1 да Карынфянаў 14 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Імкніцеся да любові, ру́пцеся пра (дары) духовыя, асабліва ж, каб (вам) прарочыць.
 
Імкніцеся да любові, клапаціцеся аб духоўным, асабліва аб дары прароцтва.

Таму што той, хто гаворыць (нейкай) мовай, гаворыць ня людзям, але Богу; бо ніхто ня разумее (яго), (бо) ён духам гаворыць тайны;
 
Хто гаворыць мовамі, той гаворыць не людзям, а Богу. Ніхто не разумее яго, бо ён пра таямнічае гаворыць.

а хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаваньне і перасьцярогу, і суцяшэньне.
 
А хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаванне, напамін і суцяшэнне.

Той, хто гаворыць (нейкай) мовай, сябе збудоўвае, а той, хто прарочыць, збудоўвае царкву.
 
Хто гаворыць мовамі, будуе сябе, а хто прарочыць, будуе Касцёл.

Жадаю ж, (каб) усім вам гаварыць мовамі; але лепш, каб вам прарочыць; бо той, хто прарочыць, большы за таго, хто гаворыць мовамі, хíба, калі ён будзе (яшчэ і) тлумачыць, каб царква атрымала збудаваньне.
 
Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але лепш, каб вы прарочылі, бо большы той, хто прарочыць, чым той, хто гаворыць мовамі, хіба што ён будзе тлумачыць дзеля будавання Касцёла.

Цяпер жа, браты, калі я прыйду да вас гаворачы мовамі, якую прынясу вам карысьць, калі ня буду вам гаварыць ці то адкрыцьцём, ці то веданьнем, ці то прароцтвам, ці то навукаю?
 
Цяпер, калі я прыйду да вас, браты, гаворачы мовамі, якую прынясу вам карысць, калі не буду прамаўляць да вас праз аб’яўленне, пазнанне, прароцтва і навучанне?

І бяздушныя (прылады), якія выдаюць гук, ці то жалейка, ці то гарпа, калі ня даюць розных мелёдыяў, якім чынам будзе распазна́на, што іграецца на жалейцы або на гарпе?
 
Бо і бяздушныя інструменты, ці то жалейка, ці гуслі, калі не даюць адметных гукаў, то як распазнаць, што іграюць на жалейцы ці на гуслях?

Бо і калі труба будзе выдаваць няразборлівае гучаньне, хто будзе рыхтавацца да бою?
 
І калі труба будзе выдаваць невыразны гук, хто пачне рыхтавацца да бою?

Гэтак і вы, калі на (нейкай) мове ска́жаце нязразумелае слова, якім чынам будзе распазнана ска́занае? Дык вы будзеце гаварыць на вецер.
 
Так і вы, калі языком вымаўляеце незразумелыя словы, як зразумеюць, што вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на вецер.

Колькі напрыклад ёсьць у сьвеце ўсякіх слоў, і ніводнага зь іх няма бяз значэньня.
 
Несумненна, ёсць шмат разнастайных моў на свеце, і няма ніводнай без значэння.

Калі ж я ня разумею значэньня слова, то я буду для таго, хто гаворыць, чужаземцам, і той, хто гаворыць, для мяне — чужаземец.
 
Калі я не разумею сэнсу мовы, то буду чужынцам таму, хто гаворыць, і для мяне той, хто гаворыць, чужынец.

Так і вы, паколькі зьяўляецеся прыхільнікамі духовых (рэчаў), імкніцеся да ўмацаваньня царквы, каб вам (узрастаць і) памнажацца.
 
Так і вы, калі рупіцеся аб духоўных дарах, старайцеся ўзрастаць у іх дзеля будавання Касцёла.

Таму, хто гаворыць (нейкай нязразумелай) мовай, хай моліцца, каб мог і тлумачыць.
 
Таму той, хто гаворыць мовамі, няхай моліцца, каб умеў тлумачыць.

Бо калі я малюся (нейкай нязразумелай) мовай, то дух мой моліцца, а розум мой застаецца бясплодным.
 
Бо калі я малюся на мовах, то дух мой моліцца, але розум мой застаецца бясплодным.

Дык што ж? Буду маліцца духам, буду маліцца і розумам; буду сьпяваць духам, буду сьпяваць і розумам.
 
Што ж рабіць? Буду маліцца духам і буду маліцца розумам, буду спяваць духам і буду спяваць розумам.

Таму што, калі ты будзеш дзякаваць (Богу) духам, (то той), што стаіць побач і ня разумее, (што ты гаворыш), як ён скажа «амін» пры тваім дзякаваньні? Таму што (тое), што ты гаворыш, ён ня разумее.
 
Бо калі ты будзеш благаслаўляць у духу, то як неўтаямнічаны скажа «амэн» на тваё дзякаванне, калі не ведае, што кажаш?

Бо хаця ты добра дзякуеш, але другі ня збудоўваецца.
 
Ты хораша дзякуеш, але не будуеш другога.

Дзякую Богу майму, што больш за ўсіх вас гавару мовамі;
 
Дзякую Богу, што больш за ўсіх вас гавару мовамі,

але ў царкве хачу пяць слоў сказаць маім розумам, каб і другіх навучыць, чым (сказаць) мноства слоў на нязразумелай мове.
 
але ў Касцёле хачу сказаць лепш пяць слоў маім розумам, каб і другіх навучыць, чым дзесяць тысяч слоў на мовах.

Браты! ня будзьце дзецьмі розумам, а (вось) на ліхое будзьце нямаўлятамі; па розуму ж будзьце ста́лымі.
 
Браты, не будзьце дзецьмі ў думках, але будзьце дзецьмі для зла, а ў думках будзьце сталымі.

У Законе напісана: замежнымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць народу гэтаму; і (нават) тады ня паслухаюць Мяне, — кажа Госпад.
 
У Законе напісана: «Іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць да народу гэтага, але і тады не паслухаюць Мяне», — кажа Пан.

Так што мовы зьяўляюцца знакам ня для вернікаў, але для нявернікаў; а прароцтва — ня для нявернікаў, але для вернікаў.
 
Так што мовы з’яўляюцца знакам не для веруючых, але для няверуючых; прароцтва ж не для няверуючых, але для веруючых.

Калі ж уся царква зыдзецца разам, і ўсе загавораць на (нейкіх) мовах, ды ўвойдуць ня разумеючыя ці нявернікі, то ці ня скажуць, што вы шале́еце?
 
Калі б увесь Касцёл сабраўся разам, і ўсе пачалі гаварыць мовамі, то калі ўвойдуць неўтаямнічаныя ці няверуючыя, ці не скажуць яны, што вы вар’яты?

Калі ж усе прарочаць, і ўвойдзе хто-небудзь няве́рнік альбо той, хто ня разумее, то ён (стаецца) усімі дасьледаваным (і) ўсімі дакараным.
 
Калі б усе прарочылі, і ўвайшоў бы няверуючы ці неўтаямнічаны, то ўсімі ён будзе дакараны, усімі асуджаны,

І такім чынам тайны сэрца ягонага стаюцца відавочнымі, і таму, упаўшы на аблічча, ён паклоніцца Богу, кажучы: сапраўды з вамі ёсьць Бог.
 
і выявяцца тайны яго сэрца, і ён, упаўшы на твар, паклоніцца Богу, кажучы: «Сапраўды, з вамі Бог!»

Дык што, браты? Калі вы зьбіраецеся, кожны з вас мае псальм, мае навуку, мае (нейкую) мову, мае адкрыцьцё, мае тлумачэньне, — усё (гэта) хай будзе на збудаваньне.
 
Што ж рабіць, браты? Калі вы збіраецеся разам, то кожны ці спявае, ці навучае, ці мае аб’яўленне, ці мову, ці тлумачэнне — усё гэтае няхай будзе на будаванне.

Калі хто гаворыць (нязнаёмаю) моваю, (то хай гавораць) двое, ці найбольш — трое, і (то) па чарзе, а адзін хай тлумачыць.
 
Калі хто гаворыць мовамі, гаварыце па двое, ці найбольш па трое, ды па чарзе, а тлумачыць няхай адзін.

Калі ж няма тлумача, у царкве маўчы; але гавары сабе і Богу.
 
Калі ж няма таго, хто тлумачыць, няхай у Касцёле маўчаць. Няхай гавораць сабе і Богу.

Прарокі ж гаварыце двое ці трое, а астатнія — разважайце.
 
І прарокі няхай гавораць па двое ці па трое, іншыя няхай разважаюць.

Калі ж другому з тых, што сядзяць, будзе адкрыта, (то) першы маўчы.
 
Калі ж другому з седзячых будзе дадзена аб’яўленне, то першы няхай маўчыць.

Бо вы ўсе адзін за адным можаце прарочыць, каб усім вучыцца і ўсім быць суцяша́нымі.
 
Бо ўсе паасобку можаце прарочыць, каб усе вучыліся і ўсе заахвочаныя былі суцешаныя.

І духі прарокаў прарокам паслухмяныя,
 
Нават духі прарочыя падпарадкаваныя прарокам,

таму што (Бог) ня ёсьць Бог бязладзьдзя, але міру, як ва ўсіх цэрквах у сьвятых.
 
таму што Бог не з’яўляецца Богам бязладдзя, але спакою. Як ёсць ва ўсіх Касцёлах паміж святымі,

Жонкі вашыя ў цэрквах няхай маўчаць, бо ня дазволена ім гаварыць, а быць у паслушэнстве, як і Закон кажа.
 
жанчыны ў Касцёлах няхай маўчаць, бо не дазволена ім гаварыць, але няхай будуць падпарадкаваныя, як і кажа Закон.

Калі ж яны хочуць чаму-небудзь навучыцца, (дык) хай пытаюцца дома ў сваіх мужоў, бо няпрыстойна жонкам гаварыць у царкве.
 
Калі хочуць чаму навучыцца, няхай пытаюцца дома ў сваіх мужоў, бо сорамна жанчыне гаварыць у Касцёле.

Ці ад вас выйшла Слова Бога, ці да вас адных дайшло?
 
Ці ад вас выйшла слова Божае, або ці да вас адных дайшло?

Калі хто лічыць сябе прарокам альбо духовым, хай разумее, што я вам пішу, таму што гэта Прыказаньні Госпада.
 
Калі хто лічыць, што ён прарок ці мае іншы духоўны дар, няхай прызнае, што тое, пра што я пішу вам, — гэта запаведзь Пана.

Калі ж хто (гэтага) ня прызнае́, дык хай сабе ня прызнае́.
 
Хто гэтага не прызнае, сам будзе непрызнаны.

Так што, браты, рупцеся, каб прарочыць; і гаварыць (нязнаёмымі) мовамі ня перашкаджайце.
 
Таму, браты мае, старайцеся прарочыць і не забараняйце гаварыць мовамі.

Няхай усё прыстойна і ў парадку робіцца.
 
Няхай усё адбываецца прыстойна і згодна з парадкам.