1 да Карынфянаў 9 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Ці я не Апостал? Ці я не свабодны? Ці ж я не бачыў Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці ж не вы — справа мая ў Госпадзе?
Ці я не свабодны? Ці я не Апостал? Ці я не бачыў Езуса Хрыста, Пана нашага? Ці не мая вы справа ў Пану?
Калі іншым я не Апостал, вам я Апостал; бо вы — пячатка майго апостальства ў Госпадзе.
Калі для іншых я не Апостал, то для вас Апостал, бо пячатка майго апостальства — вы ў Пану.
Вось жа, мая абарона перад тымі, што мяне асуджаюць.
Вось такі адказ мой тым, што судзяць мяне.
Ці ж мы не маем улады есці і піць?
Ці мы не маем права есці ды піць?
Або не маем улады браць з сабою жонку, сястру, падобна як гэта робяць іншыя Апосталы, і браты Госпадавы, і Кіфа?
Ці не маем права мець спадарожніцаю сястру, жонку, як іншыя Апосталы і браты Пана, і Кефас?
Ці толькі я адзін і Барнаба не маем улады не працаваць?
Ці адзін я і Барнаба не маем права не працаваць?
Хто ж служыць у войску за свае ўласныя грошы? Або хто садзіць вінаграднік і не есць яго пладоў? Або хто пасе статак ды не есць малака статка?
Хто калі-небудзь служыў у войску на свой кошт? Хто садзіць вінаграднік і не есць яго пладоў? Або хто пасвіць статак і не есць малака ад статку?
Ці толькі па-чалавечы кажу я гэта? Ці ж не гаворыць пра гэта і закон?
Ці я гавару гэта як чалавек? Хіба не кажа гэта і Закон?
Вось жа, у законе Майсея напісана: «Не завязвай пысу валу, што малоціць». Ці пра валоў толькі рупіцца Бог?
Бо ў Законе Майсея напісана: «Не завязвай пысы валу, што малоціць». Ці аб валах клапоціцца Бог?
Ці гэта не сказаў адносна нас? Так, дзеля нас напісана, што араты павінен з надзеяй араць і малацьбіт [малоціць] з надзеяй атрымаць, на што спадзяецца.
Ці не дзеля нас увогуле кажа? Бо дзеля нас напісана, што араты павінен араць з надзеяй, а малацьбіт — з надзеяй на частку.
Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, ці вялікая рэч, калі мы пажнём ваша цялеснае?
Калі мы пасеялі ў вас духоўнае дабро, ці вялікая рэч, калі пажнем у вас цялеснае?
Калі іншыя маюць удзел ва ўладзе над вамі, дык чаму тым больш не мы? Аднак мы не карыстаемся гэтай уладай, але зносім усё, каб не прычыніць шкоды Евангеллю Хрыстову.
Калі іншыя маюць права над вамі, то мы тым больш? Аднак мы не скарысталі з гэтага права, але ўсё церпім, каб не ўчыніць якой перашкоды Хрыстоваму Евангеллю.
Ці ж не ведаеце, што тыя, што працуюць пры святыні, ядуць тое, што са святыні, а тыя, што паслугуюць пры ахвярніку, бяруць долю з ахвярніка?
Ці ж не ведаеце, што тыя, хто працуе пры святыні, жывяцца са святыні, а тыя, што служаць пры ахвярніку, маюць частку з ахвярніка?
Так і Госпад загадаў, каб тыя, што вясцяць Евангелле, з Евангелля жылі.
Так і Пан загадаў тым, хто абвяшчае Евангелле, жыць з Евангелля.
Але я не карыстаўся анічым з гэтага. А напісаў я гэта, не каб гэтак сталася для мяне; добра было б мне лепш памерці, чым дазволіць, каб хто пазбавіў мяне гэтай славы.
Але я нічым з гэтага не карыстаўся. Напісаў жа гэта не для таго, каб так сталася для мяне, бо для мяне лепш памерці, чым… Гэтага майго гонару ніхто не знішчыць.
І, калі я абвяшчаю Евангелле, няма мне славы; бо гэты абавязак ляжыць на мне. І гора мне, калі я не абвяшчаю добрую вестку.
Калі я абвяшчаю Евангелле, то мне няма чым хваліцца, бо гэты абавязак ўскладзены на мяне. Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля.
Калі я гэта раблю са сваёй волі, маю ўзнагароду; а калі я гэта раблю не па сваёй волі, дык выконваю толькі даручанае мне служэнне.
Бо, калі раблю гэта з уласнай волі, атрымліваю ўзнагароду, а калі не з уласнай, то выконваю даручаны абавязак.
Дык якая мне ўзнагарода, калі абвяшчаючы Евангелле, без платы зацвердзіў я добрую звестку Хрыста гэтак, што не скарыстаўся ўладаю маёй у Евангеллі.
Якая ж мая ўзнагарода? Такая, каб, бескарысліва абвяшчаючы Евангелле, я не карыстаўся правам, дадзеным мне праз яго абвяшчэнне.
Бо, будучы вольным ад усіх, стаўся я нявольнікам усіх, каб тым больш іх здабыць.
Будучы свабодным ад усіх, я стаў нявольнікам усіх, каб здабыць яшчэ больш.
Для юдэяў быў я як юдэй, каб прыцягнуць юдэяў; для тых, што трымаюцца закону, стаўся паслугачом закону, каб прыцягнуць тых, што пад законам;
Для юдэяў я стаў як юдэй, каб здабыць юдэяў. Для тых, хто падпарадкоўваецца Закону, я стаў як той, хто падпарадкоўваецца Закону (хоць сам не быў пад Законам), каб здабыць падпарадкаваных Закону.
для тых, што без закону, быў як без закону, хоць сам не без Божага закону, але пад законам Хрыста, каб здабыць тых, што без закону.
Хоць маю Закон Божы, але згодны з Законам Хрыста, я стаў для тых, хто не мае Закону, як той, хто не мае Закону, каб здабыць тых, хто не мае Закону.
Для кволых стаўся як кволы, каб прыцягнуць кволых; стаўся ўсім для ўсіх, каб хоць некаторых збавіць.
Для нядужых я стаў як нядужы, каб здабыць нядужых. Для ўсіх я стаў усім, каб уратаваць прынамсі некаторых.
Гэта ж раблю я дзеля Евангелля, каб быць удзельнікам яго.
Раблю ж гэта дзеля Евангелля, каб стаць яго саўдзельнікам.
Няўжо вы не ведаеце, што бягучыя на стадыёне ўсе бягуць, аднак адзін атрымлівае ўзнагароду? Дык бяжыце так, каб атрымаць.
Ці не ведаеце, што на стадыёне бягуць усе бегуны, але ўзнагароду атрымлівае адзін? Дык бяжыце так, каб яе атрымаць.
Кожны, хто ідзе ў спаборніцтва, ва ўсім сабе адмаўляе; яны — каб атрымаць вянец знішчальны, а мы — незнішчальны.
Кожны спаборнік вытрымлівае ўсё: толькі тыя, каб атрымаць знішчальны вянок, а мы — незнішчальны.
Дык я бягу не як да няпэўнага, б’юся не так, як бы паветра б’ючы,
Таму я не бягу так, нібы бязмэтна, не змагаюся так, нібы б’ючы паветра;
але ўтаймоўваю ды няволю сваё цела, каб часам, навучаючы іншых, сам не стаўся нявартым.
але я суровы да свайго цела і знявольваю яго, каб, прапаведуючы іншым, самому не аказацца няздатным.