1 да Карынфянаў 15 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Напамінаю вам, браты, Дабравесце, якое я абвяшчаў вам, якое вы і прынялі, у якім вы і стаіце,
Нагадваю вам, браты, Евангелле, якое я абвяшчаў вам і якое вы прынялі, і ў якім трываеце,
праз якое вы і ратуецеся, калі трымаецеся слова, якое я абвяшчаў вам, — калі толькі не марна ўверавалі.
і праз якое таксама збавіцеся, калі цвёрда захаваеце тое слова, што я абвясціў вам. Калі толькі не дарма паверылі!
Бо я перадаў вам перш за ўсё тое, што і атрымаў, — што Хрыстос памёр за нашы грахі згодна з Пісаннямі;
Бо спачатку я перадаў вам тое, што і сам прыняў, што Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання і
і што Ён быў пахаваны, і што Ён уваскрэшаны на трэці дзень згодна з Пісаннямі;
што быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання,
і што Ён з’явіўся Кіфе, потым — дванаццаці;
і што з’явіўся Кефасу, а потым — Дванаццаці.
потым з’явіўся больш чым пяцістам братам зараз, з якіх большасць дагэтуль жыве, а некаторыя памерлі;
Пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова, большасць з якіх жыве дагэтуль, а некаторыя памерлі.
потым з’явіўся Іякаву, потым — усім Апосталам;
Потым з’явіўся Якубу, потым — усім Апосталам.
а апошняму з усіх з’явіўся і мне, быццам неданошанаму.
Пазней за ўсіх з’явіўся і мне, як неданошанаму плоду.
Бо я найменшы15 з Апосталаў, які няварты называцца Апосталам, таму што я гнаў царкву Божую.
Бо я найменшы з Апосталаў і не варты называцца Апосталам, паколькі пераследаваў Касцёл Божы.
Але ласкаю Божаю я ёсць тое, што ёсць, і ласка Яго да мяне не стала дарэмнай, наадварот, я болей за ўсіх іх папрацаваў, зрэшты не я, а ласка Божая, што са мною.
Але з ласкі Божай я стаў тым, чым ёсць, і ласка Ягоная, дазеная мне, не была дарэмнаю. Наадварот, я працаваў больш за іх усіх, ды і не я, а ласка Божая, што са мною.
Дык ці я, ці яны — мы так прапаведуем, і вы так уверавалі.
Таму ці я, ці яны, мы так прапаведуем, а вы так паверылі.
Але калі прапаведуецца Хрыстос — што Ён уваскрэшаны з мёртвых, — як жа кажуць некаторыя між вас, што няма ўваскрэсення мёртвых?
Калі прапаведуюць, што Хрыстус уваскрос, то чаму некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрашэння памерлых?
Калі ж няма ўваскрэсення мёртвых, — то і Хрыстос не ўваскрэшаны;
Калі ж няма ўваскрашэння памерлых, то і Хрыстус не ўваскрос!
а калі Хрыстос не ўваскрэшаны, дарэмная тады наша пропаведзь, дарэмная і ваша вера.
А калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера вашая марная.
І таксама мы робімся лжэсведкамі Бога, таму што мы сведчылі супроць Бога, што Ён уваскрэсіў Хрыста, Якога Ён не ўваскрашаў, калі сапраўды мёртвыя не ўваскрашаюцца.
Тады б мы аказаліся фальшывымі сведкамі Бога, бо сведчылі б супраць Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, якога Ён не ўваскрашаў, паколькі памерлыя не ўваскрасаюць.
Бо калі мёртвыя не ўваскрашаюцца, то і Хрыстос не ўваскрэшаны.
Бо калі памерлыя не ўваскрасаюць, то і Хрыстус не ўваскрос.
А калі Хрыстос не ўваскрэшаны, дарэмная ваша вера, вы яшчэ ў вашых грахах.
А калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная і вы далей у грахах вашых.
Тады і памерлыя ў Хрысце загінулі.
Тады і тыя, што памерлі ў Хрысце, згінулі.
Калі мы ў гэтым жыцці толькі спадзяёмся на Хрыста — мы найнешчаслівейшыя за ўсіх людзей.
Калі мы спадзяёмся на Хрыста толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод людзей.
Але цяпер Хрыстос уваскрэс з мёртвых, першынец з памерлых.
Але Хрыстус уваскрос, Першынец сярод тых, якія памерлі.
Бо як праз чалавека прыйшла смерць, то праз чалавека і ўваскрэсенне мёртвых.
Паколькі праз чалавека прыйшла смерць, так праз Чалавека — і ўваскрашэнне памерлых.
Бо як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе ажывуць.
Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены.
Але кожны ў сваім парадку: першы — Хрыстос, потым тыя, хто Хрыстовы, пры Яго прышэсці,
Кожны ў свой час: першы Хрыстус, потым тыя, хто належыць Хрысту, падчас прыйсця Ягонага.
потым — канец, калі Ён перадасць Царства Богу і Бацьку, калі Ён адменіць усялякае начальства і ўсялякую ўладу і сілу.
Канец настане тады, калі Ён перадасць Валадарства Богу і Айцу, калі знішчыць усялякае панаванне і ўсялякую ўладу, і сілу.
Бо Яму належыць цараваць да тае пары, пакуль Бог не пакладзе ўсіх ворагаў пад Яго ногі.
Бо трэба, каб Ён валадарыў, пакуль не пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі свае.
Як апошні вораг будзе знішчана смерць.
Як апошні вораг будзе знішчана смерць,
Бо Ён усё падпарадкаваў пад Яго ногі. Калі ж Ён скажа, што ўсё падпарадкавана, — ясна, што за выключэннем Таго, Хто падпарадкаваў Яму ўсё.
бо ўсё пакладзена пад ногі Ягоныя. Калі ж скажа, што ўсё падпарадкавана, то відавочна, за выключэннем таго, хто падпарадкаваў Яму ўсё.
Каліж Яму будзе падпарадкавана ўсё, тады і Сам Сын будзе падпарадкаваны Таму, Хто падпарадкаваў Яму ўсё, каб Бог быў усё ва ўсім.
Калі ж усё будзе Яму падпарадкавана, тады і сам Сын падпарадкуецца таму, хто падпарадкаваў Яму ўсё, каб Бог быў усё ва ўсім.
Бо што будуць рабіць тыя, хто хрысціўся дзеля мёртвых? Калі мёртвыя зусім не ўваскрашаюцца, навошта яны хрысцяцца дзеля іх?16
Бо што ж зробяць тыя, хто прымае хрост за памерлых? Калі памерлыя зусім не ўваскрасаюць, то навошта яны прымаюць за іх хрост?
Дзеля чаго і мы кожную гадзіну ў небяспецы?
Навошта і мы пастаянна трапляем у небяспеку?
Я кожны дзень паміраю: спашлюся ў доказ, браты, на вашу пахвалу, якую я маю ў Хрысце Ісусе, нашым Госпадзе.
Я кожны дзень паміраю. Сведчаннем гэтаму ваша пахвала, браты, якую маю ў Езусе Хрысце, Пану нашым!
Калі я па-чалавечаму змагаўся са звярамі ў Эфесе, якая мне карысць? Калі мёртвыя не ўваскрашаюцца, будзем есці і піць, бо заўтра памром!
Калі я, як чалавек, змагаўся ў Эфесе з дзікімі звярамі, то якая мне карысць? Калі памерлыя не ўваскрасаюць, будзем есці і піць, бо заўтра памром.
Не падманвайце сябе: благія таварыствы псуюць добрыя норавы.
Не падманвайце сябе. Дрэнныя размовы псуюць добрыя звычаі.
Працверазіцеся праведна, і не грашыце, бо некаторыя з вас не ведаюць Бога: на сорам вам кажу.
Абудзіцеся па-сапраўднаму і не грашыце! Бо некаторыя з вас не ведаюць Бога. Кажу гэта вам на сорам.
Але хто-небудзь скажа: «Як уваскрашаюцца мёртвыя? І ў якім целе яны прыходзяць?»
Хтосьці скажа: «Як памерлыя ўваскрэснуць? У якім целе яны прыйдуць?»
Неразумны! Тое, што ты сееш, не ажывае, калі не памрэ;
Неразумны! Тое, што ты сееш, не ажыве, перш чым не памрэ.
і тое, што ты сееш, ты сееш не як цела, якім яно стане потым, а як звычайнае зерне, быць можа, пшанічнае ці якое іншае.
Тое, што ты сееш, сееш не як будучае цела, але як голае зерне, напрыклад, пшаніцы ці чаго іншага.
А Бог дае яму цела такое, якое Ён захацеў, і кожнаму зярняці — яго ўласнае цела.
Бог жа дае яму такое цела, як хоча, і кожнаму насенню ўласнае цела.
Не ўсякае цела — тое самае цела, а адно — у людзей, другое цела — у жывёлы, іншае цела — у птушак, яшчэ іншае — у рыб.
Не ўсе целы аднолькавыя, але адно ў людзей, іншае ў жывёл, іншае таксама ў птушак, яшчэ іншае ў рыб.
І ёсць целы нябесныя і целы зямныя; але ў нябесных слава адна, а ў зямных — іншая.
Ёсць целы нябесныя і целы зямныя, але іншая слава нябесных, а іншая — зямных.
Іншая слава ў сонца, і іншая слава ў месяца, і іншая слава ў зорак; бо зорка ад зоркі адрозніваецца славай.
Іншая слава сонца, іншая — месяца, іншая таксама слава зорак, бо зорка ад зоркі адрозніваецца славай.
Так і ўваскрэсенне мёртвых. Сеецца ў тленні — уваскрашаецца ў нятленні;
Так і ўваскрашэнне памерлых. Сеецца ў тленні, паўстае ў нятленнасці.
сеецца ў ганьбе — уваскрашаецца ў славе; сеецца ў слабасці — уваскрашаецца ў сіле;
Сеецца ў пагардзе, паўстае ў славе. Сеецца ў слабасці, паўстае ў моцы.
сеецца цела душэўнае — уваскрашаецца цела духоўнае. Калі ёсць цела душэўнае, ёсць і духоўнае.
Сеецца цела зямное, паўстае цела духоўнае. Калі ёсць зямное цела, ёсць і духоўнае.
Так і напісана: «Першы чалавек, Адам, стаў жывою душою»; апошні Адам ёсць жыватворны дух.
Так і напісана: «Першы чалавек Адам стаў жывой істотай», апошні Адам — жыватворным духам.
Але не духоўнае першае, а душэўнае, потым духоўнае.
Але не духоўнае першае, а зямное, потым духоўнае.
Першы чалавек — з зямлі, гліняны; другі Чалавек — [Госпад] з неба.
Першы чалавек з зямлі ёсць пылам; другі Чалавек — з неба.
Які гліняны, такія і гліняныя, і які Нябесны, такія і нябесныя;
Які быў з пылу, такія і тыя, што з пылу; які нябесны, такія і нябесныя.
і як мы насілі вобраз глінянага, так будзем насіць і вобраз Нябеснага.
І як мы насілі вобраз таго, што з пылу, так будзем насіць вобраз нябеснага.
Але што вам скажу, браты, што цела і кроў атрымаць у спадчыну Царства Божага не могуць, і тленне не можа мець спадчыны ў нятленні.
Але кажу вам, браты, што цела і кроў не могуць атрымаць у спадчыну Валадарства Божае, і тленнае не атрымае ў спачыну нятленнасць.
Вось кажу вам таямніцу: не ўсе мы памром, але ўсе зменімся,
Вось, я кажу вам таямніцу: не ўсе мы памром, але ўсе будзем перамененыя,
ураз, у імгненне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць яна, і мёртвыя будуць уваскрэшаны нятленнымі, і мы зменімся.
адразу, у імгненне вока, на гук апошняй трубы. Калі яна загучыць, памерлыя ўваскрэснуць як нятленныя, а мы пераменімся.
Бо патрэбна, каб гэтае тленнае апранулася ў нятленне, і гэтае смяротнае апранулася ў бессмяротнасць.
Бо трэба, каб тленнае апранулася ў нятленнасць, а смяротнае апранулася ў несмяротнасць.
І калі гэтае тленнае апранецца ў нятленне, і гэтае смяротнае апранецца ў бессмяротнасць, тады спраўдзіцца напісанае слова: «Перамога паглынула смерць».
Калі ж тленнае апранецца ў нятленнасць, а смяротнае апранецца ў несмяротнасць, тады споўніцца напісанае слова: «Перамога паглынула смерць.
Дзе, смерць, твая перамога? Дзе, смерць, тваё джала?17
Смерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?»
Джала ж смерці — грэх, а сіла граху — закон;
Джала смерці — грэх, а сіла граху — Закон.
але падзяка Богу, Які дае нам перамогу праз нашага Госпада Ісуса Хрыста.
Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста.
Дык, браты мае ўлюбёныя, будзьце цвёрдымі, непахіснымі, маючы заўсёды поспех у рабоце Гасподняй, ведаючы, што ваша праца не марная ў Госпадзе.
Таму, мае ўмілаваныя браты, будзьце моцнымі, непахіснымі, заўсёды будзьце цалкам адданымі справе Пана і ведайце, што не дарэмная праца ваша ў Пану.