1 да Карынфянаў 3 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І я, браты, ня мог гаварыць з вамі, як з духовымі, але як з плацкімі, як зь нямаўлятамі ў Хрысьце.
Браты, я не мог прамаўляць да вас як да духоўных, але як да цялесных, як да немаўлят у Хрысце.
Я паіў вас малаком, а ня цьвёрдай ежай, бо вы былí яшчэ бясьсільнымі, ды і цяпер вы яшчэ бясьсільныя.
Я карміў вас малаком, а не цвёрдай ежай, бо вы яшчэ былі слабыя, ды і цяпер яшчэ нямоцныя,
Таму што вы ўсё яшчэ плацкія. Бо калі між вамі зайздрасьць і спрэчка, і падзелы, (то) ці ня плацкія вы і ці ня па чалавечаму вы паступаеце?
таму што вы яшчэ цялесныя. Калі сярод вас ёсць зайздрасць і спрэчкі, ці ж не цялесныя вы і ці ж не паступаеце, як людзі?
Бо калі адзін кажа: «я Паўлавы», а другі (кажа): «я Апалёсавы», (то) ці ня плацкія вы?
Бо калі адзін кажа: «Я — Паўла», а другі: «Я — Апалоса», ці ж не цялесныя вы?
Дык хто ёсьць Павал? Хто ж (ёсьць) Апалёс? (Яны) толькі служкі, празь якіх вы паверылі, і як кожнаму (зь іх) даў Госпад.
Бо хто такі Апалос? Хто такі Павел? Гэта слугі, праз якіх вы паверылі, як кожнаму даў Пан.
Я пасадзіў, Апалёс паліў, але рост даваў Бог;
Я садзіў, Апалос паліваў, але ўзрасціў Бог.
так што ні той, хто насаджае ня зьяўляецца нечым (асабліва значным), ні той, хто палівае, але Той, Хто дае рост, Бог.
Таму неістотна, хто садзіць і хто палівае, бо гэта Бог дае ўзрастанне.
А хто садзіць і хто палівае ёсьць адно; і кожны атрымае сваю ўзнагароду паводля сваёй працы.
Хто садзіць і хто палівае — гэта адно, і кожны атрымае сваю ўзнагароду паводле сваёй працы.
Бо мы ёсьць супрацоўнікі Бога; (а) вы ёсьць ніва Бога (і) збудаваньне Бога.
Бо мы — супрацоўнікі Божыя, а вы — Божая ніва, будоўля Божая.
Паводля данай мне ад Бога Багада́ці я, як мудры будаўнічы заклаў падмурак, а другі на (ім) будуе; але кожны глядзі, як будуеш.
Я, паводле дадзенай мне ласкі Божай, як мудры дойлід, паклаў падмурак, а іншы будуе. Няхай кожны глядзіць, як будуе,
Бо ніхто закласьці ня можа другога падмурку, акрамя закладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос.
бо ніхто не можа пакласці іншага падмурку, акрамя пакладзенага, якім ёсць Езус Хрыстус.
Калі ж хто надбудоўвае на гэты падмурак (з) золата, срэбра, шматкаштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы, —
А ці будуе хтосьці на гэтым падмурку з золата, срэбра, дарагіх каменняў, дрэва, сена, саломы,
праца кожнага яўнай стане: бо дзень пакажа, таму што (яна бывае) выкрываемай у агні, — і кожнага працу, якая яна ёсьць, агонь выпрабуе.
пакажа дзень, калі выявіцца справа кожнага. Бо ў агні выкрываецца, і агонь выпрабуе справу кожнага, якая яна.
Калі чыя-небудзь праца, якую ён учыніў, трывае, той атрымае ўзнагароду.
Калі чыя справа, якую ён будаваў, вытрывае, той атрымае ўзнагароду.
Калі чыя-небудзь праца згарыць, той будзе мець шкоду; але сам будзе збаўлены, ды так, як бы праз агонь.
А калі чыя справа згарыць, зазнае шкоду, сам жа збавіцца, але як бы праз агонь.
Хіба вы ня ведаеце, што вы ёсьць Сьвятыня Бога, і Дух Бога жыве ў вас?
Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас?
Калі хто Сьвятыню Бога руйнуе, таго зьнішчыць Бог, таму што Сьвятыня Бога ёсьць сьвятая, каторая ёсьць вы.
Калі хто знішчыць святыню Божую, таго знішчыць Бог, таму што святыня Бога святая, а ёй з’яўляецеся вы.
Ніхто сябе ня абманавай: калі хто з вас думае быць мудрым у веку гэтым, то будзь няразумным, каб стаць мудрым.
Няхай ніхто не падманвае самога сябе. Калі хто з вас лічыць сябе мудрым у гэтым свеце, няхай будзе неразумным, каб стаць мудрым.
Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць дурнотай перад Богам. Бо напісана: «Ён ловіць мудрых у хітрасьці іхнай».
Бо мудрасць гэтага свету — глупства ў Бога. Таму што напісана: «Ён ловіць мудрых на хітрасці іхняй».
І яшчэ: «Госпад ведае думкі мудрых, што яны марныя».
І яшчэ: «Пан ведае думкі мудрых і тое, што яны марныя».
Так што ніхто ня хваліся людзьмі; бо ўсё вашае:
Таму няхай ніхто не хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае:
ці Павал, ці Апалёс, ці Кіхва, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяперашняе, ці будучае — усё вашае;
ці Павел, ці Апалос, ці Кефас, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае — усё вашае,
вы ж Хрыстовыя, а Хрыстос Божы.
вы ж — Хрыста, а Хрыстус — Бога.