1 да Карынфянаў 12 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Станкевіча
Адносна ж духовых (дароў), браты, ня хачу, каб вы ня ведалі.
Узглядам жа духоўных дароў, браты, не хачу, каб вы ня ведалі.
(Вы) ведаеце, што калі вы былí паганамі, то хадзілі да бязгалосых балваноў, быццам вялі вас.
Ведаеце, што, як вы былі пагане, дык хадзілі да бязмоўных балваноў, бы воджаныя.
Таму аб’яўляю вам, што ніхто, хто гаворыць Духам Божым, ня гаворыць анатэма на Ісуса, і ніхто ня можа назваць Ісуса Госпадам, акрамя як Духам Сьвятым.
Затым азнаймую вам, што ніхто, Духам Божым гукаючы, ня скажа: «Праклён на Ісуса!» і ніхто ня можа сказаць: «Спадар Ісус», хіба Духам Сьвятым.
Дары ёсьць розныя, але Дух (адзін і) Той Самы;
Дары ж розныя, але Дух тый самы;
і служэньні ёсьць розныя, але Госпад (адзін і) Той Самы;
І службы розныя, а Спадар тый самы;
і дзейнасьці ёсьць розныя, але Бог (адзін і) Той Самы, Які робіць усё ва ўсіх.
І дзеяньні розныя, а Бог тый самы, Каторы дзее ўсе ў вусіх.
Але кожнаму даецца выяўленьне Духа на карысьць.
Але кажнаму даецца выяўленьне Духа на карысьць:
(Таму) аднаму́ даецца Духам слова мудрасьці, другому ж слова веданьня тым жа самым Духам;
Аднаму даецца Духам слова мудрасьці, другому слова веды, тым жа Духам;
другому ж вера тым самым жа Духам, іншаму ж дары аздараўленьняў тым жа самым Духам;
Іншаму вера, тым жа Духам; а іншаму дары ўздараўленьня, тым адным Духам;
а іншаму чыніць цуды, іншаму ж прароцтва, іншаму ж распазнаваньне духаў, другому ж розныя мовы, іншаму ж тлумачэньне моваў.
А іншаму чыненьне магутнасьцяў, іншаму прароцтвы, іншаму адрозьненьне духоў, іншаму розныя мовы, іншаму зьясьненьне моваў.
Усё ж гэта чыніць адзін і Той Самы Дух, (раз)даючы кожнаму асобна, як Ён хоча.
Але ўсе гэта дзее адзін а тый самы Дух, удзяляючы апрычона кажнаму, подле замеру свайго.
Бо, як цела адно, але мае многа чэлясаў, а ўсе (гэтыя) чэлясы (належаць) аднаму целу, хоць іх і многа, (аднак) складаюць адно цела, — гэтак і Хрыстос.
Бо як цела адно, але мае шмат чаланоў, і ўсі чаланы адно цела, хоць шмат, але адно цела, — так і Хрыстос.
Таму і ўсе мы адным Духам у адно цела ахрышчаны, ці то жыды, ці элліны, ці то рабы ці вольныя, і ўсе (мы) адным Духам напоены.
Бо запраўды адным Духам хрысьціліся ўсі мы ў вадно цела, ці то Жыды ці то Грэкі, ці то нявольнікі ці то вольнікі; і ўсім даны піць адзін Дух.
Бо і цела ёсьць ня адзін чэляс, але многа (чэлясаў).
Бо запраўды цела не адзін чалон, але шмат.
Калі скажа нага: «я ня рука, таму я ня ад цела», дык няўжо таму яна ня ад цела?
Калі нага скажа: «Я ня часьць цела, бо я ня рука», дык нягож яна затым ня часьць цела?
І калі скажа вуха: «я ня вока, таму я ня ад цела», дык няўжо таму яно ня ад цела?
І калі вуха скажа: «Я ня вока, дык я ня часьць цела», дык нягож яно затым ня часьць цела?
Калі ўсё цела (ёсьць) вока, дык дзе слых? Калі ўсё — слых, тады дзе нюх?
Калі ўсе цела вока, дык ідзе чутасьць? Калі ўсе чутасьць, дык ідзе нюх?
Але цяпер Бог разьмясьціў чэлясы ў целе, кожнага зь паасобку, як захацеў.
Але Бог расклаў чаланы, кажны зь іх у целе, як Ён зычыў.
Калі б усе былі адным чэлясам, то дзе (тады) цела?
Калі б усі былі адзін чалон, дык ідзе цела?
Але цяпер чэлясаў многа, а цела адно.
Але цяпер чаланоў шмат, а цела адно.
Ня можа вока сказаць руцэ: «ты мне ня патрэбна», ці зноў (жа) — галава нагам: «вы мне ня патрэбны».
Ня можа вока сказаць руццэ: «Ты імне непатрэбняя»; альбо таксама галава нагам: «Вы імне непатрэбныя».
Але чэлясы цела, якія здаюцца слабейшымі, зьяўляюцца больш патрэбнымі.
Наадварот, чаланы цела, што здаюцца слабшыя, шмат патрабнейшыя.
І тыя (чэлясы), якія мы лічым менш пачэснымі ў целе, тым большай пашанай мы іх акружаем; і няпрыстойныя нашыя (чэлясы цела) маюць (яшчэ) большае ўшанаваньне.
А каторыя мы ўважаем за меней пачэсныя ў нашым целе, тыя акружаем большым збыткам, і нашы менш пачэсныя чаланы ў большым збытку прыгажосьць маюць;
А нашыя прыстойныя (у асаблівай пашане) ня маюць патрэбы, але Бог уладзіў (наша) цела (такім чынам), даўшы большую пашану тым чэлясам, што маюць патрэбу,
А нашы прыгожыя таго не патрабуюць. Але Бог так сумерна ўладзіў цела, даючы чэсьць у большым збытку патрабуючым сьці,
каб ня было ў целе супрацьстаяньня (чэлясаў), але каб аднолькава адзін аб адным чэлясы клапаціліся.
Каб ня было падзелу ў целе, але каб чаланы мелі тую самую рупнасьць адзін праз аднаго.
І калі паку́туе адзін чэляс, паку́туюць (зь ім) усе чэлясы; калі славіцца адзін чэляс, (то) зь ім радуюцца ўсе чэлясы.
І калі адзін чалон церпе, усі чаланы церпяць ізь ім; і калі адзін чалон славіцца, усі чаланы цешацца зь ім.
Вы ж ёсьць цела Хрыста, а паасобку — чэлясы.
І вы — цела Хрыстова, а паасобку — чаланы.
І адных Бог паставіў у царкве, па-першае Апосталамі, па-другое, прарокамі, па-трэйцяе, настаўнікамі; далей — сілы, далей дары аздараўленьняў, (дары) падтрымкі, (дары) кіраваньня, розныя мовы.
А іншых Бог пастанавіў у царкве, першае — апосталаў, другое — прарокаў, трэйцяе — вучыцеляў; адлі магутнасьці, тады дары ўздараўляньня, памогі, раджаньня, розныя мовы.
Ці ўсе Апосталы? ці ўсе прарокі? ці ўсе настаўнікі? ці ўсе сілы?
Ці ўсі апосталы? ці ўсі прарокі? ці ўсі вучыцелі? ці ўсі магутнасьці?
Ці ўсе маюць дары аздараўленьняў? ці ўсе гавораць (рознымі) мовамі? ці ўсе тлумачаць?
Ці ўсі маюць дары ўздараўленьня? ці ўсі гукаюць мовамі? ці ўсі зьясьняюць?
Рупцеся аб дарох большых, і я пакажу вам шлях найлепшы.
Але жадайце горача дароў большых; і яшчэ вышшыя дарогі пакажу вам.