1 да Карынфянаў 2 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І я, прыйшоўшы да вас, браты, прыйшоў (каб) ня ў высокаўзьнёсласьці слова, альбо мудрасьці абвяшчаць вам сьведчаньне Бога,
 
І я, прыходзячы да вас, браты, прыходзіў ня з выборнай моваю або мудрасьцяй, абяшчаючы вам сьветчаньне Божае,

бо я разважыў ня ведаць сярод вас нічога, акрамя Ісуса Хрыста, і Таго ўкрыжаванага;
 
Бо я пастанавіў быць у вас няведаючым нічога, апрача Ісуса Хрыста, дый укрыжаванага;

і я быў у вас у немачы і ў страху, і ў вялікім трымценьні.
 
І быў я ў вас у млявасьці а ў страху а ў вялікай дрыгоце.

І слова маё і навучаньне маё ня ў пераканаўчых словах чалавечай мудрасьці, але ў выяўленьні Духа і сілы,
 
І слова мае, і казань мая не ў пераконуючых словах мудрасьці, але ў паказе Духа а сілы,

каб вера вашая была (абгрунтаваная) ня на чалавечай мудрасьці, але на сіле Бога.
 
Каб вера вашая стаяла не на мудрасьці людзкой, але на сіле Божай.

Мудрасьць жа мы апавяшчаем сярод дасканалых: мудрасьць жа ня веку гэтага і ня ўладаў веку гэтага зьнішчаемых,
 
Мудрасьць жа гукаем памеж дасканальных, але мудрасьць ня гэтага веку ані князёў гэтага веку мінучых;

але апавяшчаем мудрасьць Бога, у тайне ўкрытую, якую Бог прадугледзіў для славы нашай перш (усіх) вякоў,
 
Але гукаем мудрасьць Божую, тайную, каторую Бог наканаваў перад вякамі да славы нашае,

якую ніхто з уладаў веку гэтага ня пазнаў; бо калі б пазналі (яе, то) ня раскрыжавалі б Госпада славы.
 
Каторай ніхто з князёў гэтага веку не пазнаў; бо, калі б пазналі, не ўкрыжавалі б Спадара славы.

Але як напісана: «ня бачыла вока, і ня чула вуха, і на сэрца чалавека ня прыходзіла тое, што прыгатаваў Бог тым, хто любіць Яго».
 
Але, як напісана: «Ня бачыла таго вока, і ня чула вуха, і ня прыходзіла тое на сэрца людзіне, як шмат прыгатаваў Бог тым, што мілуюць Яго».

Нам жа Бог адкрыў (гэта) праз Духа Свайго; бо Дух усё дасьле́дуе, і глыбіні Бога.
 
А нам Бог аб’явіў Духам, бо Дух усе дасьлядуе, нават глыбіні Божыя.

Бо хто ведае зь людзей, што ў чалавеку, акрамя духа чалавека, які ў ім? Так і таго, што ў Бога, ніхто ня ведае, акрамя Духа Божага.
 
Бо хто зь людзёў ведае, што ёсьць у чалавеку, апрача духа людзкога, каторы ў ім? Так і Божага ніхто ня ведае, апрача Духа Божага.

Мы ж прынялі ня духа сьвету гэтага, але Духа, Які ад Бога, каб ведаць, што дарована нам ад Бога,
 
Але мы прынялі ня духа сьвету гэтага, але Духа ад Бога, каб ведаць, чым Бог дараваў нас,

што і абвяшчаем ня вучонымі словамі чалавечай мудрасьці, але навучаныя Духам Сьвятым, духовыя (дары) тлумачым (словамі) духовымі (натхнёнымі Духам Сьвятым).
 
Што й гукаем ня людзкой мудрасьцяй навучанымі словамі, але навучаныя Духам, раўнуючы духоўнае да духоўнага.

Душэўны ж чалавек ня прымае таго, што ад Духа Божага, таму што гэта для яго дурнота, і зразумець (гэта) ён ня можа, таму што разумеецца (гэта) духова.
 
Але душэўная людзіна ня прыймае таго, што ад Духа Божага, бо яно дурнота яму; і ня можа цяміць, бо яно духоўна адрозьнюецца.

Духовы (чалавек) судзіць аб усіх; сам жа нікім ня (можа быць) асуджаным.
 
Але духоўны адрозьнюе ўсе, сам жа не адрозьнюецца нікім.

Бо хто пазнаў Розум Госпада, хто будзе раіць Яму? А мы маем розум (ад) Хрыста.
 
«Бо хто пазнаў розум Спадароў, хто Яго вучыць будзе?» Але мы маем розум Хрыстоў.