1 да Карынфянаў 15 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Напамінаю вам, браты, Эвангельле, якое я вам абвясьціў, якое вы і прынялі, у якім і ўстаялі,
Нагадваю вам, браты, Евангелле, якое я абвяшчаў вам і якое вы прынялі, і ў якім трываеце,
празь якое вы і ратуецеся, тым словам, якое я дабравесьціў вам, калі утрымліваеце (яго), калі толькі ня бяспрычынна паверылі. (Жыд. 5:9).
і праз якое таксама збавіцеся, калі цвёрда захаваеце тое слова, што я абвясціў вам. Калі толькі не дарма паверылі!
Бо я перадаў вам перш тое, што і (сам) прыняў, што Хрыстос памёр за грахі нашыя, паводля Пісаньняў,
Бо спачатку я перадаў вам тое, што і сам прыняў, што Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання і
і што (Ён) быў пахаваны, і што быў уваскрэшаны на трэйці дзень паводля Пісаньняў,
што быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання,
і што Ён быў зьяўлены Кіхве, потым дванаццацём;
і што з’явіўся Кефасу, а потым — Дванаццаці.
потым быў зьяўлены больш чым пяцістам братом аднача́сна, зь якіх большасьць жыве да гэтага часу, а нікаторыя і паме́рлі;
Пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова, большасць з якіх жыве дагэтуль, а некаторыя памерлі.
потым быў зьяўлены Яку́бу, потым (быў зьяўлены) усім Апосталам;
Потым з’явіўся Якубу, потым — усім Апосталам.
а пасьля ўсіх, як (нейкаму) няданоску, быў зьяўлены і мне.
Пазней за ўсіх з’явіўся і мне, як неданошанаму плоду.
Бо я ёсьць найменшы з Апосталаў, які ня варты называцца Апосталам, таму што я гнаў царкву Бога;
Бо я найменшы з Апосталаў і не варты называцца Апосталам, паколькі пераследаваў Касцёл Божы.
але Багада́цьцю Бога я ёсьць той, хто я ёсьць. І Багадаць Ягоная, што ўва мне, ня сталася марнай, але я папрацава́ў намнога больш за іх усіх: але ня я, а Багадаць Бога, якая са мною.
Але з ласкі Божай я стаў тым, чым ёсць, і ласка Ягоная, дазеная мне, не была дарэмнаю. Наадварот, я працаваў больш за іх усіх, ды і не я, а ласка Божая, што са мною.
Дык ці я, ці яны — мы так прапаведуем, і вы так паверылі.
Таму ці я, ці яны, мы так прапаведуем, а вы так паверылі.
Калі ж пра Хрыста апавядаецца, што Ён уваскрэшаны зь мёртвых, (дык) як нікаторыя з вас кажуць, што ўваскрасе́ньня мёртвых няма?
Калі прапаведуюць, што Хрыстус уваскрос, то чаму некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрашэння памерлых?
Калі ж няма ўваскрэсеньня мёртвых, (дык) і Хрыстос ня быў уваскрэшаны;
Калі ж няма ўваскрашэння памерлых, то і Хрыстус не ўваскрос!
калі ж Хрыстос ня быў уваскрэшаны, то дарэмная тады нашая пропаведзь, дарэмная ж і вера вашая.
А калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера вашая марная.
А мы сталіся б лжэсьведкамі пра Бога, таму што засьведчылі пра Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, Якога ня ўваскрасіў, — калі сапраўды мёртвыя ня ўваскрашаемы;
Тады б мы аказаліся фальшывымі сведкамі Бога, бо сведчылі б супраць Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, якога Ён не ўваскрашаў, паколькі памерлыя не ўваскрасаюць.
калі ж мёртвыя ня ўваскрашаемы, то і Хрыстос ня быў уваскрэшаны.
Бо калі памерлыя не ўваскрасаюць, то і Хрыстус не ўваскрос.
Калі ж Хрыстос ня быў уваскрэшаны, то дарэмная вера вашая: вы ўсё яшчэ знаходзіцеся ў грахох вашых.
А калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная і вы далей у грахах вашых.
Тады і памёршыя ў Хрысьце загінулі.
Тады і тыя, што памерлі ў Хрысце, згінулі.
Калі толькі ў гэтым жыцьці мы спадзяёмся на Хрыста, дык мы самыя няшчасныя з усіх людзей.
Калі мы спадзяёмся на Хрыста толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод людзей.
А цяпер (я кажу, што ведаю): Хрыстос уваскрэшаны зь мёртвых, Ён стаў Першынцам з памёршых.
Але Хрыстус уваскрос, Першынец сярод тых, якія памерлі.
Бо як праз чалавека — сьмерць, так праз Чалавека і — уваскрасеньне (зь) мёртвых.
Паколькі праз чалавека прыйшла смерць, так праз Чалавека — і ўваскрашэнне памерлых.
Бо як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысьце ўсе будуць уваскрэшаны,
Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены.
але кожны ў сваім парадку: Пе́ршынец Хрыстос, потым — Хрыстовыя ў прыход Ягоны;
Кожны ў свой час: першы Хрыстус, потым тыя, хто належыць Хрысту, падчас прыйсця Ягонага.
потым — канец, калі Ён перадасьць Валадарства Богу і Бацьку, калі скасуе ўсякае начальства і ўсякую ўладу, і сілу.
Канец настане тады, калі Ён перадасць Валадарства Богу і Айцу, калі знішчыць усялякае панаванне і ўсялякую ўладу, і сілу.
Бо Яму належыць валада́рыць, пакуль ні пакладзе ўсіх ворагаў пад Ногі Ягоныя.
Бо трэба, каб Ён валадарыў, пакуль не пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі свае.
(І) апошні вораг будзе зьнішчаны — сьмерць;
Як апошні вораг будзе знішчана смерць,
бо ўсё пакарыў (Бацька) пад Ногі Ягоныя. А калі ска́зана, што ўсё пакорана (Яму, дык) ясна, што акрамя Таго, Хто пакарыў Яму ўсё.
бо ўсё пакладзена пад ногі Ягоныя. Калі ж скажа, што ўсё падпарадкавана, то відавочна, за выключэннем таго, хто падпарадкаваў Яму ўсё.
А калі будзе пакорана Яму ўсё, тады і Сам Сын пакорыцца Таму, Хто пакарыў Яму ўсё, каб быў Бог усё ва ўсім.
Калі ж усё будзе Яму падпарадкавана, тады і сам Сын падпарадкуецца таму, хто падпарадкаваў Яму ўсё, каб Бог быў усё ва ўсім.
Інакш што будуць рабіць тыя, каго хрысьцяць дзеля мёртвых? Калі мёртвыя зусім ня ўваскрашаемы, дык для чаго і хрысьцяцца дзеля мёртвых?
Бо што ж зробяць тыя, хто прымае хрост за памерлых? Калі памерлыя зусім не ўваскрасаюць, то навошта яны прымаюць за іх хрост?
Дзеля чаго і мы ў небясьпецы ўсякі час?
Навошта і мы пастаянна трапляем у небяспеку?
Я кожны дзень паміраю: аддаю ў залог маю пахвалу, якую я маю ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
Я кожны дзень паміраю. Сведчаннем гэтаму ваша пахвала, браты, якую маю ў Езусе Хрысце, Пану нашым!
Калі (проста) па-чалавечаму змагаўся я зь дзікімі зьвярамі ў Эхвесе, (дык) якая мне (ад гэтага) карысьць, калі мёртвыя ня ўваскрашаемы? Станем есьці і піць, бо заўтра памром!
Калі я, як чалавек, змагаўся ў Эфесе з дзікімі звярамі, то якая мне карысць? Калі памерлыя не ўваскрасаюць, будзем есці і піць, бо заўтра памром.
Ня абманвайце сябе: благія сяброўствы псуюць добрыя норавы.
Не падманвайце сябе. Дрэнныя размовы псуюць добрыя звычаі.
Абразумце сябе да праведнасьці і ня грашыце, таму што нікаторыя з вас ня ведаюць Бога: на сорам вам кажу.
Абудзіцеся па-сапраўднаму і не грашыце! Бо некаторыя з вас не ведаюць Бога. Кажу гэта вам на сорам.
Але хто-небудзь скажа: якім чынам мёртвыя ўваскрашаемы? Ды ў якім целе прыходзяць?
Хтосьці скажа: «Як памерлыя ўваскрэснуць? У якім целе яны прыйдуць?»
Няразумны! тое, што ты сееш, ня ажыве, калі ня памрэ.
Неразумны! Тое, што ты сееш, не ажыве, перш чым не памрэ.
І тое, што ты сееш, (дык) сееш ня цела будучае, але голае зерне, якое надарыцца — пшанічнае альбо якое-небудзь іншае.
Тое, што ты сееш, сееш не як будучае цела, але як голае зерне, напрыклад, пшаніцы ці чаго іншага.
А Бог дае яму цела, як хоча, і кожнаму зярняці сваё цела.
Бог жа дае яму такое цела, як хоча, і кожнаму насенню ўласнае цела.
Ня ўсякае цела (ёсьць) аднолькавае цела, але іншае цела — у людзей, іншае ж цела — у жывёлаў, іншае ж — у рыбаў, іншае ж — у птушак.
Не ўсе целы аднолькавыя, але адно ў людзей, іншае ў жывёл, іншае таксама ў птушак, яшчэ іншае ў рыб.
І (ёсьць) целы нябесныя і целы зямныя; але іншая слава нябесных, іншая — зямных.
Ёсць целы нябесныя і целы зямныя, але іншая слава нябесных, а іншая — зямных.
Іншая слава ў сонца і іншая слава ў месяца, і іншая слава ў зорак; бо зорка ад зоркі адрозьніваецца славай.
Іншая слава сонца, іншая — месяца, іншая таксама слава зорак, бо зорка ад зоркі адрозніваецца славай.
Гэтак і ўваскрашэньне мёртвых: сеецца ў тленьні, уваскрашаецца ў нятленьні;
Так і ўваскрашэнне памерлых. Сеецца ў тленні, паўстае ў нятленнасці.
сеецца ў няславе, уваскрашаецца ў славе, сеецца ў немачы, уваскрашаецца ў сіле;
Сеецца ў пагардзе, паўстае ў славе. Сеецца ў слабасці, паўстае ў моцы.
сеецца цела душэўнае, уваскрашаецца цела духовае. Ёсьць цела душэўнае, і ёсьць цела духовае.
Сеецца цела зямное, паўстае цела духоўнае. Калі ёсць зямное цела, ёсць і духоўнае.
Гэтак і напісана: «стаўся першы чалавек Адам душою жывою»; апошні Адам (ёсьць) Дух жыцьцятворчы.
Так і напісана: «Першы чалавек Адам стаў жывой істотай», апошні Адам — жыватворным духам.
Але (у чалавеку) спачатку ня духовае, а душэўнае, духовае (ж) затым.
Але не духоўнае першае, а зямное, потым духоўнае.
Першы чалавек — зь зямлі, зямны; наступны Чалавек — Госпад зь Неба.
Першы чалавек з зямлі ёсць пылам; другі Чалавек — з неба.
Які зямны, гэткія і зямныя; і Які Нябесны, гэткія і нябесныя.
Які быў з пылу, такія і тыя, што з пылу; які нябесны, такія і нябесныя.
І як мы насілі абраз зямнога, (гэтак) будзем насіць і абраз Нябеснага.
І як мы насілі вобраз таго, што з пылу, так будзем насіць вобраз нябеснага.
Гэта ж кажу (вам), браты, што цела і кроў Валадарства Бога атрымаць у спадчыну ня могуць, і тленьне ня спадкуе нятленьня.
Але кажу вам, браты, што цела і кроў не могуць атрымаць у спадчыну Валадарства Божае, і тленнае не атрымае ў спачыну нятленнасць.
Вось, кажу вам тайну: ня ўсе мы памром, але ўсе будзем пераменены,
Вось, я кажу вам таямніцу: не ўсе мы памром, але ўсе будзем перамененыя,
раптам, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затру́біць, і мёртвыя будуць уваскрэшаны нятленнымі, а мы будзем пераменены.
адразу, у імгненне вока, на гук апошняй трубы. Калі яна загучыць, памерлыя ўваскрэснуць як нятленныя, а мы пераменімся.
Бо належыць гэтаму тленнаму апрануцца ў нятленнасьць, і сьмяротнаму гэтаму апрануцца ў нясьмяротнасьць.
Бо трэба, каб тленнае апранулася ў нятленнасць, а смяротнае апранулася ў несмяротнасць.
Калі ж тленнае гэтае апранецца ў нятленнасьць, і сьмяротнае гэтае апранецца ў нясьмяротнасьць, тады спраўдзіцца слова напíсанае: «сьмерць праглынена перамогаю».
Калі ж тленнае апранецца ў нятленнасць, а смяротнае апранецца ў несмяротнасць, тады споўніцца напісанае слова: «Перамога паглынула смерць.
«Сьмерць, дзе тваё джала? Пекла, дзе твая перамога?»
Смерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?»
Джала ж сьмерці — грэх, сіла ж грэху — Закон.
Джала смерці — грэх, а сіла граху — Закон.
Але Богу падзяка, Які дае нам перамогу цераз Госпада нашага Ісуса Хрыста!
Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста.
Дык вось, браты мае любасныя, будзьце цьвёрдыя, няпахісныя, маючы заўсёды посьпех у справе Госпада, ведаючы, што праца вашая ня марная перад Госпадам.
Таму, мае ўмілаваныя браты, будзьце моцнымі, непахіснымі, заўсёды будзьце цалкам адданымі справе Пана і ведайце, што не дарэмная праца ваша ў Пану.