1 да Карынфянаў 5 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Зусюль чутно, што ў вас распуста, ды такая распуста, аб якой ня чуваць навет у паганаў: што не́хта ма́е жонку свайго бацькі.
 
Агульна чуць, што бязулства сярод вас, ды такое бязулства, што не раўня народам, ажно хтось мае жонку айца свайго.

І вы сталіся гордымі, а ці ня ле́пей бы вам заме́ст таго плакаць, каб узяты быў спасярод вас той, хто робіць гэткую рэч?
 
А вы запыхацелі, а ці ня мелі б валей плакаць, каб тый, што зрабіў такі ўчынак, быў выкінены з памеж вас?

А я, ня быўшы це́лам, але духам у вас, ужо прысудзіў, як-бы быў у вас, каб таго, хто гэткае робіць,
 
А я, няпрытомны целам, але прытомны духам, ужо пастанавіў, бы будучы ў вас, каб таго, хто зрабіў гэта,

у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста на сходзе вашым суме́сна з маім духам, сілаю Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
Вы, зышоўшыся ў імя Спадара нашага Ісуса Хрыста, разам із духам маім, сілаю Спадара нашага Ісуса Хрыста,

аддаць гэткага шатану на загубу це́ла, каб дух быў збаўлены ў дзе́нь Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 
Перадалі яго такога шайтану на загубу цела, каб дух быў спасёны ў дзень Спадара Ісуса.

Нядобрая пахвальба вашая. Хіба ня ве́даеце, што крошка кісьлі квасіць усё це́ста?
 
Хвальня ваша ня добрая. Або вы ня ведаеце, што ад малое закісі ўсе цеста кісьне?

Дык ачысьцьце старую кісьлю, каб быць вам новым це́стам, бо вы бяз кісьлі; бо Пасха наша, Хрыстос, заколены за нас.
 
Ачысьціце старую закісь, каб вы былі новым цестам, бо вы прэсныя, бо Пасха ж нашая, Хрыстос, быў абрэчаны.

Дзеля гэтага пачне́м сьвяткаваць не з старой кісьляй і ня з кісьляй зла і подступу, але з праснакамі чыстасьці і праўды.
 
Затым сьвяткуйма сьвята не із старой закісяй ані із закісяй злосьці а нягоднасьці, але з праснакамі шчырасьці а праўды.

Я пісаў вам у пасланьні ня злучацца з распусьнікамі;
 
Я пісаў вам у лісьце, не сябраваць ізь бязулямі;

ды не наагул з распусьнікамі гэтага сьве́ту, ці хабарнікамі, ці драпе́жнікамі, ці паклоньнікамі ідалаў: бо вам трэба было-б хіба выйсьці з гэтага сьве́ту; —
 
Не наагул ізь бязулямі гэтага сьвету, альбо з прагавітымі а дзярлівымі, альбо з балвахваламі, бо мусілі б выйсьці з гэтага сьвету;

але я пісаў вам ня злучацца, калі хто, называючыся братам, будзе распусьнікам, ці хабарнікам, ці ідалапаклоньнікам, ці зламоўным, ці п’яніцаю, ці драпе́жнікам; з гэтакім і ня е́сьці разам!
 
Але я пісаў вам не сябраваць із тым, хто, завучыся братам, застаецца бязулям, або прагавітым, або балвахвалам, або абмоўцам, або п’яніцам, або дзяруном, з таковым нават ня ежча разам.

Бо што́ мне́ судзіць тых, хто вонках? Ці ня тых, што пасярод, судзіце вы?
 
Бо што імне судзіць і навонных? Ці не нутраных вы судзіце?

Вонкавых жа судзіць Бог. Дык выкіньце распуснага спасярод вас.
 
Навонных жа судзе Бог. Выкіньце нягоднага з памеж сябе.