1 да Карынфянаў 3 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І я, браты, не мог гаварыць з вамі, як з духоўнымі, але як з цялеснымі, як з немаўлятамі ў Хрысце.
Браты, я не мог прамаўляць да вас як да духоўных, але як да цялесных, як да немаўлят у Хрысце.
Я напаіў вас малаком, не даў цвёрдай ежы, бо вы яшчэ не маглі спажыць яе. Ды нават цяпер яшчэ не можаце ;
Я карміў вас малаком, а не цвёрдай ежай, бо вы яшчэ былі слабыя, ды і цяпер яшчэ нямоцныя,
бо вы яшчэ цялесныя. Бо калі паміж вамі зайздрасць, спрэчкі [і падзел] — ці не цялесныя вы і ці не па-чалавечы робіце?
таму што вы яшчэ цялесныя. Калі сярод вас ёсць зайздрасць і спрэчкі, ці ж не цялесныя вы і ці ж не паступаеце, як людзі?
Бо калі хто кажа: «Я — Паўлаў», а другі: «Я — Апалосаў» — то ці не цялесныя вы?
Бо калі адзін кажа: «Я — Паўла», а другі: «Я — Апалоса», ці ж не цялесныя вы?
Дык што ёсць Апалос? І што ёсць Павел?3 Служкі, праз якіх вы ўверавалі, як і даў Госпад кожнаму з іх.
Бо хто такі Апалос? Хто такі Павел? Гэта слугі, праз якіх вы паверылі, як кожнаму даў Пан.
Я пасадзіў, Апалос паліў, але Бог даваў рост.
Я садзіў, Апалос паліваў, але ўзрасціў Бог.
Так што і той, хто саджае, — нішто, і той, хто палівае, а ўсё — Бог, што дае рост.
Таму неістотна, хто садзіць і хто палівае, бо гэта Бог дае ўзрастанне.
А хто садзіць і хто палівае — адно, але кожны атрымае сваю ўзнагароду паводле сваёй працы.
Хто садзіць і хто палівае — гэта адно, і кожны атрымае сваю ўзнагароду паводле сваёй працы.
Бо мы — Божыя супрацоўнікі; вы — Божая ніва, Божая пабудова.
Бо мы — супрацоўнікі Божыя, а вы — Божая ніва, будоўля Божая.
Дадзенай мне Богам ласкай, я, як мудры дойлід, паклаў падмурак, а іншы надбудоўвае на ім. Але кожны няхай глядзіць, як надбудоўвае.
Я, паводле дадзенай мне ласкі Божай, як мудры дойлід, паклаў падмурак, а іншы будуе. Няхай кожны глядзіць, як будуе,
Бо іншага падмурку ніхто не можа закласці, акрамя закладзенага, які ёсць Ісус Хрыстос.
бо ніхто не можа пакласці іншага падмурку, акрамя пакладзенага, якім ёсць Езус Хрыстус.
Калі ж хто надбудоўвае на гэтым падмурку з золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы,
А ці будуе хтосьці на гэтым падмурку з золата, срэбра, дарагіх каменняў, дрэва, сена, саломы,
праца кожнага выявіцца; бо дзень пакажа, таму што ў агні адкрыецца, і агонь выпрабуе працу кожнага, якая яна ёсць.
пакажа дзень, калі выявіцца справа кожнага. Бо ў агні выкрываецца, і агонь выпрабуе справу кожнага, якая яна.
Калі праца таго, што надбудоўваў, застанецца, ён атрымае ўзнагароду;
Калі чыя справа, якую ён будаваў, вытрывае, той атрымае ўзнагароду.
калі чыя праца згарыць, то ён будзе мець шкоду, сам жа будзе выратаваны, але так, як праз агонь.
А калі чыя справа згарыць, зазнае шкоду, сам жа збавіцца, але як бы праз агонь.
Ці не ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?
Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас?
Калі хто знішчае храм Божы, знішчыць таго Бог; бо храм Божы — святы; і гэта — вы.
Калі хто знішчыць святыню Божую, таго знішчыць Бог, таму што святыня Бога святая, а ёй з’яўляецеся вы.
Няхай ніхто сябе не падманвае; калі хто між вас думае, што ён мудры ў гэтым веку, няхай зробіцца неразумным, каб стаць мудрым.
Няхай ніхто не падманвае самога сябе. Калі хто з вас лічыць сябе мудрым у гэтым свеце, няхай будзе неразумным, каб стаць мудрым.
Бо мудрасць гэтага свету — неразумнасць у Бога. Бо напісана: «Ён ловіць мудрых у іх хітрасці».
Бо мудрасць гэтага свету — глупства ў Бога. Таму што напісана: «Ён ловіць мудрых на хітрасці іхняй».
І яшчэ: «Госпад ведае разважанні мудрых, што яны марныя».
І яшчэ: «Пан ведае думкі мудрых і тое, што яны марныя».
Так што няхай ніхто не хваліцца людзьмі; бо ўсё — ваша:
Таму няхай ніхто не хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае:
ці Павел, ці Апалос, ці Кіфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае — усё ваша;
ці Павел, ці Апалос, ці Кефас, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае — усё вашае,
а вы — Хрыстовы, а Хрыстос — Божы.
вы ж — Хрыста, а Хрыстус — Бога.