1 да Карынфянаў 12 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча
Аб духоўных-жа, браты, не хачу, каб вы няве́далі.
Узглядам жа духоўных дароў, браты, не хачу, каб вы ня ведалі.
Ве́даеце, што, як былі вы паганамі, дык да ідалаў безгалосных хадзілі, быццам вялі вас.
Ведаеце, што, як вы былі пагане, дык хадзілі да бязмоўных балваноў, бы воджаныя.
Дзеля гэтага кажу вам, што ніхто, гаворачы Духам Божым, ня скажа праклёну на Ісуса; і ніхто ня можа назваць Ісуса Госпадам, як толькі Духам Сьвятым.
Затым азнаймую вам, што ніхто, Духам Божым гукаючы, ня скажа: «Праклён на Ісуса!» і ніхто ня можа сказаць: «Спадар Ісус», хіба Духам Сьвятым.
Ёсьць розьніцы ў дараваньнях, але Дух той самы;
Дары ж розныя, але Дух тый самы;
і розьніцы ў служэньні, а Госпад той самы;
І службы розныя, а Спадар тый самы;
і розьніцы ў дзе́яньні, а Бог той самы, што ўсё і ў-ва ўсіх робіць.
І дзеяньні розныя, а Бог тый самы, Каторы дзее ўсе ў вусіх.
Але кожнаму дае́цца выяўле́ньне духа на карысьць:
Але кажнаму даецца выяўленьне Духа на карысьць:
аднаму дае́цца Духам слова мудрасьці, другому слова ве́ды тым-жа Духам;
Аднаму даецца Духам слова мудрасьці, другому слова веды, тым жа Духам;
іншаму ве́ра тым жа духам; іншаму дар азрадаўляньня тым-жа Духам;
Іншаму вера, тым жа Духам; а іншаму дары ўздараўленьня, тым адным Духам;
іншаму рабіць цуды, іншаму прароцтва, іншаму распазнаваньне духаў, іншаму розныя мовы, іншаму тлумачэньне моваў.
А іншаму чыненьне магутнасьцяў, іншаму прароцтвы, іншаму адрозьненьне духоў, іншаму розныя мовы, іншаму зьясьненьне моваў.
Усё-ж гэтае робіць адзін і той-жа Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Яму хочацца.
Але ўсе гэта дзее адзін а тый самы Дух, удзяляючы апрычона кажнаму, подле замеру свайго.
Бо, як це́ла адно, але ма́е многа чле́наў, і ўсе чле́ны аднаго це́ла, хаця іх і многа, ёсьць адно це́ла, — гэтак і Хрыстос.
Бо як цела адно, але мае шмат чаланоў, і ўсі чаланы адно цела, хоць шмат, але адно цела, — так і Хрыстос.
Бо ўсе́ адным Духам ахрышчаны ў адно це́ла, Юдэі ці Грэкі, рабы ці вольныя, і ўсе́ напоены адным Духам.
Бо запраўды адным Духам хрысьціліся ўсі мы ў вадно цела, ці то Жыды ці то Грэкі, ці то нявольнікі ці то вольнікі; і ўсім даны піць адзін Дух.
Це́ла-ж не адзін чле́н, але многа.
Бо запраўды цела не адзін чалон, але шмат.
Калі скажа нага́: я — ня рука, я не ад це́ла, дык ці-ж яна і не ад це́ла?
Калі нага скажа: «Я ня часьць цела, бо я ня рука», дык нягож яна затым ня часьць цела?
І калі скажа вуха: я ня — вока, я не ад це́ла, дык няўжо-ж яно і не ад це́ла?
І калі вуха скажа: «Я ня вока, дык я ня часьць цела», дык нягож яно затым ня часьць цела?
Калі ўсе це́ла — вока, дык гдзе́ слых? Калі ўсе слых, дык гдзе́ нюх?
Калі ўсе цела вока, дык ідзе чутасьць? Калі ўсе чутасьць, дык ідзе нюх?
Але-ж Бог разлажыў чле́ны, кожны з іх па адным, у це́ле, як Сам хаце́ў.
Але Бог расклаў чаланы, кажны зь іх у целе, як Ён зычыў.
А калі-б усе́ былі адзін чле́н, дык гдзе́ це́ла?
Калі б усі былі адзін чалон, дык ідзе цела?
Але цяпе́р чле́наў многа, а це́ла адно.
Але цяпер чаланоў шмат, а цела адно.
Ня можа-ж вока сказаць руцэ: ты мне́ непатрэбна; ці таксама галава нага́м: вы мне́ непатрэбныя.
Ня можа вока сказаць руццэ: «Ты імне непатрэбняя»; альбо таксама галава нагам: «Вы імне непатрэбныя».
Але-ж чле́ны це́ла, якія здаюцца слабе́йшымі, шмат патрабне́йшыя,
Наадварот, чаланы цела, што здаюцца слабшыя, шмат патрабнейшыя.
і, якія нам здаюцца больш непачэснымі ў целе, тых бале́й у чэсьці ма́ем, і нашыя няпрыстойныя больш прыстойны выгляд маюць,
А каторыя мы ўважаем за меней пачэсныя ў нашым целе, тыя акружаем большым збыткам, і нашы менш пачэсныя чаланы ў большым збытку прыгажосьць маюць;
а нашыя прыстойныя ня маюць патрэбы. Але Бог склаў це́ла, даўшы ме́нш дасканалым большую чэсьць,
А нашы прыгожыя таго не патрабуюць. Але Бог так сумерна ўладзіў цела, даючы чэсьць у большым збытку патрабуючым сьці,
каб ня было падзе́лу ў це́ле, а ўсе́ чле́ны аднолькава адзін аб адным каб рупіліся.
Каб ня было падзелу ў целе, але каб чаланы мелі тую самую рупнасьць адзін праз аднаго.
Дзеля гэтага, калі це́рпіць адзін член, церпяць з ім усе́ чле́ны; калі славіцца адзін чле́н, з ім радуюцца ўсе́ чле́ны.
І калі адзін чалон церпе, усі чаланы церпяць ізь ім; і калі адзін чалон славіцца, усі чаланы цешацца зь ім.
Вы-ж — це́ла Хрыстовае, а паасобна — чле́ны.
І вы — цела Хрыстова, а паасобку — чаланы.
І адных Бог паставіў у Царкве́ напе́рш Апосталамі, потым прарокамі, трэціх вучыцялямі; дале́й (цудоўныя) сілы, затым дары аздараўляньня, дапамаганьня, гаспадараваньня, розныя мовы.
А іншых Бог пастанавіў у царкве, першае — апосталаў, другое — прарокаў, трэйцяе — вучыцеляў; адлі магутнасьці, тады дары ўздараўляньня, памогі, раджаньня, розныя мовы.
Ці ўсе́ Апосталы? ці ўсе́ прарокі? ці ўсе́ вучыцялі? Ці ўсе́ (цудоўныя) сілы?
Ці ўсі апосталы? ці ўсі прарокі? ці ўсі вучыцелі? ці ўсі магутнасьці?
Ці ўсе́ маюць дар аздараўляньня? ці ўсе́ гавораць мовамі? ці ўсе́ тлумачы?
Ці ўсі маюць дары ўздараўленьня? ці ўсі гукаюць мовамі? ці ўсі зьясьняюць?
Рупцеся аб дарох большых, і я пакажу вам шлях яшчэ ле́пшы.
Але жадайце горача дароў большых; і яшчэ вышшыя дарогі пакажу вам.