1 да Карынфянаў 6 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Ці сьмее хто з вас, маючы справу з другім, судзіцца перад нявернымі, саміж перад сьвятымі?
Як адважваецца нехта з вас, маючы справу супраць іншага, судзіцца перад несправядлівымі, а не перад святымі?
Няўжэ ня ведаеце, што сьвятыя будуць сьвет судзіць? А калі вы маеце судзіць куды меншыя справы?
Хіба не ведаеце, што святыя будуць судзіць свет? А калі вы асуджаеце свет, то ці ж не вартыя вы судзіць у нязначных справах?
Хіба ня ведаеце, што будзем судзіць Анёлаў? Наколькіж болей — справы сьвецкія?
Хіба не ведаеце, што мы будзем судзіць анёлаў, ужо не кажучы пра жыццёвыя справы?
А вы, судзячыся аб жыцьцёвых справах, ставіце сваімі судзьдзямі ня маючых павагі ў эклезіі.
Аднак вы, калі разбіраеце жыццёвыя справы, ці не прызначаеце суддзямі тых, хто ў Касцёле нічога не значыць?
На сорам вам кажу гэта! Няўжэ няма між вамі каго разумнага, што могбы рассуджваць між братамі сваімі?
На сорам ваш кажу гэта! Няўжо сярод вас няма нікога мудрага, хто б мог рассудзіць паміж сваімі братамі?
А-то брат з братам судзіцца ды шчэ й перад няверцамі.
Але брат судзіцца з братам, і гэта перад няверуючымі?
Ужо й тое паніжаюча для вас, што вы наагул судзіцеся між сабою. Чамуб вам не аставацца лепш ужэ пакрыўджанымі? Чамуб лепей не цярпець шкоды?
Наогул ганебна для вас само тое, што вы судзіцеся паміж сабою! Ці не лепш вам цярпець несправядлівасць? Ці не лепш вам застацца ашуканымі?
Вы-ж, наадварот, самі крыўдзіце й абдзіраеце, і-то братоў.
Але вы самі крыўдзіце і ашукваеце, і пры гэтым братоў!
Ці ня ведаеце, што несправядлівыя валадарства Божага не ўнасьледзяць? Не манеце сабе: ані распусьнікі, ані балванаверцы, ані чужаложнікік, ані разнузданыя, ані садомцы,
Хіба не ведаеце, што несправядлівыя не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае? Не ўводзьце сябе ў зман: ні распуснікі, ні ідалапаклоннікі, ні чужаложнікі, ні блуднікі, ні мужаложнікі,
ані зладзеі, ані прагавітыя, ані п’яніцы, ні зламоўцы, ані грабежнікі — валадарства Божага не ўнасьледзяць.
ні злодзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні паклёпнікі, ні рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае.
І гэткімі былі некаторыя з вас; але ўжо абмытыя, але асьвенчаныя, але усправядліўленыя ў імя Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса і ў Духу Бога нашага.
І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, але вы былі асвячаныя, але вы былі апраўданыя ў імя Пана Езуса Хрыста і ў Духу Бога нашага!
«Усё мне можна,» — але ня ўсё карыснае; «усё мне можна», — але нічога не павінна мною валадаць.
Усё мне можна, але не ўсё карысна. Усё мне можна, але нічым не дам сябе зняволіць.
Яда для жывата, а жывот для яды; але Бог зьністожыць і адно і другое. Цела-ж не для распусты, але для Усеспадара, а Усеспадар для цела.
Ежа для чэрава, і чэрава для ежы, але Бог знішчыць тое і другое. Цела не для распусты, але для Пана, і Пан для цела.
Бог-жа і Усеспадара быў з гробу падняў, ды й нас падыме моцай сваёю.
Бог уваскрасіў Пана і нас уваскрасіць сваёй моцаю.
Ціж ня ведаеце, што целы вашыя — гэта чэлесы Хрыстуса? Узяўшы тады чэлесы Хрыстуса, зраблю іх чэлесамі блудніцы? Ніколі!
Хіба не ведаеце, што целы вашыя — гэта члены Хрыстовыя? Ці ж, узяўшы члены Хрыста, учыню іх членамі распусніцы? Канешне, не!
Хіба ня ведаеце, што хто суспаляецца з блудніцай, ёсьць адным целам зь ёю? Сказана бо: Двоя будуць у вадным целе (Быць. 2:24).
Ці ж не ведаеце, што, хто злучаецца з распусніцай, з’яўляецца адным целам з ёю? Бо, як сказана, двое будуць адным целам.
А хто суспаляецца з Усяспадарам, ёсьць із Ім адным духам.
А той, хто злучаецца з Панам, становіцца з Ім адным духам.
Уцякайце ад распусты! Усякі грэх, якога дапускаецца чалавек, ёсьць по-за целам; але хто дапускаецца распусты, грэшыць проціў свайго цела.
Уцякайце ад распусты. Усялякі грэх, які чыніць чалавек, ёсць па-за целам, а распуснік грашыць супраць уласнага цела.
Ціж ня ведаеце, што цела ваша ёсьць сьвятыняй Духа Сьвятога, Якога маеце ад Бога, і вы — не свае (Кар. 6:16).
Ці не ведаеце, што целы вашыя — гэта святыня Духа Святога, які ў вас, якога вы маеце ад Бога, і што вы не належыце самім сабе?
Бо вы куплены за высокую цану. Хвалеце, восьжа, і насеце Бога ў целе вашым!
Бо вы куплены за вялікую цану! Таму праслаўляйце Бога ў целе вашым.