1 да Карынфянаў 10 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Ня хачу ж, браты, каб вы ня ведалі, што ба́цькі нашыя ўсе пад воблакам былі, і ўсе прайшлі праз мора;
 
Не хачу ж, каб вы, браты, ня ведалі, што айцове нашы ўсі пад булаком былі і ўсі перайшлі пераз мора;

і ўсе ахрысьціліся ў Масея ў воблаку і ў моры;
 
І ўсі хрысьціліся ў Масея ў булаку і ў мору;

і ўсе елі тую ж самую духовую страву;
 
І ўсі елі тую самую духоўную ежу;

і ўсе пілí тое ж самае духовае пітво: бо пілí з духовай Скалы, (Якая) ішла разам зь імі. А Скала (тая) быў Хрыстос.
 
І ўсі пілі тый самы духоўны напітак, бо пілі з духоўнае скалы, што йшла за імі; скала ж была Хрыстое.

Але ня многіх зь іх упадабаў Бог, таму што яны былі панішчаны ў пустэльні.
 
Бог, адылі, не ўпадабаў бальшыні зь іх, бо яны расьцярушыліся па пустыні.

І гэтыя (яны) сталіся для нас папярэджаньнямі, каб мы ня былі пажа́длівымі на ліхое, як і яны былі пажа́длівымі.
 
Гэта ж сталася як праабразы нам, каб мы ня галіліся на благое, як запраўды пагаліліся яны.

Ня будзьце таксама і балванапаклоньнікамі, як нікаторыя зь іх, як напісана: «Сеў народ есьці і піць, і падняўся на гульбішча».
 
І ня будзьце балвахваламі, як некатрыя зь іх, як напісана: «Люд сеў есьці а піць, і ўстаў гуляць».

І ня робма блудадзейства, як нікаторыя зь іх зрабілі блудадзеяньні, і загінулі ў адзін дзень дваццаць тры тысячы.
 
І не бязульма, як некатрыя зь іх бязулілі, і за адзін дзень загінула іх дваццаць тры тыcячы.

І ня спакушайма Хрыста, як нікаторыя зь іх спакусілі і загінулі ад зьмеяў.
 
Ані спакушайма Хрыста, як некатрыя зь іх спакушалі, і загінулі ад гадаў.

І ня наракайце, як нікаторыя зь іх наракалі і загінулі ад зьнішчальніка.
 
Ані наракайце, як некатрыя зь іх наракалі, і загінулі ад згубцы.

Гэтыя ж усе (падзеі) адбыліся зь імі (як) прадзнакі; а для нас (гэта) напісана як папярэджаньне для тых, якія дасягнулі канцоў вякоў.
 
Гэта ж усе сталася ім, як праабразы, і напісана на навуку нам, каторых дасяглі апошнія вякі.

Так што хто думае, што ён стаіць, глядзі, каб ня ўпасьці.
 
Затым, хто думае, што ён стаіць, глядзі, каб не паваліцца.

Вас напаткала спакушэньне, ня большае як чалавечае; але верны Бог, Які ня дапусьціць вам быць спаку́шанымі больш таго, чым (вы) можаце (вытрымаць), але пры спакушэньні дасьць і выхад, каб вы маглі перанесьці.
 
Вас стрэла спакуса ня іншая, як людзкая; і верны Бог, Каторы не дапусьце вас спакушаць звыш магчымасьці вашае, але із спакусаю дасьць і палёгку, каб вы маглі вытрываць.

Таму, любасныя мае, ухіляйцеся ад балванапаклонства.
 
Дык, любовыя мае, уцякайце ад балвахвалства.

Кажу (вам) як разважлівым; разважце самі, пра што кажу.
 
Я кажу як разумным, разважча, што кажу.

Чара багаслаўленьня, якую багаслаўляем, ці ня ёсьць далучэньне да Крыві Хрыста? Хлеб, які ламаем, ці ня ёсьць далучэньне да Цела Хрыста?
 
Чара дабраславеньня, каторую дабраславім, ці ня ёсьць узаем’е крыві Хрыстовае? Хлеб, што ломім, ці ня ёсьць узаем’е цела Хрыстовага?

Так як хлеб адзін, (так і) мы многія ёсьць адно цела; таму што ўсе разьдзяляем паміж сабою адзін хлеб.
 
Бо адзін хлеб, адно цела шмат нас, бо ўсі мы ўчасьнікі аднаго хлеба.

Паглядзіце на Ізраэля паводля цела: тыя, што ядуць ахвяры, ці ня зьяўляюцца саўдзельнікамі (сьвятарамі) ахвярніка?
 
Гляньце на Ізраеля подле цела: тыя, што ядуць аброкі, ці ня ўчасьнікі аброчніка?

Дык што я кажу? Што балван чым-небудзь зьяўляецца, ці ахвяраванае балваном чым-небудзь зьяўляецца?
 
Што я кажу? Ці тое, што балван ё што-колечы, або абраканае балваном знача што-колечы?

(Кажу не) але што тыя, якія прыносяць ахвяры (балваном), (гэта значыць) пагане, прыносяць ахвяры дэманам, а ня Богу. А я ня хачу, каб вы рабіліся саўдзельнікамі дэманаў.
 
Але што абракаюць пагане, нячысьцікам абракаюць, а ня Богу. А я ня зычу, каб вы былі ў вузаем’ю зь нячысьцікамі.

Ня можаце піць чару Госпада і чару дэманаў; ня можаце браць удзел у запаветнай вячэры Госпада і ў застольлі дэманаў.
 
Ня можаце піць чары Спадаровае і чары нячысьцікавае, ня можаце быць учасыіікамі столу Спадаровага і столу нячысьцікавага.

Ці станем раздражняць Госпада? Мы ж ня дужэйшыя за Яго.
 
Ці будзем даводзіць Спадара да завісьці? Ці мы дужшыя за Яго?

Усё мне магчыма (выбраць), але ня ўсё карысна; усё мне магчыма (выбраць), але ня ўсё збудоўвае.
 
Усе дазволена, але ня ўсе карысна; усе дазволена, але ня ўсе будуе.

Ніхто ня шукай свайго, але кожны (шукай на карысьць) другога.
 
Ніхто ня шукай свайго, але кажны другога.

Усё, што на рынку прадаецца, ешце, нічога ня высьвятляючы дзеля (заспакаеньня) сумленьня,
 
Усе, што прадаецца ў мясных крамах, ежча бязь ніякага выпытаваньня дзеля сумленьня;

таму што Госпадава зямля і тое, што напаўняе яе.
 
Бо «зямля Спадарова, і ўся паўніня яе».

Калі ж хто зь няверучых кліча вас, і вы хочаце пайсьці, то ўсё, што вам прапануюць, ешце, нічога ня высьвятляючы дзеля (заспакаеньня) сумленьня.
 
Калі хто зь нявернікаў пазавець вас, і хочаце йсьці, усе, што пасулена вам, ежча бязь ніякага выпытаньня дзеля сумленьня.

Калі ж хто вам скажа: «гэта ахвяраванае балваном», — ня ешце дзеля таго, хто вам падказаў і дзеля сумленьня. Таму што Госпадава зямля і ўсё, што напаўняе яе.
 
Але калі хто скажа вам: «Гэта балваном абраканае»; дык ня ежча дзеля таго, хто азнайміў вам, і дзеля сумленьня. (Бо зямля Спадарова, і паўніня яе).

Сумленьне ж маю на ўвазе ня сваё, але другога: бо для чаго мая свабода мае быць судзімай чужым сумленьнем?
 
Сумленьне ж разумею не твае, але таго другога; бо чаму мая свабода была б суджана чужым сумленьням?

І калі я з удзячнасьцю ем (нешта), дык чаму мяне ганьбаваць (за тое), за што я дзякую?
 
Калі я з падзякаю спажываю, то нашто ганіць мяне за тое, за што я дзякую?

Пагэтаму, ці ясьце вы, ці п’яце, ці што-небудзь (іншае) робіце, усё рабіце на славу Бога.
 
Дык ці ясьце, ці п’іце, ці што іншае робіце, усе рабіце на славу Божую.

Ня будзьце спакусай і для жыдоў, і для эллінаў, і для царквы Бога,
 
Ня будзьце спадманою Жыдом, ані Грэкам, ані царкве Божай,

так як і я ва ўсім дагаджаю ўсім, ня шукаючы карысьці для сябе, але (карысьці) для многіх, каб (і яны) былі збаўлены.
 
Як я гаджу ўсім у вусім, шукаючы карысьці не свае, але шмат чые, каб спасьліся.