1 да Карынфянаў 9 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Хіба́ я не Апостал? Хіба́ я не свабодны? Хіба́ не бачыў я Іісуса Хрыста, Госпада нашага? Хіба́ не мая праца — вы ў Госпадзе?
 
Ці я не свабодны? Ці я не Апостал? Ці я не бачыў Езуса Хрыста, Пана нашага? Ці не мая вы справа ў Пану?

Калі для іншых я не Апостал, то для вас — Апостал; бо пячаць майго апостальства — вы ў Госпадзе.
 
Калі для іншых я не Апостал, то для вас Апостал, бо пячатка майго апостальства — вы ў Пану.

Вось маё апраўданне перад тымі, хто асуджа́е мяне.
 
Вось такі адказ мой тым, што судзяць мяне.

Ці ж не маем мы права есці і піць?
 
Ці мы не маем права есці ды піць?

Ці ж не маем мы права мець спадарожніцаю сястру жонку, як і астатнія Апосталы, і браты Гасподнія, і Кіфа.
 
Ці не маем права мець спадарожніцаю сястру, жонку, як іншыя Апосталы і браты Пана, і Кефас?

Ці ж толькі я і Варнава не маем права не працаваць?
 
Ці адзін я і Барнаба не маем права не працаваць?

Хто і калі слу́жыць у войску на сваім утрыма́нні? Хто са́дзіць вінаграднік і не есць пладоў яго? Хто пасвіць статак і не п’е малака ад статку?
 
Хто калі-небудзь служыў у войску на свой кошт? Хто садзіць вінаграднік і не есць яго пладоў? Або хто пасвіць статак і не есць малака ад статку?

Ці толькі паводле чалавечага разумення я кажу гэта? Ці не гаворыць гэтага і закон?
 
Ці я гавару гэта як чалавек? Хіба не кажа гэта і Закон?

Бо ў Маісеевым законе напісана: «не завязвай рот валу́, які малоціць». Ці пра валоў клапоціцца Бог?
 
Бо ў Законе Майсея напісана: «Не завязвай пысы валу, што малоціць». Ці аб валах клапоціцца Бог?

Ці, можа, дзеля нас гэта гаворыцца? Дзеля нас жа гэта напíсана; бо хто арэ, той павінен араць з надзеяй, і хто малоціць, павінен малаціць з надзеяй на сваю долю спадзяванага.
 
Ці не дзеля нас увогуле кажа? Бо дзеля нас напісана, што араты павінен араць з надзеяй, а малацьбіт — з надзеяй на частку.

Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, то ці вялікая рэч, калі пажнём у вас цялеснае?
 
Калі мы пасеялі ў вас духоўнае дабро, ці вялікая рэч, калі пажнем у вас цялеснае?

Калі іншыя маюць гэтае права ў вас, то чаму тады не мы? Але мы не карысталіся гэтым пра́вам, а ўсё церпім, каб не зрабіць ніякай перашкоды дабравесцю Хрыстоваму.
 
Калі іншыя маюць права над вамі, то мы тым больш? Аднак мы не скарысталі з гэтага права, але ўсё церпім, каб не ўчыніць якой перашкоды Хрыстоваму Евангеллю.

Хіба вы не ведаеце, што тыя, хто працуе ў свяцілішчы, кормяцца ад свяцілішча? што тыя, хто слу́жыць пры ахвярніку, маюць долю ад ахвярніка?
 
Ці ж не ведаеце, што тыя, хто працуе пры святыні, жывяцца са святыні, а тыя, што служаць пры ахвярніку, маюць частку з ахвярніка?

Гэтак і Гасподзь устанавіў, каб тыя, хто прапаведуе Евангелле, жылі ад дабравесця.
 
Так і Пан загадаў тым, хто абвяшчае Евангелле, жыць з Евангелля.

Але я не карыстаўся нічым такім. І напісаў я гэта не дзеля таго, каб так было для мяне, бо мне лепш памерці, чым каб хто пазбавіў мяне таго, чым я хвалю́ся.
 
Але я нічым з гэтага не карыстаўся. Напісаў жа гэта не для таго, каб так сталася для мяне, бо для мяне лепш памерці, чым… Гэтага майго гонару ніхто не знішчыць.

Бо калі я дабраве́шчу, то мне няма чым хвалíцца, таму што гэта абавязак, які ляжы́ць на мне, і гора мне, калі не дабраве́шчу.
 
Калі я абвяшчаю Евангелле, то мне няма чым хваліцца, бо гэты абавязак ўскладзены на мяне. Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля.

Бо калі я раблю гэта добраахвотна, то ма́ю ўзнагароду, а калі не добраахвотна, то выконваю толькі дару́чаную мне справу.
 
Бо, калі раблю гэта з уласнай волі, атрымліваю ўзнагароду, а калі не з уласнай, то выконваю даручаны абавязак.

За што ж мне ўзнагарода? За тое, што, прапаведуючы Евангелле, я дабраве́шчу пра Хрыста да́рам, не карыстаючыся тым правам, якое дае мне дабравесце.
 
Якая ж мая ўзнагарода? Такая, каб, бескарысліва абвяшчаючы Евангелле, я не карыстаўся правам, дадзеным мне праз яго абвяшчэнне.

Таму, будучы свабодным ад усіх, я зрабіў сябе рабом усіх, каб больш іх прыдба́ць:
 
Будучы свабодным ад усіх, я стаў нявольнікам усіх, каб здабыць яшчэ больш.

для Іудзеяў я быў як Іудзей, каб прыдба́ць Іудзеяў; для падзаконных быў як падзаконны, каб прыдба́ць падзаконных;
 
Для юдэяў я стаў як юдэй, каб здабыць юдэяў. Для тых, хто падпарадкоўваецца Закону, я стаў як той, хто падпарадкоўваецца Закону (хоць сам не быў пад Законам), каб здабыць падпарадкаваных Закону.

для тых, хто без закону, я быў як без закону, — не будучы без закону перад Богам, а падзаконным Хрысту, — каб прыдба́ць тых, хто без закону;
 
Хоць маю Закон Божы, але згодны з Законам Хрыста, я стаў для тых, хто не мае Закону, як той, хто не мае Закону, каб здабыць тых, хто не мае Закону.

для сла́бых быў як сла́бы, каб прыдба́ць сла́бых. Для ўсіх я стаў усім, каб спасці хаця б некаторых.
 
Для нядужых я стаў як нядужы, каб здабыць нядужых. Для ўсіх я стаў усім, каб уратаваць прынамсі некаторых.

І гэта я раблю дзеля Евангелля, каб стаць удзельнікам яго.
 
Раблю ж гэта дзеля Евангелля, каб стаць яго саўдзельнікам.

Хіба вы не ведаеце, што на спаборніцтвах па бегу бягуць усе, а ўзнагароду атрымлівае адзін? Дык бяжыце так, каб атрымаць.
 
Ці не ведаеце, што на стадыёне бягуць усе бегуны, але ўзнагароду атрымлівае адзін? Дык бяжыце так, каб яе атрымаць.

Кожны, хто спаборнічае, устрымліваецца ад усяго; аднак яны — каб атрымаць вянец тленны, а мы — нятленны.
 
Кожны спаборнік вытрымлівае ўсё: толькі тыя, каб атрымаць знішчальны вянок, а мы — незнішчальны.

І таму я бягу не проста так, б’юся не так, быццам б’ю паветра;
 
Таму я не бягу так, нібы бязмэтна, не змагаюся так, нібы б’ючы паветра;

але прыгнятаю і знявольваю цела маё, каб, прапаведуючы іншым, самому не аказацца недастойным.
 
але я суровы да свайго цела і знявольваю яго, каб, прапаведуючы іншым, самому не аказацца няздатным.