1 да Карынфянаў 12 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Не хачу, браты, каб вы не ведалі пра духоўныя дары.
 
Аб духоўных справах, браты, не хачу пакінуць вас у няведанні.

Бо вы ведаеце, як вы былі паганамі, дык хадзілі да нямых ідалаў, быццам вялі вас.
 
Ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, то вялі вас да нямых ідалаў, быццам зняволеных.

Дзеля таго даводжу вам, што ніхто, хто гаворыць у Духу Божым, не кажа: «Анатэма Ісусу!» Ды ніхто не можа назваць Госпадам Ісуса, як толькі ў Духу Святым.
 
Дзеля гэтага кажу вам, што ніхто пад уплывам Духа Божага не можа сказаць: «Праклён на Езуса!» І ніхто не можа сказаць: «Панам ёсць Езус», калі не будзе ў Духу Святым.

Розныя дары ласкі, але адзін і той самы Дух.
 
Розныя ёсць дары, але той самы Дух.

І адрозненні ў служэннях, але той самы Госпад.
 
Розныя ёсць служэнні, але той самы Пан.

І адрозненні ў дзейнасці, але той самы Бог, Які ўсё ва ўсіх робіць.
 
Розныя ёсць дзеянні, але той самы Бог, які робіць усё ва ўсіх.

Кожнаму даецца аб’яўленне Духа для карысці.
 
Аднак кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць.

Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому даецца тым самым Духам слова ведання,
 
Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому — слова пазнання паводле таго самага Духа;

яшчэ іншаму даецца вера тым жа Духам, іншаму — дары аздараўлення тым самым Духам,
 
іншаму — вера ў тым самым Духу; іншаму — дар аздараўлення ў тым жа Духу;

іншаму — чыніць цуды, іншаму — праракаванне, іншаму — распазнаванне духаў, іншаму — розныя мовы, іншаму — тлумачэнне моў.
 
іншаму — моц чыніць цуды, іншаму — прароцтва, іншаму — распазнаванне духаў, іншаму — розныя мовы, іншаму — тлумачэнне моваў.

Усё гэта робіць адзін і той самы Дух, даючы кожнаму, як Ён хоча.
 
А ўсё гэта здзяйсняе адзін і той жа Дух, які ўдзяляе кожнаму паасобку, як жадае.

Як адно цела мае многа членаў, а ўсе члены аднаго цела, хоць іх многа, твораць адно цела, так і Хрыстос.
 
Як цела адно, але мае многа членаў, якія, хоць іх шмат, складаюць адно цела, так і Хрыстус.

Мы бо ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела, ці то юдэі, ці то грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоены адным Духам.
 
Бо ўсе мы ў адным Духу ахрышчаныя ў адно цела: ці то юдэі, ці то грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоўненыя адным Духам.

А цела складаецца не з аднаго члена, але з многіх.
 
Цела — гэта не адзін член, але шмат.

Калі б нага сказала: «Я не ад цела, бо я не рука», дык няўжо яна таму і не ад цела?
 
Калі скажа нага: «Я не рука, таму не належу да цела», то ці ж яна не належыць да цела?

Або калі вуха скажа: «Я не ад цела, бо я не вока», дык няўжо яно і не ад цела?
 
І калі скажа вуха: «Я не вока, таму не належу да цела», то ці ж яно не належыць да цела?

Калі б усё цела было вокам, дзе ж слых? А калі б усё цела было б слых, дык дзе нюх?
 
Калі ўсё цела — гэта вока, то дзе ж слых? Калі ўсё слых, то дзе нюх?

Але цяпер Бог размясціў члены так, што кожны з іх у целе, як Ён захацеў.
 
Цяпер жа Бог змясціў члены, кожны паасобку ў целе, як захацеў.

А калі б усе былі адным членам, дык дзе ж цела?
 
А калі б усе былі адным членам, то дзе цела?

Вось цяпер членаў многа, а цела — адно.
 
Цяпер жа членаў шмат, але цела адно.

Не можа вока сказаць руцэ: «Ты мне непатрэбна!» або галава нагам: «Вы мне не патрэбны!»
 
Таму не можа вока сказаць руцэ: «Ты мне не патрэбна!», ці таксама галава — нагам: «Вы мне не патрэбныя!»

Наадварот, члены цела, якія падаюцца слабейшымі, больш патрэбныя,
 
Але ж члены цела, якія здаюцца найслабейшымі, нашмат больш патрэбныя.

ды тыя, якія мы лічым менш пачэснымі ў целе, мы акружаем асаблівай пашанай, а тыя, што лічацца непрыстойнымі, маюць асаблівае ўшанаванне,
 
І тыя, якія лічам менш пачэснымі ў целе, мы больш ушаноўваем, і нашым непрыстойным мы надаём больш прыстойнасці,

а нашы прыстойныя не патрабуюць нічога. Але Бог уфармаваў цела, даўшы большую пашану таму, якому не хапае,
 
бо нашым прыстойным гэтага не трэба. Але Бог сфармаваў цела, даючы слабейшым большую пашану,

каб не было ў целе раздзялення, але каб паасобныя члены рупіліся адзін аб адным.
 
каб не было падзелу ў целе, але каб усе члены рупіліся адзін аб адным.

Такім чынам, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены. Падобна, калі славіцца адзін член, радуюцца з ім усе члены.
 
Таму, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены; калі праслаўляецца адзін член, з ім радуюцца ўсе члены.

Вы — Цела Хрыстова, а паасобна — члены.
 
Вы ж — цела Хрыстовае, а паасобку — члены.

І адных Бог паставіў у Царкве па-першае — Апосталамі, па-другое — прарокамі, па-трэцяе — настаўнікамі, потым тых, што маюць моц чынення цудаў, потым дары аздараўлення, дар успамогі, дар гаспадаравання, дар усякіх моў.
 
Адных Бог паставіў у Касцёле найперш апосталамі, другіх — прарокамі, трэціх — настаўнікамі, потым даў моц, потым — дары аздараўлення, дапамогі, кіравання, розныя мовы.

А ці ўсе Апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе сілы?
 
Ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе цудатворцы?

Ці ўсе маюць дары аздараўлення? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?
 
Ці ўсе маюць дар аздараўлення? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?

Рупцеся аб дарах большых, а я вам пакажу шлях яшчэ больш дасканалы.
 
Дбайце пра большыя дары, і я пакажу вам яшчэ лепшы шлях.