчэ ня знае так, як мае знаць.
Калі хто думае, што пазнаў нешта, той яшчэ не пазнаў як належыць.
Але хто любе Бога, таму дана знацьцё ад Яго.
А калі хто любіць Бога, той вядомы Яму.
Дык, што да ядзеньня абраканага балваном, мы ведаем, што балван на сьвеце нішто, і што няма іншага Бога, апрача Аднаго.
Наконт спажывання ахвяр ідалам мы ведаем, што нічым з’яўляецца ў свеце ідал і што няма бога, апроч Аднаго.
Бо хоць і ё так званыя багі, або на небе, або на зямлі, бо ё шмат багоў і паноў шмат;
Калі і ёсць так званыя багі на небе ці на зямлі, як ёсць шмат багоў і шмат гаспадароў,
Але ў нас адзін Бог Айцец, з Каторага ўсе, і мы дзеля Яго, і адзін Спадар Ісус Хрыстос, Каторым усе, і мы Ім.
то ў нас адзін Бог Айцец, ад якога паходзіць усё і мы існуём для Яго. І ёсць адзін Пан Езус Хрыстус, праз якога ўсё, і мы праз Яго.
Але ня ў вусіх такое веданьне: некатрыя із сумленьням што да балваноў, дагэтуль ядуць, як абраканае балваном, і сумленьне іхнае, будучы млявым, брудзяніцца.
Але не ва ўсіх такое пазнанне. Некаторыя і дагэтуль маюць язычніцкую свядомасць і спажываюць ахвяраванае ідалу, а іхняе сумленне, будучы слабым, апаганьваецца.
Ежа не паручае нас Богу: калі мы ямо, ня маем перавагі; калі не ямо, нічога ня трацім.
Аднак ежа не набліжае нас да Бога, бо ці ямо, не становімся лепшымі, ці не ямо, не становімся горшымі.
Глядзіце, адылі, каб гэтае права ня было спатыкненьням кволым.
Але глядзіце, каб вашая свабода не стала прычынай упадку для слабых.
Бо калі хто-колечы абача, што ты, маючы веданьне, сядзіш за сталом у доме балваноў, дык сумленьне ягонае, як кволага, ці не захоце яго есьці абраканае балвану?
Бо, калі хто ўбачыць, што ты, маючы пазнанне, сядзіш за сталом сярод язычніцкіх ідалаў, то ці яго сумленне, будучы слабым, не заахвоціцца есці ахвяры, прынесеныя ідалам?
І ад веданьня твайго загіне кволы брат твой, за каторага памер Хрыстос.
Так праз тваё пазнанне гіне слабы брат, дзеля якога памёр Хрыстус.
Вось жа, гэтак грэшачы супроці братоў і ранячы млявае сумленьне іхнае, вы грэшыце супроці Хрыста.
Калі вы грашыце так супраць сваіх братоў і раніце іхняе слабое сумленне, вы грашыце супраць Хрыста.
Затым, калі ежа спадманяе брата майго, ня буду есьці мяса на векі, каб не спадмануць брата свайго.
Таму, калі ежа схіляе майго брата да граху, ніколі не буду спажываць мяса, каб я не спакусіў брата майго да граху.