1 да Карынфянаў 2 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Я прыйшоў да вас, браты, не для таго, каб абвяшчаць вам Божую таямніцу ўзнёслым словам ці мудрасцю.
 
І я, прыходзячы да вас, браты, прыходзіў ня з выборнай моваю або мудрасьцяй, абяшчаючы вам сьветчаньне Божае,

Бо я вырашыў не ведаць нічога між вас, апроч Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага.
 
Бо я пастанавіў быць у вас няведаючым нічога, апрача Ісуса Хрыста, дый укрыжаванага;

Я стаў перад вамі ў слабасці, у страху і ў вялікім трымценні.
 
І быў я ў вас у млявасьці а ў страху а ў вялікай дрыгоце.

А маё слова і прапаведаванне не ў пераканаўчых словах мудрасці, а ў праяўленні Духа і моцы,
 
І слова мае, і казань мая не ў пераконуючых словах мудрасьці, але ў паказе Духа а сілы,

каб вера вашая грунтавалася не на чалавечай мудрасці, а на моцы Божай.
 
Каб вера вашая стаяла не на мудрасьці людзкой, але на сіле Божай.

Мы абвяшчаем мудрасць сярод дасканалых, а не мудрасць гэтага свету ці знікомых князёў гэтага свету.
 
Мудрасьць жа гукаем памеж дасканальных, але мудрасьць ня гэтага веку ані князёў гэтага веку мінучых;

Абвяшчаем мудрасць Божую, схаваную ў таямніцы, якую Бог прадвызначыў перад вякамі для нашай славы.
 
Але гукаем мудрасьць Божую, тайную, каторую Бог наканаваў перад вякамі да славы нашае,

Ніхто з князёў гэтага свету не пазнаў яе, бо калі б пазналі, не ўкрыжавалі б Пана славы.
 
Каторай ніхто з князёў гэтага веку не пазнаў; бо, калі б пазналі, не ўкрыжавалі б Спадара славы.

Але, як напісана: «Чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго».
 
Але, як напісана: «Ня бачыла таго вока, і ня чула вуха, і ня прыходзіла тое на сэрца людзіне, як шмат прыгатаваў Бог тым, што мілуюць Яго».

Нам жа Бог адкрыў праз Духа, бо Дух пранікае ва ўсё, таксама ў глыбіні Божыя.
 
А нам Бог аб’явіў Духам, бо Дух усе дасьлядуе, нават глыбіні Божыя.

Бо хто з людзей ведае чалавечае, акрамя духа чалавека, які ў ім самім? Так і Божага не ведае ніхто, акрамя Духа Божага.
 
Бо хто зь людзёў ведае, што ёсьць у чалавеку, апрача духа людзкога, каторы ў ім? Так і Божага ніхто ня ведае, апрача Духа Божага.

Мы ж прынялі не духа свету, але Духа ад Бога, каб ведаць тое, што нам падаравана Богам.
 
Але мы прынялі ня духа сьвету гэтага, але Духа ад Бога, каб ведаць, чым Бог дараваў нас,

І мы гаворым пра гэта, навучаныя не словамі чалавечай мудрасці, але навучаныя Духам, і тлумачым духоўнае пры дапамозе духоўнага.
 
Што й гукаем ня людзкой мудрасьцяй навучанымі словамі, але навучаныя Духам, раўнуючы духоўнае да духоўнага.

Цялесны ж чалавек не прымае таго, што ад Духа Божага. Бо гэта для яго глупства, і ён не можа спазнаць, таму што гэта разумеюць духоўна.
 
Але душэўная людзіна ня прыймае таго, што ад Духа Божага, бо яно дурнота яму; і ня можа цяміць, бо яно духоўна адрозьнюецца.

А духоўны чалавек можа разважаць пра ўсё, пра яго ж не можа разважаць ніхто.
 
Але духоўны адрозьнюе ўсе, сам жа не адрозьнюецца нікім.

Бо хто пазнаў дух Пана, каб павучаць Яго? Мы ж маем дух Хрыстовы.
 
«Бо хто пазнаў розум Спадароў, хто Яго вучыць будзе?» Але мы маем розум Хрыстоў.