1 да Карынфянаў 5 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Увогуле чуваць аб распусце ў вас і аб такой, якой няма нават у язычнікаў: хтосьці з вас за жонку мае жонку свайго бацькі.
 
Паўсюль чуецца, што сярод вас пануе распуста, прычым такая распуста, якой няма нават сярод язычнікаў, што нехта жыве з бацькавай жонкай.

І вы заганарыліся замест таго, каб плакаць у смутку, каб выдалены быў з вашага асяроддзя той, хто ўчыніў такое.
 
Але вы заганарыліся і зусім не патрабавалі, каб той, хто робіць гэты ўчынак, быў выдалены з вашага асяроддзя?

Бо я, адсутны целам, але прысутны духам, ужо вырашыў, як бы знаходзячыся ў вас, аб тым, хто так гэта зрабіў, —
 
Адсутны целам, але прысутны духам, я, быццам прысутны, ужо асудзіў таго, хто ўчыніў гэта,

у імя нашага Госпада Ісуса Хрыста, калі зберацеся вы і мой дух, з сілаю нашага Госпада Ісуса,
 
у імя нашага Пана Езуса. Вы, сабраўшыся разам у духоўнай лучнасці са мною, моцаю нашага Пана Езуса

аддаць такога сатане на згубу цела, каб дух быў выратаваны ў дзень Гасподні5.
 
павінны выдаць такога чалавека сатане на згубу цела, каб ягоны дух мог збавіцца ў дзень Пана.

Нядобрая пахвальба ваша. Ці не ведаеце вы, што малая рошчына заквашвае ўсё цеста?
 
Вашае выхвалянне недарэчы. Ці ж не ведаеце, што малая закваска квасіць усё цеста?

Ачысціце старую рошчыну, каб быць вам новым цестам, бо вы — праснакі: бо і наша Пасха, Хрыстос, ахвяраваны [за нас].
 
Дык ачысціце старую закваску, каб быць вам новым цестам, бо вы прэсныя. Пасха нашая, Хрыстус, ахвяраваны за нас!

Так што давайце будзем святкаваць не са старою закваскай і не з закваскаю ліха і нізасці, а з праснакамі чысціні і праўды.
 
Таму будзем святкаваць не ў старой заквасцы, не ў заквасцы зла і подступу, але ў прэсным хлебе чыстасці і праўды.

Я напісаў вам у лісце не мець зносін з распуснікамі :
 
Я напісаў вам у пасланні, каб вы не вадзіліся з распуснікамі.

не наогул з распуснікамі гэтага свету ці з хцівымі і сквапнымі, ці з паклоннікамі, бо тады вы павінны былі б выйсці са свету.
 
Ды не наогул з распуснікамі гэтага свету, ці хабарнікамі, ці драпежнікамі, ці ідалапаклоннікамі, бо тады вам трэба было б пакінуць гэты свет!

Але цяпер я напісаў вам не сходзіцца ні з кім, хто называецца братам, калі ён распуснік, ці хцівец, ці ідалапаклоннік, ці ліхамовец, ці п’яніца, ці рабаўнік: з такім нават разам не есці.
 
Цяпер жа я напісаў вам не вадзіцца з тымі, хто, называючы сябе братам, з’яўляецца распуснікам, ці хабарнікам, ці ідалапаклоннікам, ці паклёпнікам, ці п’яніцаю, ці рабаўніком. З такім нават не ешце разам.

Бо нашто ж мне судзіць тых, хто звонку царквы? Ці не тых, хто ўсярэдзіне царквы, вы судзіце?
 
Бо навошта мне судзіць тых, хто звонку? Ці не тых, што сярод вас, судзіце вы?

А тых, хто звонку царквы, будзе судзіць Бог. Выкіньце ліхога між вас.
 
Тых, што звонку, асудзіць Бог. Дык выдаліце нягодніка, які сярод вас!