1 да Карынфянаў 8 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Што да ідалам складаных ахвяр, мы ведаем, бо маем усе веданне. Але веданне надзімае, а любоў будуе.
Вядома, пра ахвяры ідалам мы ўсе маем пазнанне. Але пазнанне робіць ганарыстым, а любоў будуе.
Калі каму здаецца, што ён нешта ведае, дык ён нічога не спазнаў яшчэ, як трэба яму ведаць.
Калі хто думае, што пазнаў нешта, той яшчэ не пазнаў як належыць.
А калі хто любіць Бога, той вядомы Яму.
А калі хто любіць Бога, той вядомы Яму.
Адносна спажывання ідалам ахвяраванага мы ведаем, што няма на свеце ніякіх ідалаў і ніводнага бога, апрача Адзінага.
Наконт спажывання ахвяр ідалам мы ведаем, што нічым з’яўляецца ў свеце ідал і што няма бога, апроч Аднаго.
А хоць і ёсць у небе ці на зямлі тыя, што называюцца багамі (бо шмат такіх багоў і гаспадароў),
Калі і ёсць так званыя багі на небе ці на зямлі, як ёсць шмат багоў і шмат гаспадароў,
але для нас існуе толькі адзін Бог Айцец, ад Якога ўсё і мы для Яго, і адзін Госпад, Ісус Хрыстос, праз Якога ўсё і мы праз Яго.
то ў нас адзін Бог Айцец, ад якога паходзіць усё і мы існуём для Яго. І ёсць адзін Пан Езус Хрыстус, праз якога ўсё, і мы праз Яго.
Але не ва ўсіх ёсць веданне: некаторыя дасюль з сумленнем, якое прызнае ідалаў, ядуць ахвяраванае ідалам, і свядомасць іх спаганьваецца, бо кволая.
Але не ва ўсіх такое пазнанне. Некаторыя і дагэтуль маюць язычніцкую свядомасць і спажываюць ахвяраванае ідалу, а іхняе сумленне, будучы слабым, апаганьваецца.
А ежа не набліжае нас да Бога, бо не бяднеем, калі не ядзім, і таксама, ядучы, нічога не набываем.
Аднак ежа не набліжае нас да Бога, бо ці ямо, не становімся лепшымі, ці не ямо, не становімся горшымі.
Усё ж такі глядзіце, каб ваша ўлада не сталася часам спакусай для слабых.
Але глядзіце, каб вашая свабода не стала прычынай упадку для слабых.
Бо, калі б хто ўбачыў таго, што мае веданне і ўзлягае пры ідальскім, няўжо яго свядомасць, паколькі яна слабая, не заахвоціцца есці ідалам ахвяраванага?
Бо, калі хто ўбачыць, што ты, маючы пазнанне, сядзіш за сталом сярод язычніцкіх ідалаў, то ці яго сумленне, будучы слабым, не заахвоціцца есці ахвяры, прынесеныя ідалам?
І слабы загіне з-за твайго ведання; брат, за якога памёр Хрыстос!
Так праз тваё пазнанне гіне слабы брат, дзеля якога памёр Хрыстус.
А саграшаючы так супраць братоў і б’ючы па свядомасці іх нядужай, грашыце супраць Хрыста.
Калі вы грашыце так супраць сваіх братоў і раніце іхняе слабое сумленне, вы грашыце супраць Хрыста.
Дык, калі ежа горшыць брата майго, давеку не буду есці мяса, каб не горшыць брата майго.
Таму, калі ежа схіляе майго брата да граху, ніколі не буду спажываць мяса, каб я не спакусіў брата майго да граху.