1 да Карынфянаў 7 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча
А аб чым вы пісалі да мяне́, дык добра чалаве́ку не дакранацца да жанчыны,
Што ж да тога, праз што вы пісалі, дык добра чалавеку не датыкацца жонкі.
але, з увагі на блуд, кожны няхай мае сваю жонку, і кожная няхай мае свайго мужа.
Але, каб усьцерагчыся бязулства, кажны май собскую жонку сваю, і кажная май собскага мужа свайго.
Муж няхай аказвае жонцы нале́жную любасьць; падобна-ж і жонка мужу.
Муж няхай аддаець належнае жонцы, падобна жонка мужу.
Жонка ня ўладная над сваім це́лам, але муж; гэтак сама й муж ня ўладны над сваім це́лам, але жонка.
Жонка ня мае ўлады над целам сваім, але муж; падобна й муж ня мае ўлады над целам сваім, але жонка.
Ня ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба па згодзе, на час, каб быць у пасьце́ і малітве, а потым ізноў будзьце разам, каб не спакушаў вас шатан праз няўстрыманасьць вашу.
Не спабывайце адно аднаго, хіба із згоды, на якісь час, каб пасьвяціцца да посту а малітвы, і ўзноў будзьце разам, каб шайтан не спакушаў вас зь нястачы самавалоданьня вашага.
Кажу-ж гэтае, як дазвол, а не як загад.
Кажу гэта, адылі, як дазвол, не як расказаньне.
Бо хачу, каб усе́ людзі былі, як і я, але кожны ма́е свой дар ад Бога, адзін так, другі гэтак.
Бо зычу, каб усі людзі былі, нават як я; але кажны мае свой дар ад Бога, адзін гэтак, другі гэнак.
Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра ім, калі астапуцца, як я;
Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра ім, калі б засталіся, як я.
але, калі ня ўзьдзе́ржацца, няхай жэняцца: бо лепей ажаніцца, чым распаляцца.
Але калі ня могуць валодаваць самы сабою, няхай жэняцца; бо валей жаніцца, чымся распаляцца.
Тым жа, што пажаніліся, ня я запаве́дываю, але Госпад: жонцы — не разлучацца з мужам,
А тым, што пабяруцца, ня я расказую, але Спадар: жонцы не разлучацца з мужам;
калі-ж разлучыцца, то няхай астае́цца бяз мужа, ці пагодзіцца з мужам сваім; і мужу — не пакідаць жонкі.
А калі разлучыцца, дык мае заставацца незамужняй або пагадзіцца з мужам сваім, і мужу не пакідаць жонкі.
Рэшце-ж кажу я, а ня Госпад: калі каторы брат ма́е жонку няве́руючую, і яна згаджаецца жыць з ім, то няхай ён не пакідаець яе́;
Іншым жа я кажу, а не Спадар: калі які брат мае жонку няверніцу, і яна згодная жыць ізь ім, няхай не пакідае яе;
і жонка, што ма́е няве́руючага мужа, і ён згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідаець яго;
І жонка, што мае мужа няверніка, і ён згодны жыць ізь ёю, няхай не пакідае яго;
бо няве́руючы муж асьвянчаецца ў жонцы, і жонка няве́руючая асьвянчаецца ў мужу; інакш дзе́ці вашыя былі-б нячыстыя, а цяпе́р яны сьвятыя.
Бо нявернік муж усьвячаецца жонкаю верніцаю, і жонка няверніца ўсьвячаецца мужам вернікам. Накш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер сьвятыя.
Калі-ж няве́руючы хоча разлучыцца, няхай разлучаецца; брат ці сястра ў гэтакіх выпадках не прыняволіваецца, бо да згоды паклікаў нас Госпад.
Калі ж нявернік хоча разлучыцца, хай разлучаецца; брат або сястра ў такіх прылучаёх не прыняволены, бо Бог пагукаў нас да супакою.
Чаму-ж бо ты ве́даеш, жонка, ці ня збавіш мужа? Або ты, муж, чаму ве́даеш, ці ня збавіш жонку?
Скуль ведаеш ты, жонка, ці не спасеш мужа? Або скуль ведаеш ты, мужу, ці не спасеш жонкі?
Толькі кожны няхай паступае так, як Бог яму празначыў, кожны, як Госпад паклікаў; і гэтак я загадваю па ўсіх цэрквах.
Толькі кажны рабі так, як Бог яму прызначыў, і кажны, як Спадар пагукаў. Гэтак я загадую па ўсіх цэрквах.
Пакліканы хто абрэзаным? Няхай не хаваецца. Пакліканы хто неабрэзаным? Не абрэзывайся.
Калі хто пагуканы абрэзаным, не хавайся; калі хто пагуканы неабрэзаным, не абразайся.
Абрэзаньне нішто і неабрэзаньне нішто, але выпаўне́ньне запаведзяў Божых.
Абразаньне нішто і неабразаньне нішто, але дзяржаньне расказаньняў Божых.
Кожны няхай астае́цца ў тым прызваньні, у якім пакліканы.
Хай кажны застаецца ў тым пагуканьню, у каторым пагуканы.
Рабом ты пакліканы? Не клапоцься. Але, калі можаш стацца вольным, скарыстай з ле́пшага.
Калі нявольнікам ты пагуканы, не парушайся гэтым; але калі можаш стаць вольным, дык валей карыстай з гэтага.
Бо раб, пакліканы ў Госпадзе, ёсьць вольны Госпада; гэтак сама і пакліканы вольным ёсьць раб Хрыстоў.
Бо нявольнік, пагуканы ў Спадару, завецца вольнік Спадароў; аднолькава й пагуканы вольным завецца нявольнік Хрыстоў.
Вы куплены (дарагою) цаною: не рабе́цеся рабамі людзе́й.
Вы куплены цаною; ня будзьце нявольнікамі людзкімі.
У якім прызваньні хто пакліканы, браты, у тым кожны хай астае́цца перад Богам.
Браты, няхай кажны, якім пагуканы, такім заставайся перад Богам.
Аб дзе́вах я ня маю загаду ад Госпада, але даю раду, як той, што атрымаў ад Госпада ласку быць яму ве́рным.
Узглядам дзявоцтва я ня маю расказаньня Спадаровага, але даю раду, як тый, катораму зь міласэрдзя Свайго даў Спадар быць верным.
Дык лічу за добрае дзеля цяпе́рашняе патрэбы, што добра чалаве́ку гэтак быць.
Я дапушчаю, што добра дзеля цяперашняе патрэбы, значыцца, добра чалавеку застацца так, як ён ёсьць.
Ты злучаны з жонкаю? Ня шукай разлукі. Ты вольны ад жаны? Ня шукай жонкі.
Злучаны ты із жонкаю? ня шукай вывальненьня. Вывальнены ад жонкі, ня шукай жонкі.
Калі-ж бы й ажаніўся, не саграшыў; і калі-б дзяўчына пайшла замуж, не саграшыла. Гэткія будуць ме́ць гора для це́ла; я-ж вас шкадую.
Калі, адылі, ажэнішся, ня ізгрэшыш; і калі дзеўка выйдзе замуж, ня ізгрэша. Але таковыя будуць мець атугу ў целе; а я вас жалею.
Але кажу вам тое, браты, што час ужо малы: каб і тыя, што маюць жанок, былі, як ня маюць;
Але гэта я вам кажу, браты: час засталы скарочаны, каб маючыя жонкі былі як ня маючыя;
і што плачуць, як ня плачучыя; і што радуюцца, як ня радыя; і што купляюць, як ня набываючыя;
І тыя, што плачуць, як ня плачучыя; і тыя, што цешацца, як тыя, што пя цешацца; і купляючыя, як не дзяржачыя;
і карыстаючыяся гэтым сьве́там, як не карыстаючыяся; бо праходзіць абраз гэтага сьве́ту.
І тыя, што ўжываюць сьвету гэтага, як ненадужываючыя; бо мінае абраз сьвету гэтага.
А я хачу, каб вы былі бесклапотнымі. Не́жанаты клапоціцца аб Гасподняе, як дагадзіць Госпаду,
А я зычу, каб вы былі бяз клопату. Нежанаты рупіцца праз справы Спадаровы, як падабацца Спадару;
а жанаты клапоціцца аб сьве́цкае, як дагадзіць жонцы.
А жанаты рупіцца праз справы сьвету, як падабацца жонцы.
Ёсьць розьніца між замужняй і незамужняй дзяўчынай: незамужняя клапоціцца аб Гасподняе, як дагадзіць Госпаду, каб быць сьвятою і це́лам і духам; замужняя клапоціцца аб сьве́цкае, як дагадзіць мужу.
Ё розьніца памеж замужкі й дзеўкі; незамужняя рупіцца праз справы Спадаровы, каб быць сьвятой целам і духам; а замужняя рупіцца праз справы сьвету, як падабацца мужу свайму.
кажу гэтае для вашай жа карысьці, ня з тым, каб накінуць на вас путы, але каб вы прыстойна і няспынна служылі Госпаду, не азіраючыся.
Кажу гэта дзеля вашае ж карысьці, не каб зрабіць абмежаньне вам, але дзеля таго, што гэта належа і каб служылі Спадару без адхінаньня.
Калі-ж хто ўважае за няпрыстойнае для свае́ дзяўчыны, каб яна, перацьвіўшы так і асталася, — дык няхай робіць, як хоча: не саграшыць; няхай ідуць замуж.
Але калі хто ўважае, што ня лець дзеўцы ягонай, каб яна, будучы ў цьвеце, заставалася так, дык няхай робе, што хоця, — ня ізгэша; хай выходзяць замуж.
Але, хто непарушна цьвёрды ў сэрцы сваім, і ня маючы над воляй свае́й, пастанавіў гэтак у сэрцы сваім, каб захаваць свае́ дзявоцтва, — той жа добра робіць.
Але хто стаіць цьверда ў сэрцу сваім, ня прысілены патрэбаю, але, маючы ўладу над воляю сваёй, пастанавіў у сэрцу сваім дзяржаць яе дзеўкаю, тый добра робе.
Дзеля гэтага, хто аддае́ замуж, добра робіць; а хто не́ аддае́, робіць ле́пей.
Затым, хто выдаець замуж дзеўку сваю, добра робе; а хто не выдаець, робе ляпей.
Жонка зьвязана законам, дакуль жыве́ яе́ муж; калі-ж муж яе́ памрэ, вольна выйсьці, за каго хоча, толькі ў Госпадзе.
Жонка зьвязана, пакуль жывы муж; калі ж муж ейны памрэць, вольная выйсьці за каго хоча, адно ў Спадару.
Але яна шчасьліве́йша, калі астане́цца так, як я раджу; а я думаю, што і я ма́ю Духа Божага.
Але яна шчасьліўшая, калі застанецца так, подле пагляду майго; а, думаю, і я маю Духа Божага.