1 да Карынфянаў 15 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Нагадваю вам, браты, Дабравесьце, якое я зьвеставаў вам, якое вы і прынялі, у якім і ўмацаваліся,
Нагадваю вам, браты, Евангелле, якое я абвяшчаў вам і якое вы прынялі, і ў якім трываеце,
якім і ратуецеся, калі настаўленьне памятаеце так, як я зьвеставаў вам, калі толькі ня марна ўверавалі.
і праз якое таксама збавіцеся, калі цвёрда захаваеце тое слова, што я абвясціў вам. Калі толькі не дарма паверылі!
Бо я найперш перадаў вам, што і сам прыняў, гэта значыцца, што Хрыстос памёр за грахі нашыя, паводле Пісаньня,
Бо спачатку я перадаў вам тое, што і сам прыняў, што Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання і
і што ён пахаваны быў і што ўваскрэс на трэйці дзень, паводле Пісаньня,
што быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання,
і што зьявіўся Кіфу, потым дванаццаці;
і што з’явіўся Кефасу, а потым — Дванаццаці.
потым зьявіўся больш чым пяці сотням братоў у адзін час, зь якіх большая частка дагэтуль жывуць, а некаторыя і спачылі;
Пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова, большасць з якіх жыве дагэтуль, а некаторыя памерлі.
потым зьявіўся Якаву, таксама ўсім апосталам;
Потым з’явіўся Якубу, потым — усім Апосталам.
а пасьля ўсіх зьявіўся і мне, як нейкаму вылюдку.
Пазней за ўсіх з’явіўся і мне, як неданошанаму плоду.
Бо я найменшы з апосталаў, і ня варты называцца апосталам, бо гнаў Царкву Божую.
Бо я найменшы з Апосталаў і не варты называцца Апосталам, паколькі пераследаваў Касцёл Божы.
Але зь мілаты Божае я ёсьць тое, што ёсьць; і мілата Ягоная ўва мне ня была марная, але я болей за іх усіх папрацаваў; ня я, зрэшты, а мілата Божая, якая са мною.
Але з ласкі Божай я стаў тым, чым ёсць, і ласка Ягоная, дазеная мне, не была дарэмнаю. Наадварот, я працаваў больш за іх усіх, ды і не я, а ласка Божая, што са мною.
І вось, ці то я, ці яны, мы так прапаведуем, і вы так уверавалі.
Таму ці я, ці яны, мы так прапаведуем, а вы так паверылі.
Калі пра Хрыста прапаведуецца, што Ён паўстаў зь мёртвых, дык як некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрэсеньня зь мёртвых?
Калі прапаведуюць, што Хрыстус уваскрос, то чаму некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрашэння памерлых?
Калі няма ўваскрэсеньня зь мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрэс;
Калі ж няма ўваскрашэння памерлых, то і Хрыстус не ўваскрос!
а калі Хрыстос не ўваскрэс, дык і пропаведзь нашая марная, марная і вера ваша.
А калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера вашая марная.
Пры гэтым мы сталіся б тады і непраўдзівымі сьведкамі пра Бога, бо сьведчылі б пра Бога, што Ён уваскрэсіў Хрыста, Якога Ён не ўваскрэшваў, калі, гэта значыцца, мёртвыя не ўваскрасаюць;
Тады б мы аказаліся фальшывымі сведкамі Бога, бо сведчылі б супраць Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, якога Ён не ўваскрашаў, паколькі памерлыя не ўваскрасаюць.
бо, калі мёртвыя не ўваскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрэс;
Бо калі памерлыя не ўваскрасаюць, то і Хрыстус не ўваскрос.
а калі Хрыстос не ўваскрэс, дык вера ваша марная; вы яшчэ ў грахах вашых;
А калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная і вы далей у грахах вашых.
таму і памерлыя ў Хрысьце загінулі.
Тады і тыя, што памерлі ў Хрысце, згінулі.
І калі мы ў гэтым толькі жыцьці спадзяёмся на Хрыста, дык мы самыя няшчасныя з усіх людзей.
Калі мы спадзяёмся на Хрыста толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод людзей.
Але Хрыстос уваскрэс зь мёртвых, першынец з памерлых.
Але Хрыстус уваскрос, Першынец сярод тых, якія памерлі.
Бо як сьмерць праз чалавека, так праз чалавека і ўваскрэсеньне зь мёртвых.
Паколькі праз чалавека прыйшла смерць, так праз Чалавека — і ўваскрашэнне памерлых.
Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысьце ўсе ажывуць.
Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены.
кожны ў сваім парадку; першынец Хрыстос, потым Хрыстовыя, у прышэсьце Ягонае.
Кожны ў свой час: першы Хрыстус, потым тыя, хто належыць Хрысту, падчас прыйсця Ягонага.
А потым канец, калі Ён перадасьць Царства Богу і Айцу, калі скасуе ўсякае начальства і ўсякую ўладу і сілу;
Канец настане тады, калі Ён перадасць Валадарства Богу і Айцу, калі знішчыць усялякае панаванне і ўсялякую ўладу, і сілу.
бо Яму належыць валадарыць, пакуль «пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі Свае»,
Бо трэба, каб Ён валадарыў, пакуль не пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі свае.
а як апошні вораг зьнішчыцца — сьмерць,
Як апошні вораг будзе знішчана смерць,
бо «ўсё пакарыў пад ногі Ягоныя»; калі ж сказана, што Яму ўсё падначалена, дык ясна, што акрамя Таго, Які пакарыў Яму ўсё.
бо ўсё пакладзена пад ногі Ягоныя. Калі ж скажа, што ўсё падпарадкавана, то відавочна, за выключэннем таго, хто падпарадкаваў Яму ўсё.
Калі ж усё ўпакорыць Яму, тады і сам Сын скарыцца Таму, Хто скарыў ўсё Яму, хай будзе Бог усё ва ўсім.
Калі ж усё будзе Яму падпарадкавана, тады і сам Сын падпарадкуецца таму, хто падпарадкаваў Яму ўсё, каб Бог быў усё ва ўсім.
Інакш, што робяць тыя, якія прымаюць хрышчэньне для мёртвых? Калі мёртвыя наогул не ўваскрасаюць, дык навошта і прымаюць хрышчэньне для мёртвых?
Бо што ж зробяць тыя, хто прымае хрост за памерлых? Калі памерлыя зусім не ўваскрасаюць, то навошта яны прымаюць за іх хрост?
Навошта ж і мы ўвесь час падупадаем небясьпецы?
Навошта і мы пастаянна трапляем у небяспеку?
Я кожны дзень паміраю; прысягаю ў гэтым пахвалою вашаю, браты, якую я маю ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
Я кожны дзень паміраю. Сведчаннем гэтаму ваша пахвала, браты, якую маю ў Езусе Хрысце, Пану нашым!
Разважыўшы па-людзку, калі я змагаўся са зьвярамі ў Эфэсе, якая мне карысьць, калі мёртвыя не ўваскрасаюць? Будзем есьці і піць, бо заўтра памрэм.
Калі я, як чалавек, змагаўся ў Эфесе з дзікімі звярамі, то якая мне карысць? Калі памерлыя не ўваскрасаюць, будзем есці і піць, бо заўтра памром.
Не давайцеся ў зман; дрэнныя суполькі псуюць добрыя норавы.
Не падманвайце сябе. Дрэнныя размовы псуюць добрыя звычаі.
Працьверазецеся, як трэба, і не грашэце; бо на сорам вам кажу — некаторыя з вас ня ведаюць Бога.
Абудзіцеся па-сапраўднаму і не грашыце! Бо некаторыя з вас не ведаюць Бога. Кажу гэта вам на сорам.
Але скажа хто-небудзь: як уваскрэснуць мёртвыя? і ў якім целе яны прыйдуць?
Хтосьці скажа: «Як памерлыя ўваскрэснуць? У якім целе яны прыйдуць?»
Неразумны! тое, што ты сееш, не ажыве, калі не памрэ;
Неразумны! Тое, што ты сееш, не ажыве, перш чым не памрэ.
і калі ты сееш, дык сееш ня цела будучае, а голае зерне, якое будзе, пшанічнае або іншае якое;
Тое, што ты сееш, сееш не як будучае цела, але як голае зерне, напрыклад, пшаніцы ці чаго іншага.
але Бог дае яму цела як хоча, і кожнаму семені сваё цела.
Бог жа дае яму такое цела, як хоча, і кожнаму насенню ўласнае цела.
Ня ўсякая плоць, але інакшая плоць у людзей, інакшая плоць у жывёлін, інакшая ў рыб, інакшая ў птушак.
Не ўсе целы аднолькавыя, але адно ў людзей, іншае ў жывёл, іншае таксама ў птушак, яшчэ іншае ў рыб.
Ёсьць целы нябесныя і целы зямныя: але інакшая слава ў нябесных, інакшая ў зямных;
Ёсць целы нябесныя і целы зямныя, але іншая слава нябесных, а іншая — зямных.
інакшая слава ў сонца, інакшая слава ў месяца, інакшая ў зорак; і зорка ад зоркі розьніцца славаю.
Іншая слава сонца, іншая — месяца, іншая таксама слава зорак, бо зорка ад зоркі адрозніваецца славай.
Так і пры ўваскрэсеньні мёртвых; сеецца ў тленьні, паўстае ў нятленьні;
Так і ўваскрашэнне памерлых. Сеецца ў тленні, паўстае ў нятленнасці.
сеецца ў няславе, паўстае ў славе; сеецца ў немачы, паўстае ў сіле;
Сеецца ў пагардзе, паўстае ў славе. Сеецца ў слабасці, паўстае ў моцы.
сеецца цела душэўнае, паўстае цела духоўнае. Ёсьць цела душэўнае, ёсьць цела і духоўнае.
Сеецца цела зямное, паўстае цела духоўнае. Калі ёсць зямное цела, ёсць і духоўнае.
Так і напісана: «першы чалавек Адам стаўся душою жывою»; а апошні Адам ёсьць дух жыватворчы.
Так і напісана: «Першы чалавек Адам стаў жывой істотай», апошні Адам — жыватворным духам.
Але ня духоўнае раней, а душэўнае, потым духоўнае.
Але не духоўнае першае, а зямное, потым духоўнае.
Першы чалавек — зь зямлі, і зямны; другі чалавек — Гасподзь — зь неба.
Першы чалавек з зямлі ёсць пылам; другі Чалавек — з неба.
Які зь зямлі, такія зямныя; і які нябесны, такія і нябесныя;
Які быў з пылу, такія і тыя, што з пылу; які нябесны, такія і нябесныя.
і як мы насілі вобраз зямнога, так будзем насіць і вобраз нябеснага.
І як мы насілі вобраз таго, што з пылу, так будзем насіць вобраз нябеснага.
Але тое скажу вам, браты, што плоць і кроў ня могуць успадкаваць Царства Божага, і тленьне ня спадкуе нятленьня.
Але кажу вам, браты, што цела і кроў не могуць атрымаць у спадчыну Валадарства Божае, і тленнае не атрымае ў спачыну нятленнасць.
Я кажу вам тайну, ня ўсе мы памрэм, але ўсе пераменімся;
Вось, я кажу вам таямніцу: не ўсе мы памром, але ўсе будзем перамененыя,
раптам, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць, і мёртвыя ўваскрэснуць нятленьнымі, а мы пераменімся;
адразу, у імгненне вока, на гук апошняй трубы. Калі яна загучыць, памерлыя ўваскрэснуць як нятленныя, а мы пераменімся.
бо тленнае гэтае мае апрануцца ў нятленнае, і сьмяротнае гэтае — апрануцца ў несьмяротнасьць.
Бо трэба, каб тленнае апранулася ў нятленнасць, а смяротнае апранулася ў несмяротнасць.
Калі ж тленьне гэтае апранецца ў нятленнасьць і сьмяротнае гэтае апранецца ў несьмяротнасьць, тады збудзецца слова напісанае: «паглынута сьмерць перамогаю.
Калі ж тленнае апранецца ў нятленнасць, а смяротнае апранецца ў несмяротнасць, тады споўніцца напісанае слова: «Перамога паглынула смерць.
Сьмерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога?».
Смерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?»
А джала сьмерці — грэх; а сіла грэху — закон.
Джала смерці — грэх, а сіла граху — Закон.
Дзякаваць Богу, Які даў нам перамогу Госпадам нашым Ісусам Хрыстом.
Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста.
Дык вось, браты любасныя, будзьце цьвёрдыя, непахісныя, заўсёды майце посьпех у справе Гасподняй, ведаючы, што праца вашая не змарнее перад Госпадам.
Таму, мае ўмілаваныя браты, будзьце моцнымі, непахіснымі, заўсёды будзьце цалкам адданымі справе Пана і ведайце, што не дарэмная праца ваша ў Пану.